Ёсць падставы для гордасці

- 11:25Адукацыйная прастора

85 гадоў з моманту адкрыцця адзначылі гомельскія школы №№ 19 і 27.

Сярэдняя школа № 19 (на здымку), адкрытая ў 1936 годзе, тады называлася 2-я Сталінская. У гады Вялікай Айчыннай вайны яе дырэктар Леў Кужалеў быў назначаны начальнікам штаба палка і стварыў пры ўстанове атрад народных апалчэнцаў. 1 верасня 1946 года ў будынку школы аднавіўся вучэбны працэс.

Цяпер школа актыўна супрацоўнічае з мытным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Вучні мытных класаў на павышаным узроўні вывучаюць матэматыку і англійскую мову, наведваюць розныя мерапрыемствы разам з прадстаўнікамі Гомельскай мытні.

З 1978 года ўстанова адукацыі супрацоўнічае з архітэктурным факультэтам БелДУТа, таму многія выпускнікі ўстановы сталі паспяховымі архітэктарамі, мастакамі. Сёння, дзякуючы дасведчаным выкладчыкам выяўленчага мастацтва, дзеці вучацца бачыць прыгажосць, рэалізоўваюць сябе ў творчых прафесіях.

У сярэдняй школе № 19 выкладае геаграфію Вадзім Лосеў, які ў 2020 годзе стаў абсалютным пераможцам у конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

***

У гомельскай сярэдняй школе № 27 кожны навучальны год пачынаецца з наведвання музеяў. Іх у навучальнай установе чатыры: музей гісторыі школы, этнаграфічны, музей баявой славы і музей школы міру, якой установа з’яўляецца з 2012 года.

У 1994 годзе ва ўстанове адукацыі з’явіўся самы сучасны на той момант у Гомелі клас інфарматыкі. Першая перамога Беларусі на міжнароднай алімпіядзе ў Кітаі па праграмаванні звязана з імем настаўніка кандыдата тэхнічных навук Міхаіла Далінскага, які і сёння выкладае ў школе № 27 і ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны. Выкладчыкі школы супрацоўнічаюць з Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Высокія вынікі дазволілі сярэдняй школе № 27 неаднаразова станавіцца лепшай установай адукацыі абласнога цэнтра: у 2013, 2015, 2019 і 2020 гадах. Летась яна таксама стала лепшай установай адукацыі Гомельскай вобласці.

У школе міру ёсць адно пажаданне, якое гучыць і на ўрачыстых мерапрыемствах, і ў святы, і проста кожны дзень, — міру ў душы. Тут упэўнены: калі ён будзе, то будзе мір у сям’і, у краіне і на ўсёй зямлі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.