ЮНЕСКА аб’ядноўвае

У Мінску прайшла Генеральная асамблея Еўрапейскай федэрацыі клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА, якая аб’ядноўвае больш за 20 Нацыянальных федэрацый клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА па ўсёй Еўропе і ЗША. Удзельнікамі асамблеі сталі каля 60 чалавек: прэзідэнтаў Нацыянальных федэрацый клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА, педагогаў, маладых лідараў з Румыніі, Сербіі, Іспаніі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Кіпра, Швецыі і іншых краін Еўропы, а таксама з Расіі, ЗША, Пакістана. Генеральная асамблея была прымеркавана да 15-годдзя стварэння Еўрапейскай федэрацыі клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА і праводзіцца ў рамках праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” і праекта гуманітарнага супрацоўніцтва “Клубы ЮНЕСКА ў дзеянні”.

Падчас асамблеі яе ўдзельнікі падвялі вынікі работы за апошнія 4 гады, выбралі новае кіраўніцтва. На цырымоніі адкрыцця выступілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь.

Прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА Даніэла Папеску адзначыла важную ролю БелАЮ ў супрацоўніцтве з моладдзю. У якасці прыкладу яна згадала Міжнародны летні ўніверсітэт, Акадэмію клубаў ЮНЕСКА, праекты па праграмах “Эразмус” і інш.

Значнасць клубаў ЮНЕСКА для адукацыі маладых людзей падкрэсліла і Наталля Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Першы радок нашага гімна гучыць так: “Мы, беларусы, — мірныя людзі”. Геапалітычнае становішча нашай краіны і ўся наша гісторыя гавораць пра тое, што Беларусь часта была пляцоўкай для войнаў, і таму мы, як ніхто іншы, бадай, цэнім мір. Сёння, калі на планеце вельмі неспакойна, наша краіна і яе кіраўніцтва робяць вельмі шмат для таго, каб войны спыніліся, і Беларусь з’яўляецца пляцоўкай для мірных перамоў. Мы гэта лічым сваёй місіяй. Мы цудоўна разумеем, што росквіту і поспеху дасягаюць толькі тыя краіны, якія ўкладваюць у сваю будучыню — дзяцей. І клубы ЮНЕСКА, якія працуюць на базе навучальных устаноў, выконваюць у тым ліку і гэтую міратворчую місію”.

Замежныя ўдзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю беларускіх клубаў ЮНЕСКА і праграмамі, па якіх яны працуюць. Па словах прэзідэнта БелАЮ Дзмітрыя Субцэльнага, гасцям цікавы вопыт Беларусі па развіцці інфармацыйных тэхналогій. “Мы актыўна выкарыстоўваем дыстанцыйную адукацыю, ствараем парталы, курсы. Людзі розных узростаў бясплатна з любога пункта не толькі Беларусі, але і зямнога шара могуць атрымаць веды па пэўных тэмах”, — сказаў Дзмітрый Юр’евіч.

Падчас сустрэчы яе ўдзельнікі намецілі планы на будучыню. Адной з важных перадумоў для гэтага стала падпісанне 10 мемарандумаў аб супрацоўніцтве Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА з нацыянальнымі асацыяцыямі ЮНЕСКА ЗША, Грэцыі, Кіпра, Францыі, Сербіі, Румыніі, Партугаліі і інш.

“Гэта акцэнты на супрацоўніцтва, якія цяпер замацаваны дакументальна, — падкрэсліў Дзмітрый Субцэльны. — Цяпер развіццё новых маладзёжных праектаў будзе ў прыярытэце як у нашай краіне, так і ў тых краінах, якія падпісалі мемарандум. Калі мы будзем арганізоўваць пэўны праект у Еўропе, у першую чаргу будзем супрацоўнічаць з гэтымі краінамі. І наадварот, калі нейкі міжнародны праект рэалізуецца ў Еўропе ці ў ЗША, у першую чаргу яго ініцыятары ўключаць у яго Беларусь”.

Абмяркоўвалі ўдзельнікі сустрэчы і тое, як аб’яднаць у межах федэрацыі клубы, якія ёсць у многіх краінах, напрыклад, у Літве, Латвіі, Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі, але працуюць самі па сабе, адасоблена, што б пашырыла кола партнёрскіх арганізацый, аб’яднала высілкі для вырашэння глабальных праблем: ідэй міру, праблем міграцыі, здаровага ладу жыцця, грамадзянскай адукацыі і інш.

“Мы дамовіліся агульным саветам, што кожны член выканаўчага камітэта возьме на сябе адказнасць за работу з пэўнымі краінамі ў кірунку папулярызацыі ў іх дзейнасці федэрацыі і далейшага далучэння да яе, — зазначыў Дзмітрый Субцэльны. — Беларусь, напрыклад, узяла адказнасць за Украіну, у якой няма ніводнага клуба ЮНЕСКА. Гэта крыўдна, асабліва ўлічваючы колькасць насельніцтва і маштабы краіны. І мы будзем старацца праз Міністэрства замежных спраў, Нацыянальную камісію па справах ЮНЕСКА знаходзіць людзей ці арганізацыі, якія змаглі б стварыць Украінскую асацыяцыю клубаў ЮНЕСКА. Ёсць вялікі патэнцыял і ў Літве, Латвіі, Польшчы”.

Прэзідэнт клуба ЮНЕСКА Сарбоны (Францыя) Аляксандр Проціч, які цяпер змяніў Дзмітрыя Субцэльнага на пасадзе віцэ-прэзідэнта Еўрапейскай федэрацыі клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА, адзначыў, што даўно ўважліва назірае за тым, як развіваецца БелАЮ і як актыўна беларуская моладзь падключаецца да міжнародных праектаў і ініцыіруе свае на тэрыторыі Беларусі.

“Французская федэрацыя клубаў ЮНЕСКА таксама вельмі актыўная, — гаворыць Аляксандр. — У нас каля 200 клубаў, палова з якіх працуе на базе школ і гімназій, а другая палова аб’ядноўвае студэнтаў і прадстаўнікоў пэўных прафесій, напрыклад, клубы ЮНЕСКА адвакатаў, вучоных. Самыя ж актыўныя — студэнцкія клубы. Маладыя людзі без усялякай дапамогі рэалізуюць мноства праектаў у межах такіх праграм, як “Грамадзянскае выхаванне”, “Нацыянальная ідэнтычнасць”, “Этыка”, “Супрацьдзеянне расавай дыскрымінацыі”, “Свабода слова”, “Моладзь у навуцы”, “Экалогія і энергазберажэнне” і інш. У нас шмат клубаў супрацоўнічаюць з Афрыкай па адукацыйных, гуманітарных праграмах, праграмах дапамогі і салідарнасці.

У Сарбоне ёсць некалькі праграм па папулярызацыі спадчыны вялікіх людзей: М.Тэсла, Ж.Ж.Русо, Канфуцыя, Р.Тагора, якія працуюць пад эгідай ЮНЕСКА і Міністэрства нацыянальнай адукацыі і Міністэрства па справах моладзі і спорту. Я, напрыклад, арганізоўваю гульнявыя практыкумы па развіцці неардынарнага мыслення, знаёмлю дзяцей 5—7 гадоў з канцэпцыяй Тэслы, сутнасць якой — пераўтварэнне навукі ў забаўляльнае пазнанне. Навучанне прайшлі ўжо тысячы дзяцей у больш як 20 краінах свету, а ў электронных адукацыйных праграмах прынялі ўдзел прадстаўнікі 130 краін свету.

10 снежня адзначаецца Сусветны дзень абароны правоў чалавека. У кірунку абароны правоў чалавека таксама актыўна працуюць нашы клубы. Акрамя таго, у гэты дзень мы будзем святкаваць яшчэ і 60-годдзе з дня ўтварэння французскай федэрацыі клубаў ЮНЕСКА”.

Для таго каб рэалізоўваліся ўсе ідэі маладых людзей, незалежна ад таго, у якой краіне яны жывуць, плануецца ініцыіраваць конкурс ідэй у сацыяльных сетках, дзе б маладыя людзі выказвалі ўласныя прапановы для клубаў. Будуць развівацца і праекты па абмене моладзі. Адзін з кірункаў, развіваць які дамовіліся ўдзельнікі мерапрыемства, — навучанне маладых удзельнікаў клубаў ЮНЕСКА менеджменту.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Рыгора ЛУКАШОНКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *