Яшчэ раз пра школьную форму

- 14:40Нам пішуць

Вучні мінулых гадоў часта з цеплынёй успамінаюць савецкую школьную форму. Мае сучасніцы таксама цікавяцца карычневай сукенкай з белым фартухам — многія апранаюць яго на святочную лінейку, прысвечаную апошняму званку. Але ж калісьці гэтая форма выклікала незадаволенасць і пратэст тых, каму насіць яе было абавязкова. Я паспрабавала разабрацца, чаму вучні не жадаюць насіць школьную форму.

У школе мы правялі апытанне: задалі 707 вучням і 63 педагогам пытанне “Як вы ставіцеся да адзінай школьнай формы? Ці варта ўводзіць адзіны стыль?”. За ўвядзенне школьнай формы прагаласавала 357 вучняў і педагогаў супраць — 352, яшчэ 61 чалавек устрымаўся.

Меркаванні падзяліліся амаль пароўну, і зразумець можна абодва бакі. Прыхільнікі школьнай формы прыводзяць у прыклад традыцыю замежных школ, дзе па вопратцы можна пазнаць, у якой навучальнай установе вучыцца дзіця. Гэта фарміруе гордасць за сваю школу, пачуццё еднасці.

Школьная форма сцірае межы паміж сацыяльнымі слаямі. Калі брэндавыя джынсы нельга насіць у школу, вучня не пакрыўдзяць з-за таго, што яго сям’я не можа сабе дазволіць дарагую вопратку.

Нарэшце, форма дапамагае прывучаць да дысцыпліны, выхоўвае звычку да афіцыяльнага стылю адзення, якая многім спатрэбіцца ў будучыні.

У праціўнікаў школьнай формы свае доказы. Не ўсе адчуваюць сябе камфортна ў такой вопратцы. Аднолькавае адзенне робіць усіх безаблічнымі, не пакідае магчымасці выразіць сябе. А гэта асабліва важна для старшакласнікаў. На мой погляд, гэту праблему лёгка вырашыць, калі прапанаваць вучням не толькі чорныя і белыя, але і больш разнастайныя камплекты. Напрыклад, я заўважыла, што беларускія дызайнеры ў мінулым годзе прадставілі даволі яскравыя і адметныя ўзоры.

Такім чынам, у кожнага свае меркаванне наконт школьнай формы. Я ўпэўнена, што яна павінна быць абавязковая. А сваю крэатыўнасць у знешнім выглядзе можна праявіць у вольны час.

Алеся ЧАЧУРА,
вучаніца Старобінскай сярэдняй школы Салігорскага раёна.