“Ёсць варыянт праекта новага Асноўнага закона”

- 16:15Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 верасня прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі

Указ аб Канстытуцыйнай камісіі для рэалізацыі палажэнняў рэзалюцыі VI Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка падпісаў у сакавіку бягучага года. Ёй было даручана распрацаваць прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і забяспечыць іх усенароднае абмеркаванне.

У склад Канстытуцыйнай камісіі ўваходзяць 36 чалавек. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай навукі, грамадскіх аб’яднанняў, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы — заслужаныя і аўтарытэтныя людзі, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Кіруе работай камісіі старшыня Канстытуцыйнага Суда заслужаны юрыст Беларусі Пётр Міклашэвіч. Яго намеснікі на пасадзе старшыні камісіі — старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ула­дзімір Андрэйчанка і Наталля Качанава.

Камісію надзялілі правам пры неабходнасці задзейні­чаць у рабоце кіраўнікоў і спецыялістаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый.

Вынікам серыі праведзеных пасяджэнняў стаў унесены прэзідэнту праект з прапановамі па змяненні шэрага палажэнняў дзеючай Канстытуцыі. Па выніках праведзенай работы прапануецца змяніць 53 артыкулы Канстытуцыі, увесці 14 новых артыкулаў і 3 артыкулы выключыць.

З улікам сучасных тэндэнцый развіцця канстытуцыйнага заканадаўства

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзя­чы папярэднія вынікі работы Канстытуцыйнай камісіі на яе пашыраным пасяджэнні, заявіў, што ёсць варыянт праекта новага Асноўнага закона.

“Мінулі месяцы напружанай працы, вялікай работы, спрэчак, прэтэнзій адно да аднаго. На наш заклік пры­няць удзел у распрацоўцы новай рэдакцыі Асноўнага закона адгукнулася вялікая колькасць людзей, у тым ліку грамадскія аб’яднанні, — сказаў кіраўнік дзяржавы, адкрываючы пасяджэнне. — Вам давялося дэталёва вывучыць усе прапановы і ініцыятывы, прааналізаваць сусветны вопыт дзяржаўнага будаўніцтва, вывучыць сучасныя тэндэнцыі развіцця канстытуцыйнага заканадаўства. Гэта, безумоўна, вялікая работа”.

Аляксандр Лукашэнка па­дзякаваў усім членам камісіі за адказны падыход да справы, неабыякавасць, шчырасць і ўключанасць.

“Я ўважліва сачыў за працэсам, слухаў вашы выступленні ў сродках масавай інфармацыі. Словам, быў уключаны ў тое, што адбываецца. Можна канстатаваць, што ёсць варыянт праекта новага Асноўнага закона краіны”, — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў сістэм­ны характар прапанаваных змяненняў, якія закра­наюць практычна ўсе раздзелы Канстытуцыі. Папраўкі, паводле яго слоў, накіраваны на тое, каб зрабіць Асноўны закон краіны больш сучасным.

Асобна кіраўнік дзяржавы вылучыў тыя палажэнні, якія яму імпануюць у прапанаваным праекце.

Каштоўнасныя арыенціры грамадства

Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў замацаванне ў Канстытуцыі каштоўнасных арыенціраў грамадства, у тым ліку захаванне гістарычнай праўды і памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

“На мой погляд, гэта абсалютна правільна. Менавіта па­трыятызм і гістарычная па­мяць робяць нас сапраўды адным народам, адзінай нацыяй. Калі мы ў Канстытуцыі акцэнтуем увагу на гэтым, то, давайце так, папросту кажучы, гэта нам не пашкодзіць, гэта не будзе супярэчыць нормам і прынцыпам юрыспрудэнцыі”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць

“Вы правільна прапануеце пакінуць непахіснымі канстытуцыйныя прынцыпы, накіраваныя на забеспячэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, — зга­дзіўся з прапанаванымі папраўкамі Аляксандр Лукашэнка. — З імі мы адбыліся як нацыя, як суверэнная дзяржава, аб якой наш народ марыў стагоддзямі”.

Пераемнасць сацыяльнай палітыкі

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Асноўным законе прапануецца захаваць пераемнасць сацыяльнай палітыкі дзяржавы і нават прыкметна павысіць узровень сацыяльнай абароненасці грама­дзян. “З гэтым я згодны. Гэта адпавядае дзяржаўнаму курсу, які падтрымлівае боль­шасць грамадзян краіны. Але тут ёсць небяспека скаціцца да льгатавання ўсяго і ўся. Вось гэтага дапусціць нельга ні ў якім разе, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Сацыяльная абароненасць — гэта не ёсць пашырэнне льгатавання”.

Беларускі лідар лічыць, што новая Канстытуцыя павінна прадаставіць, калі гэта магчыма, большыя магчымасці для самарэалізацыі людзей, чым цяперашняя. “Нашы людзі вельмі прывязаны да дзяржавы і лічаць, што дзяржава павінна рабіць усё (боль­шасць грамадзян, не ўсе) — ад рамонту агароджаў да будаўніцтва жылля”, — заўважыў прэзідэнт. У будучыні, на яго думку, сітуацыя павінна паступова мяняцца.

“Упэўнены, што беларусы пазітыўна ўспрымуць прапановы камісіі аб замацаванні гарантый пенсіённага забеспячэння, падтрымкі сем’яў з дзецьмі, каштоўнасці сям’і і шлюбу, роўных магчымасцей для асоб з інваліднасцю”, — заявіў беларускі лідар.

Гарманізацыя палітычнай сістэмы і пераразмеркаванне паўнамоцтваў

Як адзначыў кіраўнік дзяр­жавы, адна з важных прапаноў Канстытуцыйнай камісіі тычыцца палітычнай сістэмы краіны і накіравана на тое, каб зрабіць яе больш гарманічнай і збалансаванай, пераразмеркаваўшы паўнамоцтвы прэзідэнта, парламента і ўрада, устанавіўшы канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу, Цэнтрвыбаркама.

“Таксама прапанавана пашырыць гарантыі судовай абароны правоў грамадзян. Пра­працавана практычна ўсё, аб чым мы сталі гаварыць задоўга да пачатку работы Канстытуцыйнай камісіі”, — сказаў беларускі лідар.

Аб спрэчных момантах у праекце

“Не магу не спыніцца на спрэчных момантах. Я не знайшоў пераходных палажэнняў, якія даюць адказы на пытанні, як будуць дзейні­чаць органы ўлады пасля прыняцця Канстытуцыі (калі гэта з Канстытуцыі не вынікае, нам трэба будзе дапрацаваць у гэтай частцы, пераходныя палажэнні павінны быць, каб не ўтварыўся нейкі вакуум), як будзе фарміравацца Усебеларускі народны сход, як бу­дзе працаваць Упаўнаважаны па правах чалавека? Вядома, можна адаслаць усё да законаў і падзаконных актаў. Гэта таксама нармальная тэхналогія. Але пажадана, каб фундаментальнае было замацавана ў Канстытуцыі. У праекце не прадугледжаны дэкрэты. У такім выпадку што будзе з ужо выдадзенымі? Яны прыняты да Канстытуцыі, у законы іх перанясём у рэшце рэшт. Я не думаю, што гэта вялікая праблема. Але, тым не менш, спецыялісты гавораць, што тут ёсць пытанне. Няма адказу, якім будзе механізм правя­дзення выбараў у адзіны дзень галасавання пры датэрміновым роспуску палат парламента”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што назваў не ўсе праблемныя пытанні, іх значна больш. “Адным словам, нам ёсць што абмеркаваць. Мы павінны беражліва і рацыянальна паставіцца да прапаноў, якія па тых ці іншых прычынах не ўлічаны ў падрыхтаваным праекце Канстытуцыі. Акрамя таго, упэўнены, што паступяць прапановы і ў хо­дзе ўсенароднага абмеркавання”, — сказаў ён.

Прэзідэнт лічыць правільным, калі наступнай дашліфоўкай праекта Канстытуцыі зоймуцца эксперты-юрысты, якія ў кароткія тэрміны да­працуюць тэкст з улікам вынікаў абмеркавання, устароняць юрыдычныя супярэчнасці. “Не думаю, што юрысты павінны працаваць адны. Тут павінны быць вопытныя людзі, асабліва кіраўнікі. Канстытуцыю ні адзін юрыст не напіша. Гэта павінны быць практыкі, людзі ад жыцця. Каб юрысты, абмеркаваўшы тыя ці іншыя пытанні, маглі іх правільна юрыдычна сфармуля­ваць”, — адзначыў беларускі лідар.

Рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі

Рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі адбу­дзецца не пазней за люты 2022 года, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

“Важна, каб уся праведзеная работа па канстытуцыйным будаўніцтве стала асновай для кансалідацыі беларускага грамадства, заклала трывалы прававы фундамент для развіцця краіны на перспектыву. Упэўнены, так і будзе, таму што канчатковае рашэнне прыме народ. Як я ўжо гаварыў, рэферэндум адбудзецца не пазней за люты будучага года”, — сказаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў грамадстве існуюць розныя пункты гледжання, асабліва сярод людзей, якія шмат зрабілі для станаўлення дзяржавы. Ёсць, у прыватнасці, і тыя, хто лі­чыць, што рэферэндум непатрэбны і трэба ісці цяперашнім шляхам, не мяняючы Канстытуцыі. “Гэта не прымаецца. Мы паабяцалі правесці рэферэндум па Канстытуцыі. Ад нас патрабавалі “перамен” і не толькі. Мы самі разумелі, што сутнасць жыцця ў тым, каб пастаянна мяняцца. Толькі на карысць павінна быць. Перамены — гэта не ломка, не злом, а эвалюцыйнае развіццё”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Канстытуцыя патрэбна, таму што патрэбны нармальны рух наперад. Будзем разумець гэта як перамены. І гэта разумна, калі мы перамены ажыццяўляем ні з сяго ні з таго, а грунтуючыся на фундаментальным. І гэта ўсё павінна быць законна. Канстытуцыя якраз і закладзе асновы гэтых перамен”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Канстытуцыя для беларускага народа

У краіне робяць Канстытуцыю для беларускага народа, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

“Калі вы дакранаецеся да праекта Канстытуцыі, думайце пра сваіх дзяцей. Таму што ім жыць. Ну і мы яшчэ паміраць не збіраемся”, — параіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры змяненні Канстытуцыі трэба адказваць на два асноўныя пытанні: навошта гэта робіцца і каму гэта патрэбна. Пры гэтым адказу на пытанне, што гэтага не трэба рабіць, быць не павінна. “Канстытуцыю мы павінны ўдасканаліць, якой бы добрай яна ні была. Таму што працэсу ўдасканалення няма мяжы”, — сказаў прэзідэнт.

“Сёння новы час, сёння сітуацыя іншая”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Канстытуцыі трэба таксама ўлічваць і ўрокі падзей мінулага года, калі апаненты спрабавалі фактычна разбурыць краіну. “Мы пасля мінулага года разумеем, што іх дапусціць да ўлады нельга. Таму што гэта не толькі нас ліквідуюць. Добра б нас… Зні­шчаць краіну! Таму Канстытуцыя новая павінна ўлічваць гэтыя нюансы. І гэта больш будзе адносіцца да органаў улады, іх паўнамоцтваў, функцый”, — сказаў прэзідэнт.