ЮНІСЕФ разлічвае на Беларусь у рэалізацыі дзіцячай палітыкі

Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) разлічвае на важкі ўклад Беларусі ў рэалізацыю дзіцячай палітыкі ў свеце. Аб гэтым заявіў 1 чэрвеня прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Сарвар у час спецыяльнага мерапрыемства “Партнёрства дзеля дзяцей”.

“У гэтым годзе прадстаўнік ад Беларусі ўваходзіць у склад выканаўчага савета пры ЮНІСЕФ. Я спадзяюся, што Беларусь, дзякуючы гэтаму назначэнню, унясе свой важкі ўклад у рэалізацыю парадку дня, які тычыцца дзяцей на глабальным узроўні”, — сказаў Рашэд Сарвар.

Ён таксама звярнуў увагу, што, акрамя дзяржавы, важнымі партнёрамі ЮНІСЕФ у краіне з’яўляюцца грамадзянская супольнасць і прыватныя кампаніі, паколькі яны ўносяць важкі ўклад у развіццё арганізацыі.

“У нас наладжаны цесныя сувязі і са спартыўнымі арганізацыямі. Мы рады, што падпісалі пагадненне аб партнёрстве з хакейным клубам “Дынама-Мінск”. У нас наладжаны партнёрскія сувязі з Беларускай федэрацыяй футбола, Нацыянальным алімпійскім камітэтам. Мы спадзяёмся заключыць такія ж пагадненні з іншымі прадстаўнікамі спартыўнага сектара Беларусі”, — адзначыў прадстаўнік ЮНІСЕФ.

Мерапрыемства “Партнёрства дзеля дзяцей”, якое было прымеркавана да святкавання Міжнароднага дня абароны дзяцей, прайшло ў Dipservice Hall. Яно было арганізавана Міністэрствам замежных спраў сумесна з Прадстаўніцтвам ЮНІСЕФ у Беларусі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *