Ёсць праблема? Ёсць і рашэнне!

- 12:15Выхаванне

Прырода — тая таямніца, якую да драбніц спазнаць чалавеку не ўдасца ніколі, але ўсё ж ва ўсе вякі спробы гэта зрабіць не прыпыняюцца. Свой уклад у вывучэнне прыроды роўна 30 гадоў запар робяць і школьнікі Беларусі. Шэраг новых загадак паставілі перад сабой удзельнікі XXX Рэспубліканскага конкурсу навуковых эколага-біялагічных работ і праектаў навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі . Свае адгадкі яны агучылі ў фінале конкурсу, які  завяршыўся ў аўторак у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства.

Антон Нікалаеў.

Калыска для вучоных

Тое, што гэты конкурс не столькі спаборніцтва, колькі старт для будучых вучоных, становіцца відавочным, калі знаёмішся з членамі журы. Усе яны — выкладчыкі вядучых УВА Беларусі, навуковыя супрацоўнікі навукова-даследчых інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, спецыя­лісты ў галіне экалогіі, геаэкалогіі, біяхіміі, генетыкі, аховы раслін, мікрабіялогіі, біятэхналогій, заалогіі, батанікі, гідрабіялогіі. Але многія з іх свае першыя крокі ў навуку таксама некалі пачыналі з гэтага конкурсу.

Іван Анатольевіч Рускіх, былы навучэнец гуртка “Генетыка і селекцыя” тады яшчэ станцыі юннатаў, а сёння педагог дадатковай адукацыі РЦЭіК, член міжнароднага журы алімпіяд і конкурсаў эколага-біялагічнай накіраванасці, адзначыў:

“Мне асабліва прыемна пазнаёміцца сёння з новым пакаленнем юных вучоных, убачыць у складзе журы сваіх калег, з якімі мы некалі займаліся ў адным гуртку, і, канечне, нашага кіраўніка Алега Георгіевіча Давыдзенку. Гэта тры пакаленні, якія датычныя да вялікай агульнай работы. Мы ўсе прымалі ­ўдзел у гэтым конкурсе, у гэтым руху, у гуртковай рабоце. Так, медалі нашых навучэнцаў і на рэспубліканскім, і на міжнародным ­узроўні, безумоўна, значныя дасягненні. Але ж найлепшае пацвярджэнне таго, што ў нас сапраўды правільна арганізавана сістэма дадатковай адукацыі навучэнцаў у кірунку экалогіі і біялогіі, — гэта еднасць пакаленняў, тое, што мы разам, што мы працягваем работу, толькі цяпер у розных статусах”.

Перш чым пажадаць удачы на конкурсе ўдзельнікам, ён прызнаўся: “Некалі я таксама прымаў удзел у гэтым конкурсе, але ні дыплома, ні іншых узнагарод не атрымаў. І таму нават калі і вы паедзеце дадому без дыпломаў, памятайце, што гэта ні ў якой меры не павінна перашкодзіць вашаму развіццю. Галоўны фактар вашага поспеху — толькі ваша жаданне займацца навукай. Толькі сам працэс пагружэння ў тэму, у работу дасць вам галоўную асалоду”.

Алег Георгіевіч Давыдзенка, доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, падзяліўся ўспамінамі пра першыя дасягненні сённяшніх членаў журы, у прыватнасці расказаў пра першы беларускі гатунак соі “Вілія”, выведзены ў гуртку “Генетыка і селекцыя” тады яшчэ станцыі юных натуралістаў, і пра 12 новых гатункаў, якія яго былы выхаванец Уладзіслаў Разацвейг вывеў ужо ў статусе супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук. Пажадаў Алег Георгіевіч і сённяшнім канкурсантам смела станавіцца на шлях вучонага.

Таццяна Васільеўна Драпакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адкрываючы конкурс, пажадала яго ўдзельнікам не памыліцца з выбарам будучай прафесіі і выказала словы падзякі ўсім навуковым кіраўнікам, педагогам, якія выяўляюць таленты ў сваіх навучэнцах і падтрымліваюць іх.

Аляксандр Русакевіч.

