Юлія КАВАЛЁВА: “Не змагла б жыць больш нідзе… Толькі тут!”

Я сустрэўся з Юліяй Кавалёвай у адным з самых старых мінскіх будынкаў на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе пабудовы ХVIII стагоддзя, якая ў розныя часы належала вядомым мінчанам (у канцы ХVIII стагоддзя графу Міхаілу Пшаздзецкаму, у пачатку ХІХ стагоддзя двараніну Андрэю Станкевічу, затым — мясцоваму ўрадніку Юрыю Кабылінскаму), потым пэўны час была прыстасавана пад мужчынскае духоўнае вучылішча, а ўжо ў савецкі час — пад абласны ваенкамат. Старыя людзі з карэнных мінчан і сёння памятаюць гэты адрас менавіта як адрас былога ваенкамата, але ў нашы дні ад былой ваенкамацкай трывожнасці і сумятні тут не засталося ні следу. Дакладней кажучы, пэўную сумятню тут можна назіраць і сёння, але зусім іншага кшталту: калі на экскурсію сюды, у Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага і адначасова галоўны офіс Музея гісторыі горада Мінска, прыходзяць вялікія групы наведвальнікаў, асабліва школьнага ўзросту, а яшчэ тады, калі ў залах са зменнай экспазіцыяй на першым паверсе рыхтуецца чарговая выстава, як гэта якраз было, калі я прыйшоў на сустрэчу з Юліяй за некалькі дзён да Дня горада і тут шчыравалі супрацоўнікі музея і скульптары, расстаўляючы экспанаты выставы “Мінск скульптурны” да 950-годдзя сталіцы…

Гэтымі днямі ў нас са­праўды вельмі багата клопатаў з падрыхтоўкай да святкавання юбілею, — гаворыць Юлія Кавалёва. — Адкрыццё выставы “Мінск скульптурны” ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага абяцае стаць знакавай падзеяй у культурным горадзе, у экспазіцыі будуць прадстаўлены як тыя скульптурныя вобразы, без якіх ужо немагчыма ўявіць нашу сталіцу, у тым ліку кантактная скульптура Жбанава (у выглядзе станковых кампазіцый), так і гістарычная скульптура, якая ўжо знікла, а таксама праекты скульптурных кампазіцый (працоўныя мадэлі і фотаздымкі), якія прапаноўваюцца аўтарамі для поўнамаштабнага ўвасаблення. Ва ўсякім разе экспазіцыю “Мінск скульптурны” можна назваць адмысловай выставай-даследаваннем, якая дае наведвальнікам магчы­масць прасачыць гісторыю горада менавіта праз скульптуру, якая аздабляла, аздабляе ці, магчыма, будзе аздаб­ляць гарадскую прастору. У гэтых скульптурных вобразах мы бачым, чым жыў і жыве Мінск, якія гістарычныя падзеі і постаці больш за ўсё некалі хвалявалі, сёння хвалююць яго жыхароў.

А “Мінск скульптурны” — гэта толькі адзін з выставачных праектаў, з якімі сустракае Музей гісторыі горада Мін­ска юбілей сталіцы. У структуру музея ўваходзяць 9 аб’ектаў, у многіх з якіх да юбілею пачалі працаваць спецыфічныя праекты, напрыклад, у Гарад­ской мастацкай галерэі твораў Л.Д.Шчамялёва (Рэвалюцыйная, 10) — выстава твораў сябра Беларускага саюза мастакоў Ілоны Касабука “Прызнанне ў любові”, у арт-гасцёўні “Высокае места” (Герцэна, 2А) — выстава жывапісу, графікі, мастацкага фота і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Мін­скія вокны”, у музеі “Лошыцкая сядзіба” (праезд Чыжэўскіх, 8) — выстава мастацкага тэкстылю “Разам з Мінскам” і інш. Калі ж непасрэдна 9 верасня вы вырашыце наведаць менавіта галерэю Савіцкага, то, акрамя “Мінска скульптурнага”, патрапіце яшчэ на выставу “Атэлье мінскага фатографа Майсея Напельбаума” (адкрыццё а 16-й) і на канцэрт-падарожжа “Па гарадах і краінах” (пачатак а 18-й).

— Такая разгалінаваная структура Музея гісторыі горада Мінска, ма­быць, стварае пэўныя цяжкасці ў каардынацыі дзейнасці філіялаў, кіраванні патокамі турыстаў асабліва на святы і г.д. З якіхсьці аналогій мне прыгадваецца хіба толькі Полацкі нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік, у склад якога ўваходзіць больш за 10 розных музеяў. Але ж Полацк — не агромністы Мінск, і ўсе полацкія музеі знаходзяцца ў адным гістарычным цэнтры горада…

— Дык жа і нашы музейныя аб’екты сканцэнтраваліся ў Верх­нім горадзе, хіба што Лошыцкі комплекс — далекавата. А ўвогуле, такая разгалінаваная структура гэта, як кажуць, палка з двума канцамі. З аднаго боку, тое, што ў нас няма адзінага вялікага будынка, дзе была б сканцэнтравана ўся гісторыя Мінска ад старажытнасці да нашага часу, гэта мінус. Наведвальнікам, асабліва тым, хто не сябруе з інтэрнэтам, напрыклад, тым жа пенсіянерам, раней сапраўды было цяжкавата сарыентавацца ў нашых філіялах. Але сёння, дзякуючы музеефікацыі навакольнага асяроддзя, кожны наш аб’ект з’яўляецца адначасова і музеем, і кропкай адной вялікай турыстычнай зоны з сеткай кавярняў і рэстаранаў, сувенірных крамаў, указальнікаў і г.д. Заблукаць у Верхнім горадзе сёння практычна немагчыма, і таму любы турыст можа за дзень абысці ўсе нашы музеі. Дарэчы, сёлета 3 сакавіка (дзень першай згадкі Мінска ў летапісе) мы ў якасці эксперымента зладзілі так званы музейны праменад — тады сабраліся тры вялікія экскурсійныя групы, для якіх мы правялі бясплатныя экскурсіі па ўсім Верхнім горадзе з наведваннем нашых музейных аб’ектаў. Кожная экскурсія заняла прыблізна дзве з паловай гадзіны. Людзі былі ў захапленні. І вось у гэтым якраз і заключаецца вялікі плюс пэўнай раскіданасці нашых аб’ектаў, бо не кожны музей можа сабе такое дазволіць — адначасова паказаць і свае філіялы, і сам горад, яго найбольш цікавую гістарычную частку. Між іншым прыблізна такая ж сітуацыя назіраецца з музеямі большасці вялікіх еўрапейскіх гарадоў — Варшавы, Кіева, Масквы і інш.

— А канкрэтна гэты будынак, дзе мы зараз з вамі знаходзімся, ці займае нейкае асаблівае месца сярод іншых аб’ектаў вашага музея?

— Безумоўна. Перш-наперш, гэта адзін з самых старых будынкаў Верхняга горада, якому цудам пашчасціла захавацца падчас Вялікай Айчыннай вайны. З гэтым домам звязана шмат легенд, лічыцца, што ён будаваўся спецыяльна для візіту апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста Станіслава Панятоўскага, які сапраўды наведваў Мінск у канцы ХVIII стагоддзя, праўда, ці спыняўся канкрэтна ў гэтым доме, невядома.

— Што значыць гэты дом асабіста для вас?

— Я тут працую ўжо сем гадоў, і для мяне гэта не проста музей, а менавіта дом. Заўсёды ідзеш сюды быццам бы на працу, але адчуванне такое, што ідзеш у дом, утульны, абжыты дом. Можа, такое адчуванне абвастраецца яшчэ і таму, што большую частку часу свайго існавання гэты будынак і быў якраз жылым домам.

— Ці можна сёння лі­чыць Мінск еўрапейскім горадам?

— Ну, што значыць еўрапейскім? Мне здаецца, кожны горад павінен імкнуцца найперш да сваёй індывідуальнасці, а ў Мінска, я лічу, гэтая індывідуальнасць ёсць. У нас не так шмат захавалася старадаўняй архітэктуры, наш гістарычны цэнтр цяжка параўнаць з тым жа Кракавам або Рыгай. Але наша пасляваенная гісторыя, архітэктурныя помнікі савецкага часу, наш галоўны праспект, а таксама цудам захаваныя куточкі драўлянага Мінска — гэта тое, што вы не зможаце знайсці ў іншых еўрапейскіх гарадах, і мы павінны гэтым ганарыцца, павінны раскручваць гэта як нашу турыстычную фішку.

— Помнікі Леніну, Дзяржынскаму і многім іншым фігурам савецкай гісторыі таксама можна занесці ў актыў турыстычнага Мінска?

— Ва ўсякім разе іх нельга руйнаваць: гэта наша гісторыя і тое, што не зможа ўбачыць у сябе дома заходні турыст.

— Юля, вы карэнная мінчанка?

— Так! (Усміхаецца. М.Ч.)

— Даруйце за такое дзіцячае пытанне, але за што вы любіце Мінск? І, напэўна, мінчан таксама?

— Для мяне гэта проста пачуццё радзімы, і я ведаю, што не змаг­ла б жыць ні ў якім іншым гора­дзе. А мінчане… Яны неад’емныя ад Мінска, сам горад можна любіць як бы праз яго людзей, праз мінчан.

— Вы лічыце іх у нечым асаблівымі?

— Лічу. Яны ўсё-такі дзіўныя крыху… Часам можа падацца, што яны не ўмеюць усміхацца, але, з іншага боку, калі ўжо захочуць самі ўсміхнуцца, пасмяяцца з сябе ці з некага іншага і ўсіх вакол насмяшыць, дык зробяць гэта так, як не зможа ніхто іншы! У сувязі з гэтым прыгадваецца гісторыя з адным з уладальнікаў гэтага дома Юрыем Кабылінскім. Гэта быў унікальны чалавек — калекцыянер, мецэнат, арганізатар розных культурных мерапрыемстваў. А яшчэ ён быў вялікі майстар пажартаваць. Была, напрыклад, такая гісторыя. Кабылінскі вельмі сябраваў з Дунінам-Марцінкевічам, часта пазычаў яму грошы, а той, здаралася, доўга не аддаваў. І аднойчы Кабылінскі вырашыў адпомсціць: замовіў у касцёле пахавальную імшу па Марцінкевічу. Прыхаджане прыходзілі ў касцёл, з жалем даведваліся, што памёр іх любімы драматург, плакалі нават… І тут заходзіць у касцёл сам Дунін-Марцінкевіч!

— А сённяшнія мінчане вас часта весяляць?

— Асабліва дзеці! За імі наогул забаўна назіраць, у прыватнасці, на інтэрактыўных экскурсіях у “Мінскай концы”, дзе яны асабліва любяць пасядзець у вагончыку і пазваніць дыспетчару, у “Карэтнай”, дзе яны з азартам гуляюць у электронную гульню “Карэтны майстар”, у Мінскай гарадской ратушы, дзе малыя любяць круціць глобус і насам­рэч спадзяюцца адшукаць край свету… Зрэшты, там і дарослым вельмі цікава. Дарэчы, многіх дарослых, сваіх бацькоў, прыво­дзяць да нас самі дзеці, папярэдне наздымаўшы фотак на свае тэлефоны і паказаўшы іх дома. А з самых смешных гісторый, якія здараліся на маіх вачах з дзецьмі, магу расказаць такую. Аднойчы, калі праводзіла экскурсію па галерэі Савіцкага, адна дзяўчынка-другакласніца (2 і 3 клас — гэта наогул мой любімы ўзрост наведвальнікаў!), якая, ма­быць, упершыню апынулася ў музеі, а да гэтага недзе па тэлевізары глядзела перадачу пра “Мону Лізу”, кожны раз пыталася ў мяне каля жаночых партрэтаў: “Это Мона Лиза? Это Мона Лиза?” Ёй так хацелася ўбачыць тут Джаконду! Экскурсія закончылася, тая дзяўчынка падбягае да мяне: “Так а где же Мона Лиза?” Я ёй кажу ласкава: “Яна ў Парыжы, мілая… Ты там абавязкова яшчэ пабываеш”. Яна на момант нібы аслупянела, апусціла вочы, а потым: “Так что же это за музей, если здесь нету Моны Лизы?!”

— Думаю, прыйдзе час, і гэтая дзяўчынка зразумее, што сваім трэба ганарыцца. І ўспомніць ваш музей з любоўю і ўдзячнасцю — як першы сапраўдны дотык да гісторыі роднага горада.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *