Ёсць тысячнікі!

Майстры вытворчага навучання Пётр Мікалаевіч Самсанюк і Дзмітрый Пятровіч Тамяловіч сталі трыумфатарамі жніва-2019. Пётр Мікалаевіч на камбайне вытворчасці “Гомсельмаш” намалаціў 1000 цэнтнераў зерня, а Дзмітрый Пятровіч тысячу цэнтнераў зерня перавёз на аўтамабілі МАЗ.

Жніво ў каледжы завяршылі вечарам у нядзелю — 18 жніўня. Герояў уборкі павіншавалі адразу ў полі. Словы па­дзякі прагучалі ад кіраўніцтва раёна і кіраўніцт­ва навучальнай установы.

Як расказаў дырэктар Ашмянскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа Віктар Іванавіч Вайшнаровіч, у гэтым годзе было пасаджана 200 гектараў рапсу, 125 гектараў ячменю, 335 гектараў пшаніцы. Сярэдняя ўраджайнасць склала каля 32 цэнтнераў з гектара, што вышэй за сярэднераённы паказчык.

Пётр Мікалаевіч Самсанюк працуе ў каледжы звыш 35 гадоў. Ён таксама вопытны механізатар. Яго стаж удзелу ва ўборачнай кампаніі — некалькі дзясяткаў гадоў. А вось яго калега Д.П.Тамяловіч упершыню ўдзельнічаў ва ўборцы і адразу паказаў такі значны вынік.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Дзмітрыя АЎДЗЕВІЧА.