Ёсць каму перадаць эстафету

Школа абавязана дапамагчы падлетку прыняць правільнае рашэнне, звязанае з выбарам будучай прафесіі. Пераважная большасць школьнікаў, якія яшчэ не вызначыліся з відам прафесійнай дзейнасці, маюць вострую патрэбу ў самаацэнцы здольнасцей і інтарэсаў. Прафарыентацыйная работа з навучэнцамі і прызначана дасягнуць гэтай мэты.

У Гадылёўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе вядзецца вялікая работа па інфармацыйнай падрыхтоўцы навучэнцаў у галіне прафесійнай дзейнасці. Увага педагагічнага калектыву звернута на праблему практычнай падрыхтоўкі школьнікаў да самастойнага выбару прафесіі.
Сёння наўрад ці варта некага пераконваць, што настаўнікам можа быць не кожны. Добрыя, розныя спецыялісты для грамадства аднолькава важкія. Але настаўніка ў агульны рад не паставіш — ад яго, і толькі ад яго, залежыць маральная і прафесійная грунтоўнасць і інжынера, і прадпрымальніка, і ваеннага, і ўрача. Вось чаму выбар прафесіі настаўніка — пытанне найвялікшай сацыяльнай важнасці, а прафесійная арыентацыя на настаўніцкую прафесію з’яўляецца найважнейшым напрамкам усёй сістэмы прафарыентацыйнай работы ў школе. Выбар прафесіі настаўніка не можа быць працэсам стыхійным, які залежыць ад выпадковых фактараў. Ён павінен будавацца так, каб магчымасці таго, хто выбірае прафесію, суадносіліся як з яго асабістымі патрэбамі і інтарэсамі, так і з патрэбамі грамадства. Першапачатковая работа па прафесійнай арыентацыі будучых педагогаў пачынаецца ў школе.
Для правядзення педагагічнай дыягностыкі здольнасцей і схільнасцей падрастаючага пакалення, развіцця накіраванасці іх прафесійных інтарэсаў і асобасных якасцей у педагагічнага калектыву ёсць пэўныя магчымасці: працяглае педагагічнае прасочванне развіцця навучэнцаў, праграмна-мэтавыя дыягнастычныя працэдуры, прымяненне спецыяльных вучэбных задач, якія дазваляюць своечасова раскрываць у школьнікаў тыя ці іншыя спецыфічныя якасці, зыходзячы з псіхалагічнай структуры асобы. Інтэрв’ю, тэсціраванне і іншыя спосабы аналізу ўяўляюць сабой дзейсныя сродкі для назірання, своечасовай карэкцыі намераў асобы і падрыхтоўкі яе да адэкватнага выбару прафесіі.
Для арыентацыі школьнікаў на педагагічныя прафесіі неабходна:

* выяўленне індывідуальна-асобасных уласцівасцей, дыягнаставанне інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, асаблівасцей мыслення, валявых якасцей;
* вызначэнне і фарміраванне неабходнага ўзроўню гатоўнасці навучэнца да выканання і навучання прафесійным функцыям;
* фарміраванне ўменняў, якія складаюць сутнасць прафесійнай дзейнасці;
* адбор інфармацыі, якая забяспечвае азнаямленне навучэнцаў з некаторымі функцыямі прафесійнай работы і ўмовамі прафесійнай дзейнасці;
* далучэнне навучэнцаў да рознага віду вучэбных работ;
* прымяненне новых педагагічных і інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання, разлічаных на ўзбагачэнне творчага патэнцыялу асобы.

Развіццё пазнавальных і прафесійных інтарэсаў школьнікаў адбываецца падчас вучэбных заняткаў, а таксама практычнага ўдзелу кожнага з іх у рабоце аб’яднанняў, клубаў па інтарэсах, розных спаборніцкіх мерапрыемствах: навукова-даследчай дзейнасці, інтэлектуальных турнірах, прадметных алімпіядах і інш.
Пры арыентацыі школьнікаў на педагагічныя прафесіі вялікую ролю адыгрывае асоба самога педагога. Кожны настаўнік у школе перш за ўсё сваёй асобай, этыка-псіхалагічнай культурай, уменнем зразумець, прыняць і падтрымаць з’яўляецца магутным фактарам уплыву на дзяцей і падлеткаў. Праз свой прадмет педагог перадае асновы інтэлектуальнай, тэхнічнай, мастацкай і проста чалавечай культуры. У нашай установе працуюць 25 педагогаў, 3 выхавальнікі дзіцячага сада, 64% якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў вышэйшай катэгорыі Л.М.Папковай, М.А.Архіпенка дзеці актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах навукова-даследчых работ, пошукавай дзейнасці, паспяхова здаюць ЦТ. Вынікова рыхтуе да ўдзелу ў раённых і абласных алімпіядах настаўнік геаграфіі Г.М.Шафарэнка. Атмасфера дабра, узаемаразумення, чалавечнасці, якая акружае дзяцей, накіроўвае ўвагу навучэнцаў на прафесію настаўніка. Настаўнік як сейбіт добрага і вечнага, ведаў, становіцца вобразам-ідэалам для сваіх вучняў, прыкладам для пераймання.
За 60 гадоў работы нашай установы адукацыі каля 200 яе выпускнікоў выбралі педагагічную прафесію. Склалася некалькі педагагічных дынастый: Ляхавых, Навуменка, Стральцовых. Стала добрай традыцыяй праводзіць сустрэчы старшакласнікаў з ветэранамі педагагічнай працы “Сэрца, аддадзенае дзецям”. У сваю чаргу дзеці наведваюць іх дома, віншуюць са святамі і днямі нараджэння, запрашаюць на школьныя святы.
Практыка паказвае, што многія з нашых вучняў, якія з’яўляліся лідарамі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, працавалі з малодшымі школьнікамі, дапамагаючы арганізоўваць ім святы, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, звязваюць сваё жыццё з педагогікай. Прафарыентацыйныя сустрэчы са студэнтамі педагагічных навучальных устаноў, дні адкрытых дзвярэй у ВНУ і ССНУ таксама адыгрываюць у гэтым пэўную ролю. Штогод нашы выпускнікі становяцца студэнтамі самых розных факультэтаў педагагічных ВНУ і ССНУ Беларусі, і праз 2—3 гады прыходзяць на педагагічную практыку ў сцены роднай школы. Вельмі прыемна, калі падчас сустрэчы з выкладчыкамі і куратарамі нашых дзяцей хваляць за актыўнасць, працавітасць, мэтанакіраванасць.
Многія выпускнікі вярнуліся настаўнікамі ў родную школу: Т.В.Вінідзіктава і В.М.Федарэнка (намеснікі дырэктара), Г.У.Канашэнка і Ю.В.Салаўёва (настаўніцы пачатковых класаў), А.С.Рыбакова (руская мова і літаратура), Т.Р.Калошкіна (беларуская мова і літаратура), Л.С.Камарова (матэматыка), Л.А.Пятрэня (інфарматыка), І.А.Бацэвіч (фізічная культура), Г.М.Шафарэнка (геаграфія), А.В.Куранцава (выхавальніца ГПД), Н.М.Казначэева (педагог-арганізатар). Многія з нашых выпускнікоў паспяхова сеюць разумнае, добрае, вечнае ў школах раёна, вобласці, рэспублікі. На педагагічныя спецыяльнасці ў ВНУ і ССНУ за тры апошнія гады паступіла 14 выпускнікоў. Нам ёсць каму перадаць педагагічную эстафету.

Вольга ФЕДАРЭНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гадылёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.