Ад электраградкі да нанасерабра

Сёлета на суд журы былі прадстаўлены 104 работы ці праекты ў 8 навуковых секцыях: “Экалогія раслін і біяіндыкацыя”, “Экалогія жывёл”, “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэнне”, “Вада і водныя экасістэмы”, “Эксперыментальная біялогія: лабараторны эксперымент”, “Эксперыментальная біялогія: палявы эксперымент і сучасныя агратэхналогіі”, “Эксперыментальная біялогія: нана- і біятэхналогіі” і “Навакольнае асяроддзе і экасістэмы “(абарона работ на англійскай мове).

Так, удзельнікі секцыі “Вада і водныя экасістэмы” паразважалі, чаму сталі зарастаць рэкі Віцебшчыны — любімыя турыстамі-байдарачнікамі, чаму становіцца бруднай вада ў азёрах, прадставілі свае варыянты ачысткі водаправоднай вады ад хлору, утылізавалі рэшткі сцёкавых вод метадам кампаставання, вывучалі назапашванне мікрапластыку ў рыбе і інш.

Самай перспектыўнай аказалася работа Паўла Шлягі,
11-класніка з гімназіі Петрыкава. Даследаванне Паўла тычыцца тэмы маніторынгу якасці вады. З дапамогай сваёй аўтарскай методыкі ён прапануе даваць першасную характарыстыку вады і ступень яе забруджвання, не звяртаючыся да паслуг спецыялізаваных службаў. Для гэтага Павел скан­струяваў спецыяльны прыбор, распрацаваў і апрабаваў спецыяльную табліцу для вызначэння мутнасці і колернасці вады, напісаў камп’ютарную праграму.

Па словах хлопца, актуальнасць работы складаецца ў тым, што першасны аналіз вады можна выканаць без хімічных рэактываў, дарагога абсталявання і спецыяльнай падрыхтоўкі. Да таго ж методыка простая ў выкарыстанні і можа прымяняцца ў палявых або дамашніх назіраннях.

Дарэчы, гэты праект у мінулым годзе Павел пасля перамогі на нацыянальным адборы прадстаўляў на Міжнародным водным конкурсе Stockholm Junior Water Prize.

У секцыі “Эксперыментальная біялогія: лабараторны эксперымент” юныя вучоныя высвятлялі, як уплываюць эфірныя маслы на бактэрыі, якія знаходзяцца на скуры рук, як знізіць захворванні ротавай поласці школьнікаў з дапамогай малочнакіслых прадуктаў, вызначалі радыеэкалогію лясных рэсурсаў, стваралі паперу з трыснягу з дапамогай розных напаўняльнікаў, шукалі, якая агародніна найлепш выводзіць цяжкія металы з арганізма чалавека і якія лясныя ягады найбольш назапашваюць іх у сабе.

Так, Антон Нікалаеў з гімназіі № 1 Жодзіна прапанаваў свой варыянт барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі з дапамогай грэчкі. Вераніка Малашанка з сярэдняй школы № 2 Чэрыкава з падручных матэрыялаў стварыла прыбор для вызначэння ўзроўню азоту і фосфару ў сельскагаспадарчых культурах.

У секцыі “Эксперыментальная біялогія: нана- і біятэхналогіі” школьнікі, каб павысіць прарастанне, інкруставалі насенне экабяспечнымі сумесямі. Настассі Рафальскай з гімназіі № 38 Мінска дыплом ІІ ступені прынесла яе спроба метадам “зялёнай” хіміі  здабыць нанасерабро з антысептыкам хлоргексідзінам, які эфектыўна лечыць запаленні дзяснаў.

Ягор Сокал з Новаяльнянскай сярэдняй школы Дзятлаў­скага раёна для правядзення сваёй работы ўзяў у арэнду адно са старых мясцовых азёр плошчай 2,5 га, ачысціў ваду ў ім ад смецця, з дапамогай зялёнай водарасці хларэлы выцесніў сіне-зялёныя водарасці, якія выклікаюць цвіценне вады,  што паспрыяла значнаму павелічэнню ў возеры рыбы. Каб засяліць усё возера карыснай водарасцю хларэлай, хлопец стварыў міні-ўстаноўку па яе вырошчванні.

Іван Аглушевіч, Ксенія Маркоўская і іх пчолы.

Удзельнікі секцыі “Эксперыментальная біялогія: палявы эксперымент і сучасныя агратэхналогіі” прадставілі сваё рашэнне барацьбы з такімі наземнымі шкоднікамі, як бела­крылка і чарвец, метадам падсялення на расліны грыба метарызіну. Аляксандра Лагунова, навучэнка РЦЭіК, дасканала вывучыла капусту белакачанную, прадставіла сваё даследаванне па вывучэнні “сілы гібрыда” і даказала, што гібрыды першага пакалення пераўзыходзяць па некаторых якасцях сваіх “бацькоў” — яны буйнейшыя, больш ураджайныя. Свае эксперыменты Аляксандра ставіць і на маміным агародзе. Праўда, вучоба ў абласным ліцэі, прызнаецца, не пакідае для гэтага дастаткова часу. Затое яе даследаванне забяспечыла маму насеннем ад гібрыдаў першага пакалення на гадоў дзесяць наперад.

Аляксандр Русакевіч з Жарабковіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна засяродзіўся на сваёй любімай культуры — бульбе і навучыўся атрымліваць ажно тры ўраджаі за сезон.

“Для большасці агароднікаў атрымаць два ўраджаі бульбы за сезон ужо даўно не праблема, — дзеліцца Аляксандр. — Прыцягвае нават не сам ураджай, колькі магчымасць прадаць дорага маладую бульбу першага ўраджаю, а на захоўванне адправіць бульбу другой пасадкі. Несумненную цікавасць для агародніка ўяўляе летняя пасадка бульбы для атрымання вельмі ранняга ўраджаю. Дадатковы ўраджай мог бы павялічыць экспарт бульбы, што немалаважна для бю­джэту краіны. А таксама мець для спажывання маладую бульбу нават восенню. Тым больш што ў яе больш плюсоў: ідэальна захоўваецца, не патрабуе перапрацовак і абломвання парасткаў”. Для гурманаў Аляксандр падабраў самыя смачныя гатункі бульбы беларускай селекцыі.

А вось Іван Аглушэвіч з гімназіі № 8 Віцебска больш любіць салодкае, таму з захапленнем пераймае пчалярскую справу ад бацькі і дзеда. “Наша даследчая работа ўключае ў сябе
7 эксперыментаў, а свае даследаванні мы праводзілі на ўласным пчальніку ў вёсцы Мар’янава Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці, дзе знаходзяцца 13 вулляў, — расказвае Іван. — Гэта дало нам магчымасць паназіраць за працай пчол, іх біялагічным развіццём і высветліць, якія віды падкормак мэтазгодна даваць пчолам, каб атрымаць больш мёду”. У прыватнасці, Іван прапанаваў у традыцыйную цукровую падкормку дабаўляць малако, а яшчэ лепш — і пылок.

Юлія Гапановіч працягнула пчаліную тэму і прапанавала свае тэхнічныя рашэнні для падагрэву вулляў. Віялета Сакалоўская з гімназіі № 1 Дзяржынска сканструявала арыгінальную цяпліцу для таматаў з уласнымі тэхнічнымі інавацыямі. У прыватнасці, зрабіла электраградку, якая працуе па прынцыпе генератара пастаяннага імпульснага току, дзе частату імпульсаў стварае зямля і паветра.

“Пры ўзаемадзеянні з вільготнасцю паветра адбываюцца імпульсныя электрычныя разрады, якія прыцягваюць ваду з глыбінь зямлі, азануюць паветра і ўгнойваюць зямлю градкі”, — тлумачыць Віялета. Дзеянне сваёй устаноўкі школьніца праверыла на насенні і раслінах таматаў і даказала станоўчы ўплыў на прарастанне насення, рост, развіццё і ўраджай:

“Мае вынікі могуць мець вельмі вялікае значэнне ў развіцці сельскай гаспадаркі. Я думаю, што фермеры і асабліва дачнікі змогуць ацаніць маю тэхналогію, бо яна не дарагая і эфектыўная і ў той жа час не патрабуе вялікай колькасці вады і частага паліву. Я спадзяюся, што гэтая тэхналогія зможа прыйсці на замену таксічным угнаенням і дапамагчы вырашыць многія экалагічныя праблемы. Калі абмежаваць выкарыстанне нітратаў, нітрытаў і пестыцыдаў, гэта зможа абараніць людзей ад небяспечных захворванняў, а садавіна і агародніна стануць па-сапраўднаму карыснымі”.

Удзельнікі секцыі “Экалогія жывёл” дасканала вывучылі жыццё еўрапейскай казулі, баброў, павукоў, жукоў, буслоў, чапляў і інш. А вось Настасся Несцярэнка з сярэдняй школы № 1 Крычава першай у сваім раёне зрабіла ацэнку стану прыродных экасістэм з дапамогай чмялёў. Так, толькі ў вёсцы Міхеевічы Крычаўскага раёна дзяўчынка знайшла 20 відаў чмялёў, а ўсяго ў яе сачок трапілі 934 чмялі. Хоць і шкада забіраць з прыроды столькі махнатых працаўнікоў, але, як прызнаюцца члены журы, гэта дазволіла зрабіць значныя для навукі высновы.

Паліна Харламава з сярэдняй школы № 16 Баранавіч сваю навуковую ўвагу звярнула на матылёў. Яна не толькі вывучыла фларыстычны і фаўністычны склад супольнасцей, выявіла рэдкія і ўразлівыя віды для ўнясення ў Чырвоную кнігу Баранавіцкага раёна, але і выявіла віды-біяіндыкатары і фактары, якія аказваюць уплыў на іх біятапічнае размеркаванне.

Уладзіслаў Бярнацкі з гімназіі № 2 Віцебска ўжо два гады свайго жыцця аддаў вывучэнню малюскаў. У яго дома ўнушальная калекцыя, але ў Мінск ён прывёз толькі тую яе частку, якую збіраў у равах Віцебска.  Беражліва трымаючы шкляную скрыню з калекцыяй малюскаў, юнак расказвае: “Мы хадзілі па равах, збіралі малюскаў і праводзілі сваю работу —  глядзелі, як малюскі прыжываюцца там і якія фактары на гэта ўплываюць. Акрамя таго, знайшлі ажно 5 чужародных відаў, якія былі прынесены ў горад звонку. Мы, напрыклад, знайшлі ракавіны ад чырванакніжнікаў. Яны ўжо былі пустыя, але прыемна, што ў нас яны сустракаюцца”.  

Ульяна Піліпчык і яе Любча.

Сваю работу ў фінале ўжо другі год запар прадстаўляла Лізавета Лапавухава, таксама навучэнка гімназіі № 2 Віцебска. Яна вывучае, як уплывае чыгунка і антрапагеннае ўздзеянне на жужаляў. Сёння Лізавета ў 11 класе, але з прафесіяй вызначылася ў мінулым годзе, якраз падчас фіналу гэтага конкурсу: “Для нас арганізатары ладзілі экскурсіі ў акадэмію навук, і мне так там спадабалася, што я нават выйшла на хвілінку, каб патэлефанаваць маме і сказаць, што знайшла месца сваёй будучай працы. Даследаванні, экспедыцыі ў іншыя краіны — усё гэта пашырае навуковы дыяпазон і спрыяе развіццю кругагляду ўвогуле. Хачу працягнуць займацца біялогіяй — у гэтым кірунку ці, магчыма, у іншым. Пакуль мае мары ўсе звязаны з біяфакам БДУ ці Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта”.

У секцыі “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэнне” юныя эколагі звярнулі ўвагу на гарадскія праблемы. Так, гэта і “пластыкавая” праблема горада, дзе вынікам бясплатнай раздачы пакетаў у магазінах становіцца павелічэнне іх на сметніку. Як варыянт рашэння Дар’я Андрэева з сярэдняй школы № 3 Нясвіжа стварыла біяраскладальную плёнку з жэлаціну. Яўген Фалітар з Даматканавіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна змадэляваў малую гідраэлектрастанцыю і даследаваў эканамічныя і экалагічныя перавагі выкарыстання сцёкавай вады для частковага электразабеспячэння школы. Ульяна Піліпчык, 8-класніца Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна, прапанавала сваім сябрам-школьнікам і землякам  паглядзець на звыклую родную прыроду іншымі вачыма і ўсе цуды прыроды Прынямоння, гістарычна-значныя  мясціны, уключыла ў свой эколага-пазнавальны маршрут.

У секцыі “Экалогія раслін і біяіндыкацыя” лідары вызначыліся адразу. Хоць, як і належыць ахоўнікам прыроды, большасць работ тычылася аховы лясных угоддзяў ад рознай напасці — ад жука-караеда да грыбоў-губ, усё ж усіх без выключэння пераканала, што ўсё здароўе чалавека ў кубку з гарбатай, Дар’я Бараноўская.

“Гэтая работа была прысвечана скрыпеню, ці, як яго называюць, капорскаму чаю, — з захапленнем расказвае аб праекце пераможцы Аркадзь Мікалаевіч Скуратовіч, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член журы. — Як і з чаго яго здабываюць, методыка атрымання, распрацоўка ўпакоўкі, як яго піць, распрацаваны памяткі пра ўласцівасці, нават быў эканамічны разлік вытворчасці капорскага чаю з выкладкамі, рэнтабельнасцю і інш. — пра ўсё нам Дар’я даступна расказала і прадставіла цудоўны ілюстрацыйны матэрыял.

А яшчэ пасля таго, як напярэдадні конкурсу мы, члены журы, знаёміліся з конкурснымі работамі, я вельмі чакаў Ганну Калтунчык, навучэнку Качышчанскай сярэдняй школы Ельскага раёна, якую для сябе вызначыў як аднаго з лідараў у сваёй секцыі. Але, на жаль, яна захварэла і на абарону работы не прыехала. Мы з калегамі самі працавалі ў 2011 го­дзе ў Ельскім раёне і некаторыя віды раслін не адзначылі. Мне было цікава пагутарыць з Ганнай, паглядзець на яе гербарый і асабліва на яе рэйнутрыю японскую. Там, праўда, хутчэй за ўсё не японская, а багемская, але гэта ўжо справа тэхнікі, бо без добрага мікраскопа можна было іх і не адрозніць. Нас гэтая расліна вельмі цікавіць, бо гэта інвазіўны від, і мы яго распаўсюджванне назіраем у нашай краіне, але падчас экспедыцыі ў гэтую вёску нідзе яго не ўбачылі. Нам цікава інфармацыя пра хуткасць яго распаўсюджвання ва ўмовах Палесся. Я адразу пасля конкурсу звяжуся з Ганнай і высветлю ўсё гэта. Буду прапаноўваць і ёй, і некаторым іншым дзецям працягнуць свае даследаванні, бо яны вельмі актуальныя і неабходны для нашай навукі”.

Арцём Ламака.

Падказка для навічка

Леанід Чумакоў, кандыдат біялагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі, член журы ў секцыі “Экалогія жывёл”, прызнаецца, што часам яго больш цікавілі тыя работы, якія далёкія ад перамогі і, зразумела, ніяк не былі адзначаны.

“Найчасцей гэта работы навучэнцаў невялікіх сельскіх школ, дзе няма ні магчымасцей для сур’ёзных даследаванняў, ні, часам, нават добрай літаратуры, у іх шмат памылак, — гаворыць Леанід Сцяпанавіч. — Напрыклад, 9-класніца Настасся Цітарэнка з Жыліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кіраўскага раёна робіць пакуль яшчэ першыя крокі ў энтамалогіі. І мне захацелася падтрымаць гэтую дзяўчынку, каб у яе не апусціліся рукі і застаўся азарт для далейшых даследаванняў. Я падарыў ёй адну са сваіх  кніг пра насякомых з серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя”, каб яна ведала, куды рухацца ў сваіх даследаваннях далей.  Напрыклад, цяпер былі ўжо знаёмыя мне аўтары, якія ў мінулы год-два прадставілі слабаватыя работы, і я, наладзіўшы супрацоўніцтва з іх настаўнікамі, пастараўся падтрымаць іх метадычна, кансультатыўна. Сёлета іх работы ўжо годна прадстаўлены. Канстанціну Юргелянцу з Рытанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна, які сур’ёзна захапіўся вывучэннем павукоў у сваім аграгарадку, я даў кантакты свайго калегі, які вывучае павукоў ужо некалькі дзясяткаў гадоў і з’яўляецца, бадай, самым вопытным спецыялістам у Беларусі ў гэтым кірунку. Упэўнены, яны знойдуць інтарэс у супрацоўніцтве, дзіцяці будзе карысным паглыбіцца ў гэтую рэдкую для даследаванняў тэму”.

З замахам на сусветны трыумф

І.А.Рускіх традыцыйна ацэнь­ваў работы ўдзельнікаў сваёй секцыі “Навакольнае асяроддзе і экасістэмы” з пункту погляду актуальнасці для ўсяго свету.

