Юныя археолагі вывучаюць Беларусь

Не менш за 16 тысяч крокаў у дзень, сто знойдзеных артэфактаў, 15 незабыўных дзён у турыстычна-краязнаўчым лагеры “Юны археолаг” з новымі ўражаннямі, вопытам, планамі. Аб шостым сезоне работы гутарым з дырэктарам турыстычна-краязнаўчага лагера з кругласутачным знаходжаннем настаўніцай мастацтваў сярэдняй школы № 2 Слоніма Ірынай Яўгенаўнай Радзецкай.

— Ірына Яўгенаўна, шосты год працуе лагер “Юны археолаг”. А што цікавага было ў гэтым годзе?

— Асаблівасцю гэтага аздараўленчага перыяду з’яўляецца тое, што ў адрозненне ад мінулых гадоў лагерная змена доўжылася 15 дзён. Гэта стала добрай магчымасцю для правядзення больш дасканалых разведвальных работ па зборы паверхневых матэрыялаў і вывучэння наваколля Слонімскага раёна. Археалагічныя работы вяліся пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Алега Юр’евіча Ткачова, з якім мы супрацоўнічаем ужо трэці год. Лагер працаваў на базе Нова­дзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна, за што вельмі ўдзячны яе дырэктару Дзмітрыю Аляксандравічу Блізнюку. Дапамагала ў арганізацыі работы лагера і дырэктар сярэдняй школы № 2 Слоніма Людміла Мікалаеўна Лапацей.

У складзе лагера было 20 дзяцей ва ўзросце ад 8 гадоў, у тым ліку 17 дзяцей з мнагадзетных сем’яў. А вучацца яны ў слонімскіх школах №№ 2, 3, 4, 5, 9, 10, гімназіі, Жыровіцкай сярэдняй школе, было і трое вучняў з 151-й школы Мінска.

— Як была арганізавана работа юных археолагаў? Што вабіць дзяцей у такім правя­дзенні адпачынку?

— Вынікам археалагічнай работы сталі знаходжанне шасці археалагічных стаянак уздоўж ракі Грыўда і вызначэнне месца раскопу ў раёне вёскі Папкі. Штодня да месца раскопу мы прахо­дзілі чатыры кіламетры і столькі ж назад, што ў пераліку на крокі складала шаснаццаць тысяч. Гэта якраз адпавядала дэвізу лагера “У здаровай нацыі — здаровы дух і цела”. Па праграме лагера ў першай палове дня праводзіліся краязнаўчыя археалагічныя даследаванні. За ўвесь перыяд у раскопе і шурфе знойдзена больш за сто артэфактаў, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць.

А вабіць дзяцей, на маю думку, цікавая арганізацыя і незвычайная справа. Кожны з выхаванцаў меў сваё даручэнне. Гэта таксама адна з традыцый нашага лагера. Каб не забыць усё, што адбывалася ў лагеры, летапісцы кожны дзень адлюстроўвалі па­дзеі ў нашым “Казанні юнага археолага пра невядомыя месцы ракі Грыўда”, свой настрой дзеці выказвалі ў “Экране настрою”, што давала магчымасць дарослым кожны дзень аналізаваць настрой дзяцей і адразу ж рэагаваць на гэта. Мастакі імкнуліся адлюстраваць запамінальныя моманты ў малюнках, коміксах, шаржах. На раскопе Алег Юр’евіч таксама кожнаму даваў даручэнне.

— А чым, акрамя раскопак, займаліся дзеці ў лагеры “Юны археолаг”?

— Акрамя археалагічных даследаванняў, праграма лагера была насычана рознымі мерапрыемствамі, большая частка з якіх праводзілася на адкрытай пляцоўцы ў двары Новадзявяткавіцкай школы. Вялікая ўвага ўдзялялася здароваму ладу жыцця. Штодзённая зарадка, працэдуры для загартоўвання на вуліцы ўмацавалі здароўе дзяцей. Цікава прайшлі адкрыццё лагернай змены, квест-гульня, якую распрацавалі самі дзеці. Кожная раніца пачыналася са зборнай малітвы, дзе ўсе па чарзе чыталі ранішняе правіла. І рабілася гэта без прымусу.

Вялікую цікавасць у выхаванцаў лагера выклікаў візіт у музей Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы “Дыяменты даўніны” і сустрэча з яго кіраўніком Таццянай Пятроўнай Ракута, экскурсія па аграгарадку Новадзявяткавічы. Запомніўся дзецям і радыяльны выхад у вёску Яруцічы і да возера Мох Малы.

Праводзіліся сустрэчы з духоўнікам лагера протаіерэем Сергіем Пятліцкім, іерэем Пятром Ткачэнкам, іерэем Віталем Татуном. Цікава правёў заняткі з дзецьмі педагог-псіхолаг Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Аляксандр Пятровіч Матвіеня.

З задавальненнем выхаванцы лагера ўдзельнічалі ў занятках пад кіраўніцтвам майстроў Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў. Настасся Васільеўна Зелянко расказала дзецям пра традыцыйныя беларускія цацкі, вышыванкі, беларускія ўбранні, дала майстар-клас па роспісе беларускага падноса.

У другой палове дня працавалі гурткі, якія праводзілі выхавальнікі Аляўціна Міхайлаўна Пыркова і Аксана Пятроўна Валынчык. І я вельмі ўдзячна выхавальнікам, з якімі мы ўжо не першы год працуем, можна сказаць — гэта каманда дарослых, якая вельмі многае ўмее. Хачу таксама падзякаваць памочніку ўрача Настассі Аляксандраўне Музычка, якую палюбілі дзеці. Яна штовечар вымярала тэмпературу ў кожнага дзіцяці, цікавілася станам здароўя, давала кожнаму патрэбныя парады, выслухоўвала ўсе просьбы і пажаданні.

Па добрай традыцыі для падвядзення вынікаў дня ўсе збіраліся каля вячэрняга вогнішча.

— А якія вынікі ўсяго лагера і які далейшы лёс знойдзеных артэфактаў?

— Як ніколі ў гэтым сезоне цяжка было вызначыць лепшых удзельнікаў лагера для ўзнагароджання нашымі фірменнымі майкамі і лапаткай археолага. Прыйшлося праводзіць таемнае галасаванне. Усе, хто быў у лагеры ў гэтым годзе, не першы год з намі. Але дзеці сталеюць, мяняюцца, і такія моманты да­юць магчымасць даведацца пра іх крыху больш.

Завяршылася змена традыцыйным узнагароджаннем фірменнымі граматамі ў розных намінацыях, развітальнай песняй: “У раскопок есть начало, // а конца раскопкам нет. // Прокопали мы не мало, // но огромен белый свет. // Ты никогда, пожалуйста, // на лагерь наш не жалуйся. // Он преполнен тайнами, // необычайными”. А самыя лепшыя юныя археолагі атрымалі ў падарунак фірменныя майкі з надпісам “Любім Беларусь. Вывучаем малую радзіму”. Люблю ўсіх дзяцей нашага лагера, кожнае з іх — індывідуальнасць. І яны ўсе для мяне самыя лепшыя.

У анкетах нашы дзеці напісалі, што будуць чакаць наступнага года, каб зноў сустрэцца і разам правесці незабыўныя пятнаццаць дзён, а на меншае яны і не згодныя. Знойдзеныя артэфакты для апрацоўкі і апісання Алег Юр’евіч Ткачоў павёз у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У далейшым гэтыя экспанаты будуць урачыста перададзены ў школьны музей Новадзявяткавіцкай школы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.