Яскравы адпачынак у “Эдэльвейсе”

- 13:12Навіны рэгіёнаў

Лета ў Касцюковіцкім раённым цэнтры дзіцячай творчасці — актыўная пара. У навучальнай установе не толькі працягваюць функцыянаваць аб’яднанні па інтарэсах, але і праводзяцца розныя тэматычныя мерапрыемствы, а яшчэ — арганізуецца адпачынак у турыстычным палатачным лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Эдэльвейс”.

—Лагер “Эдэльвейс” функцыянуе ўжо больш за 15 гадоў. Жадаючых адпачыць, як сапраўдныя турысты, заўсёды многа. Сёлета за дзве змены ў нас аздаравіліся 70 хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго раёна, — расказаў дырэктар лагера Віталь Дацко.

На працягу дзевяці дзён выхаванцы кожнай змены жылі ў палатках і далучаліся да турыстычных будняў. Падлеткі самі займаліся арганізацыяй побыту, вырашэннем розных пытанняў. Усё гэта накіравана на тое, каб школьнікі станавіліся больш самастойнымі і дысцыплінаванымі.

Кожны дзень адпачынку ў “Эдэльвейсе” быў насычаны падзеямі. Тут для дзяцей праходзілі разнастайныя гульні, спаборніцтвы, конкурсы, творчыя вечары. Да іх у госці прыязджалі прадстаўнікі розных службаў і ведамстваў. Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся навыкам пешаходнага турызму ў рамках рэалізацыі праграмы “Юныя турысты”.

— Наш лагер размяшчаўся ў лесе ля вёскі Бялынкавічы. Побач працякае рака Бесядзь. Штодня мы з выхаванцамі ажыццяўлялі невялікія пешыя паходы ўздоўж яе маляўнічых берагоў, па лясным масіве. Акрамя таго, побач з лагерам была наладжана турыстычная паласа перашкод. Гэта дазволіла дзецям за кароткі час авалодаць асновамі пешаходнага турызму, — паведаміў Віталь Аляксандравіч.

Яднанне з прыродай, насычаныя падзеямі дні, новыя знаёмствы і сябры — адпачынак у “Эдэльвейсе” запамінаецца дзецям надоўга, таму тыя, хто тут пабываў, заўсёды імкнуцца трапіць у гэты летнік яшчэ раз.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Касцюковіцкім раённым цэнтрам дзіцячай творчасці.