Ёсць кантакт!

- 11:31Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Рэалізацыю праекта па інфармацыйным узаемадзеянні галіновага выдання з рэгіёнам абмеркавалі падчас рабочай сустрэчы ў Віцебску галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў і начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.

У ходзе канструктыўнага і зацікаўленага дыялогу сацыяльныя партнёры закранулі актуальныя пытанні развіцця адукацыі і перспектывы далейшага творчага супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій. Адпаведны праект, асноўнай мэтай якога з’яўляюцца павелічэнне і забеспячэнне змястоўнай насычанасці публікацый праз аптымізацыю рэгіянальнага тэматычнага планавання, а таксама задавальненне інфармацыйных запытаў чытацкай аўдыторыі, стартаваў на Віцебшчыне ў 2013 годзе з адкрыцця ў абласным цэнтры карэспандэнцкага пункта. Як адзначыў Вадзім Кнышаў, аб заканамернасці і своечасовасці гэтага кроку найперш сведчыць устойлівая станоўчая дынаміка эфектыўнасці ўзаемаадносін паміж газетай, органамі кіравання адукацыяй і педагагічнай супольнасцю рэгіёна. Дзякуючы публікацыям на старонках “Настаўніцкай газеты” атрымалі шырокую вядомасць і грамадскі рэзананс многія значныя падзеі, што адбываюцца ў сферы адукацыі, аўтарскія распрацоўкі, праекты, метадычныя знаходкі педагогаў Віцебшчыны. Узровень рэлевантнасці, адпаведнасці, якаснага кампанента інфармацыйнага дыскурсу пераканаўча пацвярджае запатрабаванасць галіновай газеты: колькасць яе сяброў, пазаштатных аўтараў, падпісчыкаў у вобласці значна павялічылася.
— Наша выданне імкнецца падтрымліваць усе ініцыятывы ўпраўлення і органаў кіравання адукацыяй, накіраваныя на паглыбленне тэматычна-жанравай разнастайнасці, змястоўнай напаўняльнасці публікацый, — запэўніў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”. — Мы адкрыты да прапаноў па ўдасканаленні ўзаемадзеяння ў рамках сумеснага праекта, шчыра ўдзячны даўнім сябрам і рады вітаць новых прадстаўнікоў аўтарскага актыву.
Станоўчую ацэнку супрацоўніцтву і зацікаўленасць у яго плённым развіцці выказаў Іван Шчурок. На думку начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, выданне мае сур’ёзны рэсурсны патэнцыял у азначаным напрамку.
— За параўнальна невялікі час “Настаўніцкая” здолела пашырыць і трывала замацаваць сваю прысутнасць на рэспубліканскай інфармацыйнай прасторы. У большай ступені гэта стала магчымым у выніку мэтанакіраванай работы рэдакцыі з упраўленнямі адукацыі над практычнай рэалізацыяй праекта па ўзаемадзеянні з рэгіёнамі, — падкрэсліў Іван Антонавіч. — Тым не менш я перакананы, што эфектыўная інфармацыйная палітыка сёння патрабуе далейшага развіцця ўзаемаадносін “чытач — газета” як у плане разнастайнасці тэматыкі і павелічэння важкасці інфармацыйнага пакета, так і ў фарміраванні арыгінальных інфармацыйных прадуктаў, нацэленых на канкрэтную аўдыторыю. У сувязі з гэтым вельмі важна, што галіновае выданне — адна з галоўных у краіне крыніц інфармацыі аб сучаснай школе, эфектыўных методыках навучання і выхавання, павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў, разам з тым з’яўляецца адкрытай дыскусійнай пляцоўкай, дзейсным інструментам рэагавання на працэсы, якія адбываюцца ў сферы адукацыі, надзейным дарадцам і партнёрам настаўнікаў. Мы заўсёды падтрымліваем сваю газету, будзем працягваць наша супрацоўніцтва і надалей.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.