“Патрабаванні да канкурсантаў у нашай секцыі былі вельмі высокія, бо пераможцы атрымліваюць шанс прадстаўляць Беларусь на міжнародным узроўні. Менавіта яны будуць сведчаннем таго, як у Беларусі развіваецца дадатковая навукова-даследчая адукацыя школьнікаў, і менавіта ім да­вя­дзецца працягнуць тую шматгадовую традыцыю — прадстаўляць на міжнародных мерапрыемствах нашу краіну і нашу адукацыю з вельмі высокімі вынікамі. Таму ацэньваліся не толькі асабісты ўклад аўтараў у выкананне праекта, не толькі ўзровень іх валодання англійскай мовай, але і актуаль­насць тэмы праекта на міжнародным узроўні, зместу распрацоўкі — матэрыялу, прадукту, методыкі — любой інавацыі. Абавязкова праект павінен быць распрацаваным і эксплуатавацца з улікам дружалюбнасці да навакольнага асяроддзя, быць эканамічна эфектыўным, практычна значным, таму так нялёгка вызначыць пераможцаў”, — патлумачыў Іван Рускіх.

Традыцыйна сярод пераможцаў у гэтай секцыі — навучэнкі Алесі Шавялёвай, педагога дадатковай адукацыі “Батаніка. Прыкладная мікалогія” РЦЭіК. Сёлета падтрымаць сваіх новых падапечных яна прыйшла не адна. У групе падтрымкі — тройка былых пераможцаў рэспубліканскага конкурсу экалога-біялагічных работ і міжнародных алімпіяд і конкурсаў, якія цяпер ужо студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Хрысціна Неўдах, студэнтка 5 курса, звяртаючыся са сцэны да канкурсантаў напярэдадні конкурсу, расказала, як пачынаўся яе шлях у экалогію, калі яна 16-гадовай дзяўчынай прыйшла да Алесі Аляксандраўны Шавялёвай, і як яе педагог штодзень “рыхтавала крылы для палёту”, давала магчымасць адчуць драйв ад уласнага адкрыцця. 

 “Я заўсёды марыла стаць урачом, і мне патрэбен быў толькі штуршок, каб самарэалізавацца ў галіне біялогіі, зрабіць хоць маленькае, але сваё дасягненне, каб прыйсці з першымі вынікамі ва ўніверсітэт. І мой навуковы эксперымент стаў вызначальным”, — сказала Хрысціна.

Цяпер яна працягвае свае даследаванні ўжо ў сценах універсітэта, зразумела, на медыцынскую тэматыку. Літаральна кожны год яна становіцца пераможцай рэспубліканскага агляду-конкурсу навуковых работ. Дзяўчына сур’ёзна вывучае неўралогію і нейрахірургію. Менавіта гэта яна і выбрала сваім прафесійным кірункам.

А яе першую школьную работу па пошуку шляхоў зніжэння ўдзельнай актыўнасці цэзію ў грыбах, толькі ў новым кірунку — ужо не ў экалагічным, а ў сацыяльным, працягваў Уладзіслаў Барысевіч, які распрацаваў сістэму харчавання для вывя­дзення цэзію з арганізма. Ілья Карпец вынайшаў мікрапратэін, які можна вырошчваць на аснове малочнай сыроваткі.

“Насамрэч увесь запал, навуковую цікавасць прыўносяць дзеці. Гэтым яны запальваюць і мяне. Калі дзіцячыя вочы гараць, хочацца ў гэты агонь падкідваць і падкідваць дроў”, — гаворыць Алеся Аляксандраўна.

Усе гэтыя яе навучэнцы сталі залатымі медалістамі, лаўрэатамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі,  што, дарэчы, і дапамагло без экзаменаў паступіць ва ўстанову сваёй мары. Для ўсіх іх гэта Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

У сёлетнім фінале яшчэ тры школьнікі А.А.Шавялёвай прадстаўлялі свае праекты. Сярод іх — работа Марыі Шкут, накіраваная на аздараўленне глеб, забруджаных радыенуклідамі, з дапамогай міцэлію грыбоў.

“На маёй радзіме ў Лунінецкім раёне і цяпер даволі высокія паказчыкі актыўнасці цэзію ў глебах, які перадаецца праз садавіну, агародніну і іншую сельскагаспадарчую прадукцыю. Мая задача — распрацаваць біялагічны спосаб зніжэння гэтых паказчыкаў, што б паспрыяла паляпшэнню здароўя ў жыхароў Лунінецкага раёна і суседніх. Для гэтага я ўзяла такія грыбы, якія не ўтвараюць мікарызу, таму ім не патрэбны дрэвы і іх пажыўныя рэчывы, і растуць яны не ў лясах, а на палях. Я прапаную на саломе, якая застаецца пасля збору ўраджаю збожжавых, выр­ошчваць такія грыбы, якія будуць убіраць у сябе цэзій. Пасля, зразумела, іх трэба будзе ўтылізаваць. Мы ўжо апрабавалі гэта, а з надыходам вясны можна будзе апрабаваць у палявых умовах. Гэта магло б стаць маштабным праектам”, — тлумачыць Марыя.

Яшчэ адзін навучэнец А.А.Шавялёвай Уладзіслаў Андрэйчук прадстаўляе праект, звязаны з аэрафільнай водарасцю — Trentepohlia, якая расце на кары дрэў.

“Гэта чырвоны парошысты налёт, колер якога вызначаецца ўтрыманнем вялікага комплексу розных караціноідаў, у тым ліку такога рэдкага, як астаксанцін, — тлумачыць кіраўнік. — Але гэтая водарасць расце толькі на кары, на паветры. А нашай ідэяй было напомніць ёй, што яна ўсё-такі водарасць і яе месца ў вадзе, каб можна было яе культываваць у вадкіх умовах, забіраць яе караціноіды і выкарыстоўваць іх у карысных мэтах, у прыватнасці, для стварэння біялагічна-актыўных рэчываў. Мы выпрабавалі сухую біямасу гэтай водарасці як дабаўку да корму кур-нясушак і прасачылі, як гэта ўплывае на якасць яек, на ўтрыманне ў іх караціноідаў, вітаміну А і нават на іх масу.

Трэці наш сёлетні праект прысвечаны біяпалімерным
матэрыялам з міцэлію ксілатрофных грыбоў, ці ў наро­дзе — губ. У нас атрымалася вырасціць скуру на аснове міцэлію гэтых грыбоў. У апілкі мы падсялялі гэты міцэлій у якасці склейваючага рэчыва і рабілі з яго брыкеты. Яны могуць замяніць пенапласт, прамысловую ўпакоўку і інш., але галоўная іх перавага ў тым, што яны біяраскладальныя. Пасля выкарыстання такую ўпакоўку можна прымяняць нават як мінеральнае ўгнаенне”.

Дарэчы, Настасся Рубніковіч перамагла ў секцыі “Навакольнае асяроддзе і экасістэмы”, а Уладзіслаў Баравікоў стаў у ёй уладальнікам дыплома ІІ ступені. Падзяліла “серабро” ў гэтай секцыі з Уладзіславам і навучэнка І.А.Рускіх Паліна Баравікова, якая засяродзілася на праблеме засоленых глеб у межах горада, што не дазваляе камфортна развівацца пасаджаным на ёй дрэвам. Дзяўчына знайшла цэлы шэраг мікраарганізмаў, якія здольны не толькі ачышчаць глебу, але і стымуляваць рост і развіццё раслін, павышаць іх здольнасць супраціўляцца неспрыяльным фактарам урбанізаванага асяроддзя, а таксама хваробам.

Трэцяе месца дасталася яшчэ адной навучэнцы І.А.Рускіх Марыі Лаўрыва, якая знайшла спосаб атрымання натуральнай малочнай закваскі для гатавання малочнакіслых прадуктаў дома. Заваявала “бронзу” і Настасся Саладоўнікава з гімна-­
зіі № 3 Віцебска, якая правяла цікавае энтамалагічнае даследаванне.

У некаторых пераможцаў у гэтай секцыі, у адрозненне ад усіх астатніх фіналістаў, не будзе магчымасці выдыхнуць і адпачыць, бо ўжо гэтымі днямі для іх пачынаецца падрыхтоўка да ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах экалагічнага профілю.

Але, па меркаванні журы, гэтыя намаганні, асабліва зробленыя ў бок сваёй будучай прафесіі, таго вартыя.

“Прафесія вучонага — гэта жыццё, напоўненае сэнсам і шчасцем. Хіба не шчасце выказваць здагадкі і гіпотэзы, правяраць іх у эксперыменце і са здзіўленнем выяўляць, што тое, што нарадзілася ў цябе ў галаве, становіцца прызнаным навуковым фактам, тэорыяй або новай тэхналогіяй, ператвараецца ў новыя гатункі, важныя адкрыцці, якімі будзе ганарыцца ўся краіна? Гэта прыносіць вялікае задавальненне. Таму я вам жадаю застацца ў вялікай навуцы і рабіць у ёй свае ўласныя адкрыцці”, — падагульніў А.Г.Давыдзенка.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і Настассі НАРЭЙКА.