Юлія БЫКАВА: “Я ніколі не была летуценніцай”

- 9:00Моя школа

Сённяшняя госця праекта “Мая школа” на сваім прыкладзе даказала, што жыццёвыя сцяжынкі ўсё роўна прывядуць чалавека туды, куды імкнецца яго душа. Скончыўшы медыцынскі ўніверсітэт, яна пэўны час працавала ўрачом, а потым знайшла сябе ў творчасці. Яе прадукцыйны творчы тандэм з кампазітарам Яўгенам Алейнікам даў жыццё больш як тром сотням песень, якія спяваюць дзясяткі вядомых артыстаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пра сваю школу жыцця сёння нам расказвае аўтар песень, спявачка, салістка групы “Аўра” Юлія Быкава.

— Юлія, раскажыце, як прайшло ваша дзяцінства і школьныя гады? Што асабліва запомнілася з таго часу?

— Найперш скажу, што, відаць, у кожнага чалавека з дзяцінствам звязаны самыя прыемныя ўспаміны. Наша памяць так уладкавана, што мы запамінаем пераважна добрае, што было ў нашым жыцці, таму дзіцячыя ўспаміны толькі прыемныя.

Безумоўна, у школьныя гады былі не толькі радасці. Былі і пэўныя праблемы: і пасядзець павучыць, і паводзіць сябе добра — як і ва ўсіх. Але нават гэтыя ўспаміны грэюць душу.

Школа, у якой я вучылася першыя дзевяць гадоў, была звычайнай школай па месцы жыхарства — сярэдняя школа №118 Мінска. Усё было вельмі цікава і весела. А ў 10 клас я пайшла ў іншую школу, дзе прадметы, якія мне былі патрэбны для далейшага жыцця — хімія і біялогія, выкладаліся на павышаным узроўні: 40-я мінская школа тады была з хімічным ухілам і цеснымі сувязямі з хімфакам БДУ. А яшчэ я даведалася, што ў гэтай школе калісьці вучылася мая мама. Менавіта там я стала мэтанакіравана рыхтавацца да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. Бясспрэчна, вучобе стала ўдзяляць больш увагі, але і па-за вучобай у мяне было шмат захапленняў.

З педагогамі мне пашанцавала, бо ў абедзвюх школах у нас былі вельмі цікавыя настаўнікі: як першая настаўніца, якую мы нават крыху пабойваліся, так і настаўнікі-прадметнікі, якія не толькі добра ведалі свой прадмет, але і цікавіліся, як іх прадмет успрымаюць вучні. Вельмі актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, часта абараняла гонар школы на разнастайных конкурсах і канцэртах.

Вучыцца было лёгка. Дастаткова было проста ўважліва, не адцягваючы ўвагу, слухаць тлумачэнні настаўніка на ўроку, і можна было нават нічога не паўтараць дома.

Да таго ж, як кажуць, у мяне быў добра падвешаны язык. Ёсць людзі, якія ведаюць, але саромеюцца ці камплексуюць паказаць свае веды публічна (такіх людзей у маім жыцці сустракалася шмат, асабліва ва ўніверсітэце). У мяне было крыху інакш: нават калі нешта не давучыла, магла дадумаць, уключыўшы логіку, ніколі не гублялася і заўсёды выходзіла з сітуацыі пераможцай. Магчыма, таму ў мяне не было дрэнных адзнак ні ў школе, ні потым ва ўніверсітэце: я скончыла школу з залатым медалём, а ўніверсітэт амаль з чырвоным дыпломам (Смяецца.) — чацвёрак было няшмат.

Я ў прынцыпе ніколі не ведала, што такое тройка.

— Відаць, пра двойкі ўвогуле гаворкі не было…

— Неяк праскочыла, але выключна ў якасці пакарання за наплявальніцкія адносіны. Ну і нездавальняючыя адзнакі за паводзіны, бывала, траплялі ў дзённік. Дарэчы, першая пяцёрка і першае “нездавальняюча” па паводзінах у маім дзённіку з’явіліся на працягу аднаго тыдня.

У журнале я была ў самым пачатку спіса, бо прозвішчаў на “А” ў нашым класе не было, таму амаль заўсёды мяне выклікалі ў ліку першых.

— Адкуль з’явілася цікавасць да хіміі, біялогіі і медыцыны?

— У пяшчотным узросце мала хто з дзяцей ведае, чым будзе займацца ў далейшым жыцці. Шмат чым майму выбару паспрыяла сям’я. Мая бабуля Ніна Мікалаеўна вельмі хацела, каб я стала ўрачом, і яна ўвесь час ненавязліва (а часам і навязліва) падпіхвала мяне ў бок медыцыны. “У крайнім выпадку — у інстытут замежных моў,” — заўсёды казала яна. МамаТамара Васільеўна магла нейкім чынам паўплываць на мяне, але не чапала: ніколі не кантралявала, як я вучылася, і любіла хадзіць на бацькоўскія сходы, каб паслухаць, якая ў яе добрая дачка. (Смяецца.)

— У адным з вашых інтэрв’ю вы расказвалі, што пачыналі сваю творчую біяграфію з ансамбля песні і танца “Зорачка”. Раскажыце, калі ласка, пра гэты этап вашага жыцця.

— Практычна ўсе школьныя гады з 1 па 11 клас я займалася ў ансамблі песні і танца “Зорачка” Рэспубліканскага палаца піянераў. У той час калектывам кіравала Маргарыта Іванова. Я займалася любімай справай, у гэты час было шмат гастроляў і канцэртаў — жыццё было вельмі насычаным.

Сёння заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь узорным ансамблем песні і танца “Зорачка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі кіруе мой першы педагог Ала Міхайлаўна Навіцкая. Менавіта яна тады прывіла мне любоў да нацыянальнай культуры, народнай песні і беларускай мовы, і я за гэта ёй вельмі ўдзячна. Ды і яе ўрокі вакалу дарма не прайшлі. (Смяецца.)

— Наколькі складана было паступіць у прэстыжны медыцынскі ўніверсітэт?

— Асаблівых цяжкасцей не было, праўда, паступіла ў медуніверсітэт я не з першага разу. Першая спроба была няўдалай — мне банальна не хапіла балаў. Атрымалася так, што ў галаве ў мяне тады было каханне, і да экзаменаў я практычна не рыхтавалася. Прыходзіла туды з неразуменнем таго, што ўвогуле там раблю.

На наступны год пайшла на падрыхтоўчае аддзяленне ўніверсітэта. Адказнасці і стымулу вучыцца ў мяне было больш. Ішлі 90-я. Грошай асабліва не было, і ўсе аліменты, якія прыходзілі ад бацькі, ішлі на аплату вучобы. Я паспяхова скончыла падрыхтоўчае аддзяленне і на наступны год паступіла ў медыцынскі, набраўшы 19 балаў з 20 магчымых.

Самы любімы мой час — гэта нават не школьныя гады, а студэнцтва. Мне там было цікавей, чым у школе: і ў плане вучобы, і ў плане грамадскай работы.

— Менавіта ва ўніверсітэце сталі гуляць у КВЗ?

— Так. Мне было цікава тое, што адбывалася вакол мяне. Першыя два гады цалкам аддавалася вучобе, а калі зразумела, што вучыцца дастаткова лёгка, стала шукаць, куды прымяняць свае творчыя схільнасці. І, сапраўды, было з чаго выбраць: студэнцкія тэатры, мастацкая самадзейнасць… Але мяне найбольш прыцягвала спалучэнне песень і гумару, таму выбар прыйшоўся на КВЗ. Я і сёння лічу, што жыццё без гумару было б вельмі сумным.

— Ці сустракаецеся са сваімі аднакурснікамі?

— Да пандэміі дастаткова актыўна падтрымлівалі адносіны. Не забывайцеся, што мы ўсе ўрачы, і для маіх аднакурснікаў зараз не самы лёгкі час. Кантакты прыпыніліся, але ў сацыяльных сетках падтрымліваем сувязь, віншуючы адно аднаго са святамі.

— Вы пэўны час працавалі па спецыяльнасці, а музычная кар’ера захапіла значна пазней. Ці выкарыстоўваеце зараз веды, атрыманыя ва ўніверсітэце?

— Пасля атрымання дыплома ўрача я 10 гадоў працавала па атрыманай спецыяльнасці. Спачатку па размеркаванні ў Міханавічах, а пасля перайшла працаваць у адну з ведамасных паліклінік, бо дарога на работу толькі ў адзін бок займала ледзь не дзве гадзіны. А потым так здарылася, што пайшла ў дэкрэтны водпуск. І ў гэты час мяне цалкам захапіла творчасць: пачалася актыўная канцэртная дзейнасць, і на работу ў паліклініку пасля дэкрэта я ўжо не выйшла. Пісаць песні паралельна з асноўнай работай не праблема, а вось каб займацца канцэртнай дзейнасцю, прыйшлося выбіраць паміж медыцынай і музыкай.

Жыццё — такая штука, што без медыцыны сёння ніяк. Таму прымяняю свае веды “ў хатніх умовах”: да ўчастковага тэрапеўта ці педыятра ў маёй сям’і практычна ніхто не звяртаецца, але, бясспрэчна, калі патрэбна больш сур’ёзная медыцынская дапамога, звяртаемся да спецыялістаў.

21.09.2018 г.минск. музыкальная группа аура. артисты. семья. счасливые родители. саша, вова, евгенийолейник и юлия быкова. дети. фото дениса малышица.

— Калі адбыўся ваш дэбют на сцэне ў якасці спявачкі?

— У 2005 годзе я брала ўд зел у тэлепраекце тэлеканала АНТ “Сярэбраны грамафон”, дзе выканала нашу з Жэнем першую песню Whisper of Silence. Асаблівасць гэтай песні ў тым, што яна напісана на “тарабарскай мове”— гэта сумесь слоў з розных моў. Калі мы пачыналі пісаць песні, то спачатку не ўдзялялі асаблівай увагі тэкстам — галоўнае, каб яны не перашкаджалі слухаць музыку.

— Ваша работа па кантракце ў Бахрэйне — гэта спроба паказаць сябе за мяжой ці?..

— …Гэта быў спосаб зарабіць грошай, пры гэтым займаючыся тым, што любіш. У той час (гэта быў самы пачатак 2000-х) грошай за тую работу плацілі больш, чым у нас за любую іншую (сёння гэта ўжо не настолькі актуальна). Для студэнта і добрага вакаліста гэта быў сапраўды вельмі добры шанс.

— Там вы працавалі ў калектыве Meliora пад кіраўніцтвам Яўгена Алейніка. Як вы з ім пазнаёміліся?

— Наша знаёмства з маім будучым мужам адбылося яшчэ падчас захаплення КВЗ за некалькі гадоў да работы ў Бахрэйне. Для нумара нам трэба было запісаць фанаграму, і сяброўка Лена Быкава параіла звярнуцца да тады невядомага мне Яўгена Алейніка, які быў майстрам у гэтай справе. А калі праз некаторы час сталі шукаць, куды б паехаць працаваць, даведаліся, што Жэня набірае дзяўчат у калектыў. Так і паехалі. А там ужо і “зрасліся”. (Усміхаецца.)

Канечне, там працавалі як кавер-бэнд, спявалі сусветныя хіты, арабскую музыку. А папулярызацыяй сваёй творчасці вырашылі заняцца пасля таго, як вярнуліся з “заробкаў”. (Смяецца.)

— Якая песня стала вашым дэбютам як аўтараў?

— Песень у нас было дастаткова многа, але мы іх пісалі часцей у стол. І самім не было дзе іх спяваць, і іншым выканаўцам не прапаноўвалі. Першай нашай песняй, якая прагучала ў эфіры, была песня “Гары-гары” ў выкананні Ірыны Дарафеевай.

— А якую сваю песню лічыце самай удалай?

— Цяжка сказаць, бо ёсць некалькі песень, якія пайшлі ў людзі і палюбіліся публіцы. Калі гаварыць пра творчасць групы “Аўра”, у першым радзе будзе стаяць “Затрымай мяне”, якая ў 2010 годзе перамагла ў праекце тэлеканала АНТ “Музычны суд” і добра прапіярылася. Яшчэ адной даволі вядомай песняй стала “Так скучала я”. У яе не было афіцыйнага рэліза і гучнай прэм’еры, але яе вельмі любяць аматары нашай творчасці. У нас ёсць цікавы вопыт супрацоўніцтва з самымі значнымі народнымі і заслужанымі артыстамі нашай краіны. Адным з такіх хітоў стала кампазіцыя “Синеокая”, якую выканалі Анатоль Ярмоленка і Вікторыя Алешка. А калі гаварыць увогуле, то папулярных песень нашай “вытворчасці” вельмі многа. Сярод іх — знакавая для нас кампазіцыя “Первый снег”, якая была прызнана лепшай песняй 2013 года.

— Юлія, вершы і тэксты песень — гэта адно і тое ж ці розныя рэчы?

— Я думаю, розныя. У вершы і ў песні розная перадача думкі. Песня звычайна больш аформленая: ёсць куплет і прыпеў, брыдж. Безумоўна, ёсць цудоўныя песні, якія не пабудаваны па гэтай схеме, яны таксама цікавыя і значныя, іх вельмі шмат. Верш — больш самастойны і самадастатковы жанр. Вершы добра гучаць і без музыкі.

— Што першасна ў песні: музыка або тэкст?

— Я ніколі не пішу вершы. Звыйчайна яны ўзнікаюць разам з музыкай. Або я слухаю музыку, якую напісаў Жэня, і ў мяне нараджаецца тэкст.

— А Жэня тэксты піша?

— Тэксты ўсіх рэп-кампазіцый — гэта вынік яго працы.

21.09.2018 г.минск. музыкальная группа аура. артисты. семья. счасливые родители. игра на синтезаторе. музыкальные инструменты. фото дениса малышица.

— Як вы ставіцеся да таго, што спевакі перапяваюць вашы песні?

— Я абсалютна не супраць, і мяне вельмі радуе, што людзі слухаюць і спяваюць нашы песні. І чым больш гэтага будзе, тым лепш.

— Вашы песні атрымліваюцца ўдалымі, таму што вы з мужам добра адчуваеце адно аднаго, ці такі творчы тандэм магчымы з любым кампазітарам?

— У прынцыпе, я не ведаю, што такое працаваць з іншым кампазітарам. Зараз працую з лепшым кампазітарам нашай краіны: Жэня для мяне лепшы, і я не бачу ніякага сэнсу шукаць нешта яшчэ.

— Ці лічыце вы сябе вядомым чалавекам?

— У нейкай ступені — так. Калі пра цябе піша прэса, цябе запрашаюць на канцэрты, твае песні гучаць на радыё і тэлебачанні і набіраюць прагляды ў інтэрнэце — магчыма, гэта і ёсць папулярнасць. Ну і папулярнасць бывае розная: нехта вядомы на ўвесь свет, а некага добра ведаюць сябры і калегі.

Любы артыст імкнецца быць папулярным. На канцэртах, бывае, людзі здзіўляюцца, калі даведваюцца, што нейкая песня наша: песню чулі, а хто напісаў і спявае — не ведаюць. Што тычыцца аўтарства, то тут агульная тэндэнцыя ў тым, што кампазітары і аўтары тэкстаў, як правіла, знаходзяцца ў цені выканаўцы. За гэта бывае вельмі крыўдна, бо, на маю думку, гледачы і слухачы павінны ведаць, хто піша песні. Пахмутаву і Дабранравава ж ведаюць! І я буду вельмі ўдзячна артыстам, калі яны будуць гаварыць, чые песні яны выконваюць, бо першы складнік іх поспеху — яны самі, а другі — іх песні. Аўтараў песень таксама людзі павінны ведаць!

Аўтарскі калектыў у складзе Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка ў студзені 2019 года быў узнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў эстрадным мастацтве і стварэнне цыкла высокамастацкіх вакальных твораў патрыятычнай накіраванасці.

— Найбольш камфортна вы адчуваеце сябе як аўтар ці як выканаўца?

— У абедзвюх ролях мне вельмі добра. Я адчуваю задавальненне і ад добрай песні, і ад выступлення на сцэне. Па нюансах і адценнях гэта розныя пачуцці, але вельмі прыемныя.

— Ці спяваеце вы песні іншых выканаўцаў?

— Хутчэй не. Я, як і любы іншы вакаліст, ніколі не выканаю песню, напрыклад, лепш, чым Уітні Х’юстан, але, спяваючы сусветныя хіты, можна шмат што ўзяць для сябе ў тэхнічным плане і павысіць свой выканальніцкі ўзровень, раўняючыся на ўнікальныя галасы майстроў. У караоке не хаджу, бо трэба берагчы голас — канцэрты даюць каласальную нагрузку, і часта прыходзіцца літаральна маўчаць паміж выступленнямі.

— Самае галоўнае ваша музычнае дасягненне?

— Хочацца спадзявацца, што яно яшчэ наперадзе. (Смяецца.) Пакуль яшчэ можна працаваць і працаваць. Шмат што можна ўспомніць, але на сёння, мабыць, самая значная работа — гэта альбом “Куточак Беларусі”, за які мы ў 2018 годзе атрымалі прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Мы працавалі над ім не адзін год. У складзе творчага калектыву было шмат людзей розных прафесій, у тым ліку музыкантаў і вакалістаў. Выйшаў ён даволі вялікім тыражом і карыстаецца вялікай папулярнасцю.

Вельмі запомнілася работа над музычным афармленнем цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Мы з Жэнем напісалі музычную тэму і вершаваны тэкст, якія гучалі ў той момант, калі згасала полымя гульняў.

Ну і, бясспрэчна, уд зел у “Еўрабачанні” — таксама вялікі вопыт.

— Вы ўдзельнічалі ў большасці тэлепраектаў, якія рэалізоўваліся ў нашай краіне, а таксама мелі дачыненне да нашых канкурсантаў на дзіцячым і дарослым “Еўрабачанні”.

— Мы прымалі ўдзел у напісанні песні для Настассі Віннікавай, якая ў 2011 годзе прадстаўляла нашу краіну на “Еўрабачанні”: музыку і англійскі тэкст напісаў Жэня, а беларускі і рускі тэкст — я. Цікавым быў вопыт работы над музычным матэрыялам для Аляксея Жыгалковіча, які прынёс Беларусі перамогу на дзіцячым “Еўрабачанні” ў 2007 годзе. Уд зел у такіх конкурсах — стымул напісаць нешта новае і цікавае. Да таго ж “Еўрабачанне” — гэта добры спосаб паказаць новыя грані сваёй творчасці і нешта сказаць свету.

— Ці не думалі адкрыць сваю, напрыклад, вакальную школу?

— Падчас усіх праектаў, да якіх мы маем дачыненне (напрыклад, падрыхтоўка нумароў для дзіцячага “Еўрабачання”), мы займаемся ўсім поўнасцю, і педагогікай у тым ліку. Безумоўна, бяром у каманду харэографаў і пастаноўшчыкаў, але тое, што тычыцца вакалу і шэрага сцэнічных момантаў, выконваем самі. Думкі пра сваю школу былі, але, шчыра кажучы, на гэта няма часу.

— Ці ёсць у вас пакуль што нерэалізаваныя планы?

— Так ці інакш гэта будзе звязана з творчасцю. На самай справе, ёсць шмат цікавых рэчаў, якія можна прыдумаць і рэалізаваць. Здымаць кліпы я ўжо спрабавала, тым больш што Жэня можа ўсё здымаць і манціраваць, а я магу ўдзельнічаць як рэжысёр. Хочацца нейкіх новых праектаў, але менавіта ў творчасці. А так, каб усё кінуць і заняцца нечым дыяметральна супрацьлеглым… Гэта магчыма толькі ў якасці дадатку да таго, што сапраўды цікава. І пакуль што ўсё кардынальна мяняць і ісці ў іншым напрамку ў мяне няма ніякага жадання.

— Што спраўдзілася з таго, пра што марылі ў дзяцінстве?

— Думаю, любая жанчына марыць пра тое, каб у яе была сям’я і дзеці, — гэтая мара ў мяне спраўдзілася. У школьныя гады марыла ста ць артысткай — здаецца, зараз магу лічыць сябе артысткай. (Смяецца.) Шчыра кажучы, я ніколі не была летуценніцай, але і мэтанакіравана не ішла да вызначанай мэты. Атрымалася — значыць, так павінна было здарыцца.

— Ці праяўляюцца ў вашых сынах творчыя гены?

— Безумоўна. Творчыя здольнасці ў іх ёсць. Старэйшы, Аляксандр, якому ўжо 13, як амаль усе дзеці зараз, больш цікавіцца камп’ютарным дызайнам. А чатырохгадоваму Уладзіміру вельмі падабаецца танцаваць і спяваць, але пакуль яшчэ рана гаварыць, ці стане ён, напрыклад, музыкантам.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Юліі Быкавай.