Ёсць добры фундамент для развіцця супрацоўніцтва

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы ў Ашхабадзе з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.

“У нас сапраўды ёсць вельмі добрыя планы, якія мы з вамі абавязкова рэалізуем. Мы стварылі фундамент нашых адносін, вельмі шмат зроблена”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён згадзіўся з туркменскім лідарам, што народы дзвюх краін вельмі працавітыя і дружалюбныя. “Я вас падтрымліваю ў тым, што ў нас наперадзе яшчэ вельмі шмат спраў, якія мы абавязкова павінны зрабіць”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Як заявіў па выніках праведзенай сустрэчы лідараў дзвюх краін віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, Беларусь і Туркменістан да новага года выпрацуюць дарожную карту па вырашэнні праблем вакол Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.

“Кіраўнікі дзяржаў, будучы паглыбленымі ў стан (спраў. — Заўвага БелТА.) па праекце Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, нам, кіраўнікам міжурадавых груп, даручылі выпрацаваць дарожную карту магчымых шляхоў вырашэння праблем, што назбіраліся, на Гарлыкскім ГАКу”, — сказаў Ігар Ляшэнка.

Паводле яго слоў, па выніках напрацовак у канцы года плануецца праінфармаваць кіраўнікоў дзяржаў аб шляхах вырашэння існуючых пытанняў.

Ігар Ляшэнка таксама расказаў, што напярэдадні ў Ашхабадзе прайшла яго сустрэча з сустаршынёй двухбаковай міжурадавай камісіі. “Я вельмі ўдзячны віцэ-прэм’еру, майму візаві. Мы абазначылі пытанні, якія абмяжоўваюць пакуль, на жаль, перш за ўсё з туркменскага боку, павелічэнне тавараабароту. Пытанні гэтыя мы ў дэталях разабралі. Выказана жывая цікавасць, і я бачу, што мы ў той жа тэрмін — да канца года — разрулім пытанні, якія перашкаджаюць павялічыць тавараабарот”, — сказаў ён.