Ёсць чым ганарыцца! Выстава «Беларусь інтэлектуальная. Рэгіёны» завяршыла двухмесячнае падарожжа па краіне ў Брэсце

- 10:28Главная, Новости

Маштабная перасовачная выстава навукова­-тэхнічных дасягненняў “Беларусь інтэлектуальная. Рэгіёны” завяршыла сваё двухмесячнае падарожжа па краіне ў Брэсце. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Гарадскі лёгкаатлетычны манеж ледзь змясціў усіх жадаючых азнаёміцца з найноўшымі дасягненнямі і распрацоўкамі Нацыянальнай акадэміі навук, устаноў адукацыі, навукова-даследчых арганізацый, прадпрыемстваў і тэхнапаркаў у галіне штучнага інтэлекту, ІТ- і біятэхналогій, робататэхнікі, “Індустрыі 4.0”, інавацыйнага прыборабудавання, абароны, АПК, экалогіі і прыродакарыстання, фармацыі і медыцыны, сацыягуманітарных навук. Каля 130 удзельнікаў форуму прэзентавалі больш за 400 адметных экспанатаў, годнае месца сярод якіх занялі і ноу-хау Брэстчыны. 

Адкрываючы выставу, кіраўнік вобласці Юрый Шулейка адзначыў, што моладзь павінна ведаць, над чым працуюць айчынныя навукоўцы, інжынеры і вытворцы. Мерапрыемства адкрывае для гэтага ўнікальную магчымасць: у адным месцы сабраны распрацоўкі, многія з якіх паспяхова ўкаранёны ў вытворчасць і прыносяць карысць эканоміцы і не толькі.

Нягледзячы на аграрны статус, Брэстчына вылучаецца высокім навукова-тэхнічным патэнцыялам, — расказала намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Таццяна Сталярова. — Вобласць рэалізуе 11 праектаў у рамках навукова-тэхнічных дзяржпраграм і 17 з 78 праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця. Дзякуючы ім, рэгіён атрымае высокаінтэлектуальныя тэхналогіі ў медыцыне, лёгкай прамысловасці, станкабудаванні і іншых галінах. Акрамя таго, на Брэстчыне ажыццяўляецца ўласная праграма рэгіянальнага інавацыйнага развіцця. У вобласці 4 установы вышэйшай адукацыі, тэхнапарк з 60 рэзідэнтамі, ствараюцца яшчэ 2 тэхна­паркі.

Рэгіянальная экспазіцыя займала трэцюю частку выставы. Жыхары Брэстчыны пераканаліся, што ім ёсць чым ганарыцца. Так, група кампаній “СТиМ” прэзентавала шырокую лінейку тэхнікі для нанясення дарожнай разметкі і новы прадукт — тэрмапластык у гранулах, аналагаў якому пакуль няма ні на айчынным, ні на расійскім рынку. Брэсцкі электрамеханічны завод паказаў пасяўны агрэгат для больш ашчаднай апрацоўкі глебы, а ААТ “Брэстмаш” — аўтамабілі спецназначэння.

Брэсцкая абласная клінічная бальніца прадэманстравала звыш 50 запатэнтаваных распрацовак медыцынскага абсталявання і аперацыйных тэхналогій, камп’ютарную праграму для анкетавання пацыентаў з мэтай выяўлення рызык развіцця цэрэбраваскулярных захворванняў, Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер прывёз прыбор ультрагукавога даследавання малочных залоз і дэрматаскапіі скуры, ПВУП “Белінавацыя” прапанавала аўтаматызаваны інфармацыйны комплекс “Медык” для розных медустаноў, РУП “Брэстэнерга” запрасіла ў сучасную лабараторыю прыбораў уліку цеплавой энергіі, Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк азнаёміў з шырокім пералікам паслуг, а рэзідэнт СЭЗ “Брэст” ТАА “Арлайт і К” — з высакаякаснымі святлодыёдамі для вырошчвання мікразеляніны.

Вялікую цікавасць выклікаў інавацыйны імпартазамяшчальны прадукт “Нова віта” ад Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода — сухая сумесь для дыетычнага харчавання і нутрытыўнай падтрымкі анкахворых. Пры яе вытворчасці ўпершыню ў Беларусі прыменена інавацыйная тэхналогія гідролізу лактозы сыроваткі ў прамысловым маштабе, якая дазваляе выкарыстоўваць недарагую сыравіну.

Не засталіся па-за ўвагай наведвальнікаў і ўстановы адукацыі вобласці. Шматлюдна было каля экспазіцый БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, БарДУ і ПалесДУ. Так, “пушкінцы” прэзентавалі геаінфармацыйную сістэму, якая дазваляе збіраць, захоўваць, аналіза­ваць і візуалізаваць у графічнай форме прасторавыя (геаграфічныя) даныя і інфармацыю пра аб’екты прыроды, горада, культуры і інш. Распрацоўка не толькі фарміруе ў студэнтаў навыкі навукова-даследчай работы, далучае моладзь да інавацыйнай дзейнасці і павышае навуковы патэнцыял у галіне геаграфіі, але і пашырае магчымасці адукацыйнага працэсу ў школах дзякуючы картаграфічным вэб-дадаткам, вучэбным практыкумам і г.д.

На рахунку навукоўцаў БрДТУ шмат інавацыйных праектаў, укаранёных у вытворчасць розных краін. Сярод апошніх — тэхналогія іонна-плазменнага азатавання дэталей машын, рэжучага і штампавага інструменту, якая павышае іх зносаўстойлівасць і паляпшае іншыя тэхнічныя характарыстыкі вырабаў. Металічная структурная канструкцыя сістэмы “БрДТУ” даўно і трывала замацавалася на будаўнічым рынку, як і іншыя інавацыйныя распрацоўкі: “Высакаякасны напружваючы фібрабетон”, “Пустотаўтваральнік бязбэлькавай пліты перакрыцця” і інш. А найбольшую цікавасць у маленькіх і дарослых наведвальнікаў выставы выклікаў робат-гід “Міроша”.

Навукоўцы БарДУ распрацавалі і апрабавалі арыгінальны комплексны метад для вызначэння статусу непарушанасці водных і наземных пойменных экасістэм (крыніц, ручаёў, рэк, балот, лугоў і лясоў) Беларусі на аснове параўнальнага аналізу біялагічнай разнастайнасці іх індыкатараў — цвердакрылых і сапраўдных напаўцвердакрылых, інфармацыя пра якіх сістэматызавана ў ілюстраваным атласе.

Навукоўцы ПалесДУ вынайшлі тэхналогію атрымання заагумусу, бялкова-ліпіднага і ліпіднага канцэнтрату з розных насякомых. Распрацоўка прызначана для жывёлагадоўлі, рыбгасаў, фермерскіх гаспадарак, прадпрыемстваў фармакалогіі і касметалогіі.

Не менш цікавыя праекты прэзентавалі сярэдняя школа № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава і сярэдняя школа № 13 імя В.І.Хована Брэста. Дырэктар 20-й школы Аляксандр Агеевец — уладальнік 4 патэнтаў. Сярод іх — “Мабільная прылада ўтылізацыі метану ў стаячых вадаёмах” і “Галаграфічная ўстаноўка для школьнага музея”. Настаўнік гісторыі 20-й школы Аляксандр Філіповіч — аўтар праекта “Мабільная старонка. Гісторыя ў асобах”.

Выстава адыгрывае важную ролю ў прапагандзе дасягненняў айчыннай навукі сярод моладзі і павышэнні яе іміджу, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская. — Школьнікі і студэнты на канкрэтных прыкладах знаёмяцца з вынікамі паспяховай інтэграцыі навукі, адукацыі і вытворчасці, а таксама з укараненнем сучасных распрацовак у рэальны сектар эканомікі і сацыякультурную сферу. Магчыма, гэта падштурхне кагосьці да творчага і навуковага пошуку, які прывядзе да любімай прафесіі і далейшага інтэлектуальнага і эканамічнага росквіту нашай дзяржавы. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара