Яшчэ студэнты, а ўжо прадпрымальнікі

- 11:29Навіны рэгіёнаў

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце падведзены вынікі IV штогадовага агульнаўніверсітэцкага конкурсу бізнес-праектаў “Мой стартап”. Ён быў арганізаваны бізнес-школай “Стартап-ГДУ”.

35 студэнтаў установы сёлета сталі яго ўдзельнікамі. На працягу сямі месяцаў раз на два тыдні ментары праводзілі стартап-семінары, мітапы, воркшопы, майстар-класы, каб сарыентаваць маладых людзей на сучасным рынку паслуг, дапамагчы ім разабрацца ў заканадаўчых тонкасцях вядзення бізнесу, вызначыць нішу ў бізнесе. Са студэнтамі працавалі прадпрымальнікі, псіхолагі-кансультанты, арт-тэрапеўты, менеджары праектаў… У журы конкурсу, акрамя ментараў, уваходзіў і начальнік навукова-даследчага сектара ГДУ Руслан Бародзіч.

Фіналіст Максім Тамкоў, студэнт 1 курса геолага-геа­графічнага факультэта, за перыяд удзелу ў конкурсе змог зарабіць суму, дастатковую для аплаты свайго навучання ў наступным навучальным годзе. Ён уключыўся ў работу па продажы цюльпанаў да 8 Сакавіка ў Жлобіне. Фіналіст Міхаіл Цуканаў, студэнт 4 курса факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання, адкрыў кампанію па арганізацыі маркетынгу ў сацыяльных сетках (SMM).

Самым лепшым быў прызнаны праект “Б’юці-каворкінг” студэнта 4 курса юрыдычнага факультэта Ягора Кустава. Ён атрымаў званне “Студэнт-прадпрымальнік № 1 ГДУ” і Кубак пераможца. Заснаванне ўласнай справы практычна супала з пачаткам пандэміі каранавіруса, што для прадпрымальніка без вопыту стала дадатковым выпрабаваннем. Летась у снежні юнак аформіўся як індывідуальны прадпрымальнік, у лютым запусціў бізнес.

— Цяжкасцей хапае — гэта не толькі пандэмія, але і неабходнасць шукаць майстроў. Але задавальнення ад вядзення ўласнай справы ў 21 год значна больш, — гаворыць Ягор. — З’явілася класнае захапленне, якое можа нешта прынесці.

Напрамак Ягора — сфера прыгажосці. Ён прапаноўвае майстрам зручную і добра абсталяваную пляцоўку, куда яны прыводзяць сваіх кліентаў на стрыжкі, візаж, манікюр, нарошчванне веек. Тэрмін акупнасці праекта — каля 2 гадоў. Кіраўніцтва бізнес-школы таксама натхняецца вынікамі работы сваіх выпускнікоў і запрашае новых удзельнікаў.

— Школа, безумоўна, будзе працягваць сваю работу. Я ўпэўнены, што ў наступным годзе будзе яшчэ больш удзельнікаў. Задача — каб кожны са студэнтаў зрабіў свой крок у прадпрымальніцтва, — адзначае дырэктар бізнес-школы “Стартап-ГДУ” Сяргей Азяўчыкаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.