Ёсць у глыбінцы Беларусі…

- 15:19Нам пішуць

Ёсць у глыбінцы Беларусі — сярод палёў, лясоў, на беразе чароўнага возера — прыгожая вёсачка Арэхава Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. З кожным годам памяншаецца колькасць дзяцей у Арэхаўскай сярэдняй школе, але колькі б нас не было, мы заўсёды будзем шанаваць сваю мову, мову нашага народа — беларускую, бо яна найстаражытнейшы помнік беларусаў, яго боль і радасць, выпакутаваная пакаленнямі.

У нашай установе адукацыі выкладанне вядзецца па-беларуску, дзеці з павагай ставяцца да роднай мовы, і таму мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы, сустрэлі з цікавасцю і ўзялі ў ім актыўны ўдзел.

Пачатковыя класы распрацавалі і паказалі тэатралізаваныя фрагменты святкавання Калядаў на Беларусі. Калядаўшчыкі ішлі з Казой, Каляднай зоркай, наперадзе гурта — прыгожая дзяўчына Шчодра, якая спявала песню “Учора з вячора”, а Гаспадар з Гаспадыняй частавалі дарагіх гасцей.

Ладзілася конкурсная праграма на лепшага чытальніка вершаў пра беларускую мову. Шасцікласнікі паказалі пастаноўку “Першыя крокі самастойнасці”, у якой адлюстравалі жыццё вучня ў савецкія часы, яго выхаванне ў сям’і, і ўсё па-беларуску.

Вядучыя — вучні дзявятага класа — адкрывалі мерапрыемства разам з класным кіраўніком прыгожымі словамі вядомага паэта “Любіць сваё — зусім не значыць / Чужое ганіць, адмаўляць, / Вось за чужым свайго не бачыць, / Не вывучаць, не шанаваць / Злачынствам будзе, без сумнення, / Бо ёсць такі закон жыцця: / Шануй чужое аж да пакланення, / Сваё любі да самазабыцця…”

Вучні дзявятага класа выступілі з агітбрыгадай “А хто там ідзе?” (верш Я.Купалы), пазнаёмілі з гісторыяй станаўлення беларускай мовы, перыядамі заняпаду, ганення і адраджэння.

Старшакласнікі (11 клас) прадэманстравалі стаўленне да беларускай мовы на прыкладзе баек Кандрата Крапівы “Дыпламаваны баран”, “Ехаў Дзедка на кірмаш”, “Ганарысты парсюк”. І якое ж мерапрыемства без беларускай песні — мілагучнай, ласкавай, вясёлай, камічнай: “А я ў печы не паліла мілы, мой міленькі…”

Усю бутафорыю вучні рабілі сваімі рукамі: і беларускую печ, і куфар, рыхтавалі сабе касцюмы, прынеслі з хаты тканыя ручнікі, палавікі (ходнікі), сплялі плецень і нават павесілі на яго гліняныя збанкі.

Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць дзяцей, кожны адчувае сябе патрэбным, выяўляюцца здольнасці і магчымасці, узмацняецца цікавасць да роднай мовы, роднага слова, спадчыны.

Інфармацыю падрыхтавала бібліятэкар
Арэхаўскай сярэдняй школы Ала Леанідаўна Крышталік