Яшчэ раз пра сям’ю

- 15:23Нам пішуць

Выхаваць падрастаючае пакаленне — нялёгкая і адказная праца. Задача кожнага класнага кіраўніка — арганізаваць сваю работу такім чынам, каб кожная гадзіна зносін з дзецьмі стала маленькай цаглінкай у будаўніцтве вялікага дома — асобы вучня, каб гэтая класная гадзіна запомнілася назаўсёды. Менавіта таму ўбачыць новага і цікавага госця на ўроку заўсёды прыемна і карысна.

Чарговы раз да вучняў 8 “В” класа сярэдняй школы № 7 г. Смаргоні ў госці прыйшоў святар айцец Аляксандр Дзяшук з лекцыяй-гутаркай “Пра сям’ю”. І сямікласнікі так захапіліся гэтай лекцыяй, а таксама гутаркай і трэнінгам, што з радасцю затрымаліся нават на перапынку.

Аляксандр Дзяшук расказаў аб праблемах сямейных узаемаадносін, адносін дзяцей і бацькоў, закрануў іншыя сацыяльныя праблемы.

Сямейнае выхаванне немагчыма без духоўна-маральнага выхавання. Многія вучні ўжо ў 7 класе гэта разумеюць, таму падчас сустрэчы наперабой задавалі святару пытанні маральнага характару. Незвычайна цікавым аказаўся трэнінг бацюшкі на выяўленне лідарскіх якасцяў кожнага навучэнца. Акрамя таго, дзеці змаглі адчуць сябе больш свабодна і крыху расказаць пра сябе і свае праблемы.

Класныя гадзіны падобнага роду настолькі эфектыўныя, што дзецям хочацца запрашаць святара зноў і зноў. Больш за тое, айцец Аляксандр прапанаваў і іншым класам праводзіць такія ўрокі, якія дапамагаюць дзецям не толькі атрымаць дадатковую інфармацыю аб навакольнай рэальнасці, але і раскрыць сябе, паверыць у дабро і справядлівасць.

Людміла ЗАХАРЭВІЧ,
класны кіраўнік 8 “В” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні.