“Ёлка жаданняў” для дзіцячых мар

У рамках рэспубліканскай акцыі БРСМ і БРПА “Цуды на Каляды” на Брэстчыне 5 гадоў рэалізоўваецца дабрачынны праект “Ёлка жаданняў”. Сёлета яго ўдзельнікамі сталі 35 чалавек ва ўзросце ад 8 да 23 гадоў, якія змагаюцца з цяжкімі захворваннямі, мужна пераадольваюць шматлікія выпрабаванні і жывуць надзеяй на лепшае.

— У снежні хлопчыкі і дзяўчынкі напісалі Дзеду Марозу пісьмы са сваімі жаданнямі, — расказаў першы сакратар Брэсцкага абкама БРСМ Ю.С.Сегенюк. — Гэтыя пісьмы былі пакладзены ў чырвоныя рукавічкі, якія ўпрыгожылі навагоднюю ёлку ў Брэсцкім тэатры лялек. Дзеці пісалі пра творчыя захапленні, выказвалі шкадаванні, што з-за хваробы вымушаны шмат часу праводзіць у бальніцы і дома. Усіх аб’ядноўвала адна мара — мець як мага больш сяброў. На дапамогу прыйшлі сучасныя гаджэты, якія сталі цудоўным падарункам для тых, хто хацеў наладзіць зносіны з сябрамі ў сацыяльных сетках. Але гаджэтамі падарункі не абмежаваліся. Сярод іх — спартыўнае абсталяванне, швейная машынка, разумны гадзіннік, акустычныя сістэмы, наборы для малявання, самакат, веласіпед, энцыклапедыі пра танкі і для дзяўчынак, камп’ютарная клавіятура для людзей з парушэннем каардынацыі рухаў, графічны планшэт, гаворачы танометр… Кожны атрымаў тое, што пажадаў у пісьме.

Арганізатары праекта выказваюць вялікую падзяку ведамствам і арганізацыям, якія дапамаглі ажыццявіць навагоднія мары дзяцей: галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, упраўленню Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі па Брэсцкай вобласці, Брэсцкаму тэатру лялек, сярэднім школам №№ 17 і 18 Брэста, Брэсцкай мытні, Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста, Брэсцкаму абласному аддзяленню Беларускага фонду міру, дабрачыннаму фонду “Сэрца анёла”, прадстаўніцтву Белдзяржстраха па Брэсце, Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы, Брэсцкаму лікёра-гарэлачнаму заводу “Белалка”, РУП “Беларуснафта”, Брэсцкаму вагоннаму дэпо, ААТ “Астрамечава”, ААТ “СГЦ “Заходні”, ААТ “Маладая гвардыя”, ААТ “Чарнаўчыцы”, Брэсцкаму лясгасу і ААТ “Савушкін прадукт”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.