Юным магіляўчанам уручылі пашпарты

- 15:26Нам пішуць

У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у нашым раёне ў рамках усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў юным магілёўцам, якія дасягнулі 14 гадоў.

Несумненна, гэты дзень вучням запомніцца надоўга. І справа не толькі ў тым, што падлеткі былі запрошаны на ўрачыстую цырымонію ўручэння пашпартоў і ім трэба было атрымаць свой галоўны ў жыцці дакумент. З гэтага моманту юныя грамадзяне будуць самым непасрэдным чынам удзельнічаць у жыцці нашай дзяржавы.
Пад гучныя апладысменты гэты важны дакумент навучэнцам уручаў кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва В.Р.Лаўрыновіч. Акрамя пашпартоў, кожны вучань атрымаў падарунак — Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і кнігу “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

У рамках мерапрыемства калектыў дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.А.Рымскага-Корсакава падрыхтаваў для прысутных музычныя кампазіцыі, якія парадавалі гледачоў.

Будучыня Беларусі — у руках гэтых пакуль яшчэ зусім юных, але актыўных і мэтанакіраваных грамадзян нашай краіны. Верыцца, што з уласцівай ім энергіяй і энтузіязмам, ведамі і здольнасцямі яны зробяць усё неабходнае для таго, каб квітнелі Магілёўшчына і ўся Беларусь.

Таццяна МІХАЛЕВІЧ,
сацыяльны педагог сярэдняй школы № 9 Магілёва.