Ясны погляд на сацыяльныя праблемы

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны прайшоў III Міжнародны маладзёжны фестываль сацыяльнай рэкламы “Ясны погляд”. У ім прымалі ўдзел студэнцкія каманды з 20 універсітэтаў Беларусі, Украіны і Расіі. Напрыканцы мерапрыемства інтэрнацыянальнае журы, у склад якога ўвайшлі беларускія, расійскія, амерыканскія даследчыкі і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, вызначыла лепшыя відэаролікі і постары, назвала пераможцаў творчага конкурсу, адзначыла лідараў у намінацыях.

Міжнародны маладзёжны фестываль сацыяльнай рэкламы стаў вынікам супрацоўніцтва ГДУ імя Францыска Скарыны і Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта. Першы раз фестываль ладзіўся на расійскай зямлі, другім разам прайшоў у горадзе над Сожам. І сёлета зноў у вядучым універсітэце Гомельшчыны сабралася ініцыятыўная таленавітая моладзь: юнакі і дзяўчаты шукалі і прадстаўлялі новыя арыгінальныя рашэнні сацыяльна значных праблем.

Усяго на конкурс было даслана 65 работ, у фінал трапілі 35 (15 відэаролікаў і 20 плакатаў). Работы канкурсантаў адлюстроўвалі іх уласны погляд на праблемы сямейных узаемаадносін, экалогіі, псіхалогіі, сіроцтва, інваліднасці, залежнасці ад сацыяльных сетак.

“Студэнты прапаноўвалі свае спосабы вырашэння сацыяльна-эканамічных і духоўна-маральных праблем сучаснага грамадства. Разам з тым адбывалася развіццё іх асобасных якасцей, уменне працаваць у камандзе, — адзначыла адказны арганізатар фестывалю загадчык кафедры англійскай мовы ГДУ Таццяна Пачынак. — Мы імкнуліся выхаваць у моладзі пачуццё патрыятызму, талерантнасці, міласэрнасці, і, спадзяёмся, гэта атрымалася”.

Сацыяльная рэклама — спроба ў сціснутым фармаце адлюстраваць вечныя, важныя, агульначалавечыя каштоўнасці. Галоўны навуковы су-працоўнік лабараторыі міжнародных праектаў Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта Дана Барташ падкрэсліла таленавітасць сучаснай моладзі: “У іх вельмі многа арыгінальных ідэй, яны сапраўды жадаюць змяніць нешта ў свеце да лепшага, іх меркаванні пра негатыўныя з’явы гучаць па-новаму. Студэнцкі ясны погляд дазволіў і нам, старэйшаму пакаленню, паглядзець на праблемы з іншага боку і павучыцца ў моладзі шчыраму жаданню зрабіць жыццё больш гуманным і шчаслівым”.

Асаблівасцю сёлетняга фестывалю стаў удзел у ім прафесара Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Сэма Х’юстана (штат Тэхас, ЗША) Уільяма Эдзінгтана, які правёў тэматычны семінар. Студэнты мелі магчымасць з першых вуснаў даведацца, як арганізавана амерыканская сістэма вышэйшай адукацыі, як жывуць і пра што мараць іх аднагодкі за акіянам. А прафесар Эдзінгтан прызнаўся, што яму вельмі спадабалася Беларусь.

Адметнай падзеяй трохдзённых спаборніцтваў стала каманднае творчае заданне, якое атрымалі юнакі і дзяўчаты напярэдадні фінальнага дня. Неабходна было стварыць кароткія відэаролікі, якія б адлюстроўвалі іх погляд на Гомель. На распрацоўку ідэі, здымкі, мантаж і падрыхтоўку прэзентацыі — менш за суткі.

Удзельнікі фестывалю з энтузіязмам узяліся за справу: даследавалі чыстыя, прыгожыя вуліцы абласнога цэнтра, пазнаёміліся з мясцовымі жыхарамі, адчулі пазітыўную энергетыку і цёплую атмасферу горада над Сожам… Пераможцам у гэтым конкурсе стаў відэаролік зборнай каманды “Суперсямейка” пад назвай “Горад, які нас аб’яднаў”.

“Маладыя людзі імкнуліся знайсці нешта незвычайнае, звязанае з Гомелем, гістарычныя, культурныя факты. І мы ўбачылі горад сучасным, поўным магчымасцей і свежага паветра, — падзялілася ўражаннямі сустаршыня аргкамітэта фестывалю загадчык лабараторыі міжнародных праектаў Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта Кацярына Кабахідзэ.

У фінальны дзень гучала шмат цёплых, шчырых слоў. Перад студэнтамі з трох краін выступіў старшыня інтэрнацыянальнага журы рэктар ГДУ імя Францыска Скарыны Сяргей Хахомаў, які падзякаваў ім за актыўную жыццёвую пазіцыю, неабыякавасць і імкненне рабіць добрыя справы. Члены журы агучылі вынікі.

1-е месца атрымалі відэаролік пра дзяцей-сірот “Анёлы сярод нас” студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і постар “Збяры сваё жыццё сам” каманды Маскоўскага ўніверсітэта імя С.Ю.Вітэ. На 2-м месцы апынуліся ролік “Дзякуем за Перамогу” навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і плакат “Давязі да кантэйнера” студэнтаў Маскоўскага ўніверсітэта імя С.Ю.Вітэ. 3-е месца журы прысудзіла відэа “Мова гучыць” каманды Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава і постару “На што ты марнуеш жыццё” студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Шэраг работ сталі пераможцамі ў асобных намінацыях.

Усе канкурсанты прадэманстравалі крэатыўныя падыходы і выключна ясны погляд на рэчаіснасць. А галоўнае — яны зрабілі сацыяльныя праекты, здольныя крануць розумы і сэрцы людзей.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *