Юнацтва асвойвае новыя тэхналогіі: як прайшоў Roboquest SmartAgrо — 2023 на Гомельшчыне

- 14:40Репортаж

Абласны турнір па робататэхніцы, які прайшоў на Гомельшчыне сёмы раз, сёлета зрабілі тэматычным і назвалі Roboquest SmartAgrо — 2023. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Больш за 400 дзяцей з усіх раёнаў Гомельскай вобласці імкнуліся да таго, каб адпавядаць сельскагаспадарчай тэматыцы. Дарэчы, SmartAgrо — гэта разумная сельская гаспадарка, магчымасць выкарыстання агракомплексамі інавацыйных рашэнняў, якія дазваляюць максімальна аўтаматызаваць сельскую вытворчасць.

— Наша пляцоўка сабрала дзяцей, якія любяць дакладныя навукі: фізіку, матэматыку, хімію, інфарматыку, — звярнуўся да ўдзельнікаў турніру па робататэхніцы начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. — Мы ўшаноўваем тых, хто арыентаваны на сельскую гаспадарку, інавацыі, на тое, што можа дапамагчы развіццю і ўмацаванню эканамічнага патэнцыялу Беларусі.

Тут жа, у абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы, пераможцам рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў Hi-Тесh былі ўручаны дыпломы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, абсалютным пераможцам у нашай краіне стала каманда Гомельскай вобласці.

З распрацоўкамі юных аматараў навукі азнаёміўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Ён падрабязна цікавіўся тымі тэхналогіямі, якія прадставілі і выкарыстоўваюць ва ўстановах адукацыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна.

Напрыклад, у Залескай сярэдняй школе Чачэрскага раёна займаюцца вырошчваннем на продаж буякоў, а атрыманы ўраджай агародніны выкарыстоўва­юць у школьным харчаванні. Ва Уцеўскай сярэдняй школе Добрушскага раёна ўжо некалькі гадоў вырошчваюць агародніну і кветкі. У петрыкаўскай сярэдняй школе № 2 у якасці ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін выкарыстоўваюць толькі натуральныя рэчывы: цыбульнае шалупінне, яечныя шкарлупіны, медны дрот і лупіны ад бананаў.

— Мы робім акцэнт на экапрадуктах. Гэта цяпер папулярны кірунак, — з імпэтам расказ­вае вучаніца 10 класа Марыя Блінец. — Мы адкрыты да эксперыментаў. Напрыклад, па­дзялюся такім лайфхакам: каб казуркі не шкодзілі капусце, мы паміж радамі высаджваем аксаміткі.

 Майстар вытворчага навучання Гомельскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Кацярына Бабарыка прыцягнула да ўдзелу ў эксперыменце начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслана Смірнова. На яго далоні з дапамогай рэактываў была створана штучная кроў.

— Мы ў нашай лабараторыі займальнай хіміі прыгатавалі з розных рэактываў каляровую вадкасць, якая максімальна падобная на кроў чалавека. Першы раствор наносіцца як аснова, другі дае вішнёвы колер крыві, а трэці нейтралізуе ўсё назад у ваду. Гэты невялікі эксперымент, такая хімічная магія прыводзіць дзяцей у захапленне. Між тым фокус з рэактывамі працуе ў тым ліку на прафарыентацыю, — гаворыць Кацярына Бабарыка.

Мікіта Махаў, юны вынаходнік з гомельскага гарадскога ліцэя № 1, прадставіў распрацаваную мультыфункцыянальную атмасферную платформу, якую можна выкарыстоўваць для даследавання змянення клімату:

— Устанавіць можна самыя розныя датчыкі: знімаць даныя тэмпературы, узровень забру­джвання паветра, вільготнасць, ціск, УФ-выпраменьванне. Інфармацыя адпраўляецца на прыёмны модуль ці на тэлефон аператара. Прыбор зроблены на аснове метэаралагічнага зонда. Пасля ўздыму на шары да 40 кіламетраў ён спускаецца на парашуце назад. Датчыкі заменныя, дазваляюць скла­даць прагноз надвор’я і праводзіць сур’ёзныя навуковыя даследа­ванні.

Дзевяцікласнік школы № 10 Светлагорска Яраслаў Глушэц распрацаваў робатызаваны мостаўкладчык на гусенічным хо­дзе, прызначаны для дапамогі насельніцтву ў надзвычайных сітуацыях. Школьнік прэзентаваў макет з канструктара. Рэальную мадэль ён бачыць з лёгкіх, але моцных сплаваў металаў, з камерай на 360 градусаў, каб аператар бачыў сітуацыю:

— Укладчык мае тры часткі: хадавая частка, надбудова і мост. Ім можна кіраваць дыстанцыйна. Мостаўкладчык можна выкарыстоўваць у экстранных сітуацыях. Напрыклад, пры ўсталяванні часовага моста замест аварыйнага ці пры паводцы.

Між тым шматлікія гледачы турніру Roboquest SmartAgrо — 2023 змаглі не толькі ўбачыць экспазіцыі робататэхнікі, але і наведалі інтэрактыўныя пляцоўкі, фан-зоны і спаборніцтвы разумных машын, якімі кіру­юць зусім юныя будучыя інжынеры і вынаходнікі.

 Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара