Ёсць у каго вучыцца

- 10:26Людзі адукацыі

Ужо больш за 20 гадоў нястомна дорыць часцінку душы сваім вучням настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 34 Мінска Святлана Генадзьеўна Зыкава, з’яўляючыся суразмоўцам, сусябрам не толькі для навучэнцаў школы, але і для сваіх калег.

Святлана Генадзьеўна — выпускніца Цюменскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесійны педагог, сапраўдны знаўца сваёй справы. Колькі сіл, дабрыні, ведаў, настойлівай працы спатрэбілася, каб за гады сваёй дзейнасці даць трывалыя, глыбокія веды дзясяткам навучэнцаў. Гэта педагог, які знаходзіцца ў вечным пошуку.

С.Г.Зыкава — настаўнік, які на самым высокім узроўні ведае свой прадмет і дасканала валодае методыкай выкладання нямецкай мовы. Яна даступна і проста тлумачыць нават самы складаны вучэбны матэрыял сваім навучэнцам, у той жа час заўсёды знаходзіць час пагутарыць на штодзённыя тэмы. Нездарма яе выпускнікі пастаянна прыходзяць, каб выказаць удзячнасць, падзяліцца поспехамі і няўдачамі, папрасіць парады і знайсці такія часам неабходныя падтрымку і спагаду.

Навучэнцы Святланы Генадзьеўны сістэматычна дэманструюць высокі ўзровень ведаў на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, конкурсе даследчых работ. Гэта і нядзіўна, таму што ўрокі С.Г.Зыкавай вызначаюцца нестандартнай методыкай выкладання, яны заўсёды цікавыя, займальныя, эмацыянальныя, павучальныя, праходзяць з выкарыстаннем новых тэхнік і прыёмаў. Настаўніца ўвесь час імкнецца дасягнуць добрага выніку праз калектыўную творчасць і ўзаемадзеянне, стараецца актывізаваць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў на ўроках, матываваць на вывучэнне свайго прадмета, выкарыстоўваючы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і прыцягваючы дзяцей да самастойнай пастаноўкі мэт і задач урока і іх калектыўнага вырашэння.

Работа з высокаматываванымі навучэнцамі — асобная ніша ў прафесійнай дзейнасці Святланы Генадзьеўны. Ёсць сярод іх і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Настасся Лапцянок у 2011 годзе была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені на заключным этапе конкурсу даследчых работ. Уладальнікі дыпломаў ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове — Міхаіл Слаўнікаў (2013 год) і Ягор Жарын (2015 год).

З 2006 года С.Г.Зыкава з’яўляецца ініцыятарам партнёрскіх адносін з агульнай школай горада Зоста (ФРГ, Паўночны Рэйн-Вестфалія), а таксама падтрымлівае цесныя прафесійныя кантакты з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. Сваімі ведамі і вопытам яна дзеліцца з калегамі не толькі ў школе, але і за яе межамі, удзельнічае ў розных метадычных мерапрыемствах, з’яўляецца пастаянным рэцэнзентам вучэбных дапаможнікаў па нямецкай мове.

У кіраўніцтве метадычным аб’яднаннем настаўнікаў замежнай мовы Святлана Генадзьеўна вялікую ўвагу ўдзяляе пытанням самаадукацыі, вывучэнню новых педагагічных ідэй і знаходак, імкнецца асвойваць сучасныя педагагічныя тэхналогіі. Таксама С.Г.Зыкава на працягу многіх гадоў з’яўляецца настаўнікам для маладых калег. Менавіта пад яе кіраўніцтвам малады спецыяліст Юлія Міхайлаўна Тажун, настаўніца англійскай мовы, стала пераможцай школьнага фестывалю па падтрымцы маладых педагогаў “Зялёны яблык — 2017”.

Безумоўна, усе калегі, бацькі і, канечне, навучэнцы школы бачаць, што ім ёсць у каго вучыцца прафесіяналізму, захопленасці сваёй работай і імкненню дасягаць высокіх вынікаў ва ўсім.

Наталля КОТАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 34 Мінска.