Юбілейны тыдзень спорту і здароўя

- 11:02Спартыўныя падзеі

Тыдзень спорту і здароўя праходзіць у Беларусі. Днямі яго ўрачыстае адкрыццё адбылося на пляцоўцы шматфункцыянальнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна”.

“Мы шчыра рады раздзяліць з вамі гэтае цудоўнае свята, — адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў. — Усе мы жадаем, каб наша краіна была шчаслівай, квітнеючай і здаровай, а гэта можа здзейсніць толькі здаровая моладзь”. Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў зазначыў, што сёлетні тыдзень з’яўляецца юбілейным, пятым па ліку, і што ў Беларусі паступова складваецца традыцыя асацыіраваць верасень не толькі з пачаткам навучальнага года, але і з пачаткам актыўнага спартыўнага жыцця навучэнцаў і студэнтаў.
“Сёння модна быць здаровым, — адзначыў кіраўнік сістэмы. — І ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам!”
“Спорт — тое, што нас аб’ядноўвае, — далучыўся да выступоўцаў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко. — Хочацца, каб гэты тыдзень стаў зыходнай кропкай спартыўнай актыўнасці моладзі на цэлы год”.
Таксама гасцей свята віталі віцэ-прэзідэнт НАК і генеральны дырэктар ШКСК “Мінск-Арэна” Мікалай Ананьеў, знакаміты кідальнік молата, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ Аляксандр Багдановіч.
У рамках спартыўнага свята прайшоў круглы стол “Шляхі ўдасканалення фізічнага выхавання падрастаючага пакалення: эфектыўная практыка і новыя падыходы”. Кола пытанняў, якія абмяркоўваліся, было шырокім. Гэта і змест вучэбных праграм па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, які трэба ўдасканальваць, і правядзенне факультатыву “Час здароўя і спорту” .
У поле зроку трапіў каляндар школьных спаборніцтваў. Увага была звернута на нацыянальныя праекты, накшталт “Залатая рыбка”, “Шкаліяда”.
“У найбліжэйшы час, спадзяюся, будзе ўкаранёны шэраг новых праектаў рэспубліканскага маштабу. Паралельна павінна ісці аптымізацыя ўжо традыцыйных спартыўных спаборніцтваў, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. — Што датычыцца студэнцкага спорту, то тут будучыня за ўніверсітэцкімі лігамі па відах спорту, якія ўжо сёння інтэграваны ў спаборніцкую практыку ўніверсіяд”.
Падчас круглага стала абмяркоўвалася фізкультурна-спартыўная інфраструктура ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі: наколькі яна дасканалая, як яе развіваць далей.
На парадку дня таксама было пытанне аб выкарыстанні інавацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе. “Распрацоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы паказваюць, наколькі запатрабаваныя і карысныя інтэрактыўныя праграмы па фізічнай культуры, па розных відах спорту і як іх можна выкарыстоўваць у вучэбным працэсе”, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі.
Круглы стол завяршыўся абмеркаваннем удасканалення практыка-арыентаванай падрыхтоўкі фізкультурных кадраў ва ўніверсітэтах краіны.
Працягнулі праграму спартыўнага свята маладзёжны флэш-моб “Беларусь — гэта мы”, паказальныя выступленні па тайландскім боксе, варкаўце, майстар-класы па відах спорту. Таксама прайшлі спаборніцтвы сярод малодшых школьнікаў па праграме “Дзіцячая лёгкая атлетыка”. На пляцоўках адбылася прэзентацыя работы спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў і фізкультурна-спартыўных цэнтраў сталіцы.

Наталля АЛЁХІНА,
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.