Фарміраваць асобу, усебакова развіваць, быць для кожнага малыша правадніком у свет ведаў — галоўныя мэты выхавальніцы дзіцячага сада № 1 Кіраўска Яўгеніі Гукавай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
За плячыма Яўгеніі Юр’еўны ўсяго год працоўнага стажу. За гэты час, пераадолеўшы шэраг складанасцей, малады спецыяліст пераканалася: прафесійную дарогу яна выбрала правільна.
— У дашкольную адукацыю пайшла па поклічы сэрца. Мне заўсёды падабалася забаўляць маленькіх дзяцей. Паўплывалі на выбар і мае выхавальнікі, якіх успамінаю з цеплынёй, — падзялілася Яўгенія Гукава.
Свае памкненні яна рэалізавала, асвоіўшы адпаведную спецыяльнасць у Бабруйскім дзяржаўным каледжы імя А.Я.Ларына. Калі атрымала дыплом, вярнулася ў родны раён.
— Дакладна памятаю тое хваляванне, з якім рыхтавалася да першага працоўнага дня. У галаве было мноства пытанняў: ці атрымаецца знайсці падыход да дзетак, як складуцца адносіны з бацькамі, ці хопіць уменняў, каб якасна арганізаваць выхаваўчы працэс? Аднак усе перажыванні развеяліся, ледзь пераступіла парог нашага дзіцячага сада. Удалося даволі хутка знайсці кантакт з малышамі. У астатнім дапамагло кіраўніцтва ўстановы і калегі. Істотную падтрымку аказваюць раённыя метадысты. Усё гэта спрыяе майму прафесійнаму станаўленню, — паведаміла Яўгенія Гукава.
Сёння Яўгенія Юр’еўна працуе ў сярэдняй групе, у якой 16 хлопчыкаў і дзяўчынак.
— Усе дзеці розныя. Стараюся падабраць ключык да кожнага выхаванца, улічыць яго настрой і адметнасці. Дзіцячы сад — другі дом для малых, таму для мяне важна напоўніць іх знаходжанне тут яркімі эмоцыямі і ўражаннямі, — расказала выхавальніца.
Па яе меркаванні, сучасны выхавальнік павінен быць не проста педагогам, але і псіхолагам, артыстам, сцэнарыстам. А яшчэ творчым, неабыякавым чалавекам, сапраўдным сябрам для дзяцей.
— Каб раскрыць асобасны патэнцыял малыша, педагогу трэба самому быць асобай. Бо выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт, сфарміраваць здаровы лад жыцця магчыма толькі тады, калі сам яго прытрымліваешся. І так ва ўсім. З дзецьмі трэба быць шчырым, яны тонка адчуваюць фальш, — упэўнена Яўгенія Гукава.
Вялікую ўвагу яна ўдзяляе рабоце з бацькамі.
— Разумею, што аднолькавых сем’яў не бывае. Супрацоўніцтва наладжваю, зыходзячы з гэтага. Актыўна прыцягваю мам і татаў да ўдзелу ў мерапрыемствах дашкольнай установы, займаюся педагагічнай асветай бацькоў. Тлумачу, што выхаванне — наша ўзаемная адказнасць. Для карысці дзяцей мы павінны быць камандай, прытрымлівацца адзіных прынцыпаў і перакананняў, — адзначыла Яўгенія Гукава.
Малады спецыяліст бесперапынна павышае педагагічнае майстэрства. Гэта ўжо заўважылі на раённым узроўні. Летась дзяўчына была прызнана лепшай у конкурсе сярод маладых спецыялістаў.
— У цяперашніх рэаліях для педагога як ніколі актуальны пастаянны пошук новых прыёмаў, метадаў і тэхналогій, таму ў планах — працягваць прафесійна развівацца, — запэўніла Яўгенія Гукава. — Хочацца выпускаць сваіх выхаванцаў з дзіцячага сада гарманічна развітымі і поўнасцю гатовымі да навучання ў школе.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара