Юны шукальнік

Сямікласнік Уладзіслаў Кумейша з Чэрнінскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна заняў 3-е месца ў намінацыі “Шукальнік” на міжнародным маладзёжным турніры па робататэхніцы “Кубак РТК — 2021”.

Беларускі этап спаборніцтва праходзіў у Брэсцкім навукова-тэхнічным парку. У ім удзельнічалі 16 каманд з нашай краіны і Расіі. Гэтае спаборніцтва родам з Санкт-Пецярбурга для маладых інжынераў, студэнтаў і школьнікаў, якія ствараюць робататэхнічныя комплексы для работы ў экстрэмальных умовах.

Турнір праводзіўся на спецыяльным выпрабавальным палігоне ў выглядзе рэканфігуруемай паласы перашкод з участкамі, што імітуюць умовы перасечанай мясцовасці і ўрбанізаванага асяроддзя, а таксама наступствы катастроф.

Уладзіслаў — адзіны прадстаўнік нашай краіны, які ўвайшоў у лік прызёраў. Ён прадставіў робата па імені Прывітанне, амаль цалкам створанага на 3D-прынтары і запраграмаванага на праходжанне пэўных перашкод.

Падлетак даўно захапляецца канструяваннем робатаў, наведвае ў школе заняткі па робататэхніцы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.