Ён — пісьменнік, яна — спявачка

- 13:29Людзі адукацыі

У БДУ добра ведаюць сям’ю Наумовіч — дацэнта, кандыдата філалагічных навук, эксперта гісторыі беларускай літаратуры Уладзіміра Наумовіча і яго жонку Людмілу Наумовіч, былога вядучага інжынера і кіраўніка аддзела патэнцкай і вынаходніцкай работы навукова-даследчай часткі БДУ, а сёння салістку хору супрацоўнікаў універсітэта “Родніца”, а таксама іх дзяцей і ўнукаў.

Наумовічы ў БДУ навідавоку

Тое, як добра Уладзімір Наумовіч чытае на публіцы вершы, могуць засведчыць усе ўдзельнікі паэтычных вечарын у БДУ. Здаецца, што беларускае слова льецца з яго душы. Нават галасавыя звязкі Уладзіміра Аляксандравіча настроены на мілагучнасць, поўнагалоссе, шырыню і непаўторнасць роднай мовы.
Сёння кожны студэнт можа пачуць паэтычны голас Уладзіміра Наумовіча, завітаўшы да яго на заняткі. Уладзімір Аляксандравіч цудоўны лектар. Ён заходзіць у шумную аўдыторыю, якая занята сваімі справамі, а выходзіць пад апладысменты студэнтаў.
Калі з друку выйшаў яго вучэбны дапаможнік для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў “Беларуская літаратура” і паўстала задача выпусціць да яго дыск, Уладзімір Аляксандравіч вырашыў: “Хто, як не я, прачытае прозу і паэзію да яго”. Каля пяці гадзін без перадышкi ён начытваў тэкст у студыі гуказапісу выдавецтва “Вышэйшая школа”.
Днямi з друку выйшла новая кніжка Уладзіміра Аляксандравіча пра яго каханне і жыццё з жонкай Людмілай Арсеньеўнай пад назвай “”НЕТ”, и как его сказать”. У ёй жыццё галоўнага героя руйнавалася разам з савецкімі каштоўнасцямі, аднак душа цеплілася ад таго, што яна не сказала яму “не”. Уладзімір Наумовіч называе толькі што надрукаваную кніжку “сваім “Ціхім Донам”. Яму, як і галоўнаму герою гэтага рамана, калісьці даводзілася адстойваць сваё пачуццё і нават змагацца за каханую.
Людміла Арсеньеўна дагэтуль беражэ паштоўку, у якой Уладзімір Аляксандравіч віншуе яе з шаснаццацігоддзем. Колькі сябе памятае, з юнацкіх гадоў была на сцэне, спявала. Яе голас адразу заваражыў новага вучня, які перайшоў у іх школу з сямігодкі. З таго часу яны на сцэне былі заўсёды разам: яна спявала, а ён чытаў вершы. Іх вёскі знаходзіліся недалёка ад гістарычнага Міра. І маладыя артысты ў складзе школьнай групы часта ездзілі туды выступаць.
Па сутнасці, сёння нічога не змянілася. Уладзімір Аляксандравіч — першы госць на канцэртах “Родніцы”, дзе саліруе яго жонка. А яна — першы чытач яго кніг. Людміла Арсеньеўна нават дала назву адной з аповесцей Уладзіміра Аляксандравіча “Такое бывае аднойчы”. Аповесць таксама пра іх каханне і выйшла асобнай кніжкай.

Яны разумелі адно аднаго

Пасля заканчэння хімічнага факультэта БДУ Людміла Арсеньеўна працавала ў інстытуце фізіка-арганічнай хіміі Акадэміі навук Беларусі. Затым — на мінскім заводзе “КАЛІБР”. Там зарабляла немалыя на той час грошы, да 400 рублёў, у той час як многія атрымлівалі па 120 рублёў. Дзяцей у дзіцячы сад заводзіў і забіраў муж, які на той час быў аспірантам БДУ. На розныя дзіцячыя мерапрыемствы хадзіў таксама ён. Аднак не варта думаць, што толькі яна прыносіла грошы ў дом, папярэджвае Людміла Арсеньеўна. Уладзімір Аляксандравіч быў ленінскім стыпендыятам. Яна памятае, як ён прывёз ёй з Амерыкі дзве шубы, карычневую і белую, і ёй зайздросцілі многія.
“У дэлегацыю ЦК УЛКСМ ад Беларусі на IV сустрэчу савецкай і амерыканскай моладзі ў Чыкага (ЗША) у 1975 годзе Уладзімір Наумовіч быў уключаны як малады кандыдат навук, сакратар камітэта камсамола БДУ”, — ганарыцца Людміла Арсеньеўна. I дадае, што яны з мужам заўсёды разумелі адно аднаго. Калі яму патрэбна было еха ць у камандзіроўку за мяжу, яна ніколі не пярэчыла. Ды і сама часта ездзіла на навуковыя канферэнцыі ў Ленінград і Маскву, калі пасля заканчэння інстытута патэнтазнаўства ў Маскве перайшла працаваць у аддзел патэнтна-вынаходніцкай работы НДЧ БДУ. Яна не пагаджаецца, што праца, звязаная з патэнтамі, сумная ў параўнанні са спевамі. Дзякуючы ёй, Людміла Арсеньеўна змагла пазнаёміцца з цікавымі навукоўцамі, даведацца аб важных навуковых вынаходніцтвах.

Іх сумеснае жыццё стала прыкладам

Навумовічаў на працягу жыцця каля 50 разоў запрашалі быць сватамі. Уладзімір Аляксандравіч вёў вяселле, чытаў вершы, жарты, віншаванні. Людміла Арсеньеўна спявала. Наумовіч ніколі не браў грошай, а толькі прасіў на памяць саматканы ручнік свата як напамінак пра тое, што зрабіў добрую справу — стварыў яшчэ адну маладую сям’ю. Сёння ён можа пахваліцца цэлым стосам такіх ручнікоў. Дарэчы, ні адна пара, на вяселлі якой Наумовічы былі сватамі, не развялася.
Хутка сярэбранае вяселле будзе святкаваць са сваім мужам старэйшая дачка Наталля. 21 год замужам малодшая дачка Наумовічаў Таццяна, якая выкладае на юрыдычным факультэце БДУ. Першая выхавала дзве дачкі, другая мае двух сыноў.
Цікава, што і Таццяна, і Наталля пасля ўступлення ў шлюб не захацелі мяняць прозвішчы. Так і засталіся Наумовічамі. У абедзвюх мужы Валодзі, як і іх бацька. Камусьці гэта можа падацца супадзеннем, аднак Таццяна Наумовіч гаворыць, што для іх прыкладам у асабістым жыцці заўсёды былі бацькі. Уладзімір Аляксандравіч заўсёды клапаціўся пра сваіх дачок, а сёння ён цудоўны дзядуля.
Дзве дачкі Наумовічаў выбралі нечаканыя для бацькоў прафесіі.
Пасля школы старэйшая Наташа паступіла ў медыцынскі ўніверсітэт і стала стаматолагам. А малодшая Таццяна пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ каля 20 гадоў працавала ў гарадской калегіі адвакатаў і дапамагала людзям адстойваць свае інтарэсы ў судах. Сёння Таццяна Уладзіміраўна выкладае канстытуцыйнае права і канстытуцыйна-прававую абарону асабістай недатыкальнасці на кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ.
Старэйшая ўнучка Наумовічаў Валерыя ў гэтым годзе заканчвае аддзяленне рамана-германскіх моў філалагічнага факультэта. Старэйшы ўнук Максім вучыцца на першым курсе факультэта міжнародных адносін. Яны, як калісьці іх бабуля і дзядуля, выбралі БДУ. А ўнучка Таццяна, якой 13 гадоў, як і дзед, зацікавілася літаратурай. Аднак у адрозненне ад яго піша вершы, ужо выдала свой першы паэтычны зборнік “Музыка вясны”. У малодшага ўнука Дзяніса, як і ў бабулі, праявіліся вакальныя здольнасці — ён вучыцца ў школе з артыстычным ухілам і спявае.
Прыклад сумеснага жыцця Уладзіміра і Людмілы Наумовiч стаў для нашчадкаў прыцягальным. Зусім нядаўна ўсе яны сабраліся, каб адсвяткаваць залатое вяселле Уладзіміра Аляксандравіча і Людмілы Арсеньеўны.

Ганна ЛАГУН.