Юныя асы ментальнай арыфметыкі

На Сусветнай алімпіядзе па ментальнай арыфметыцы WAMAS-2021, што прайшла ў пачатку верасня ў Дубаі (ААЭ), беларуская каманда школьнікаў паказала адзін з найлепшых вынікаў. Усе 6 навучэнцаў, прадэманстраваўшы бліскучыя вылічальныя навыкі, творчае і аналітычнае мысленне, вярнуліся дадому з узнагародамі.  

Нашу краіну прадставілі вучні з дзіцячага міжнароднага цэнтра інтэлекту BYB пад кіраўніцтвам трэнера Святланы Васільеўны Жамоздзік. Найвышэйшую ўзнагароду алімпіяды — кубак SuperChampion Intermediate, група С-1 — атрымаў чацвёртакласнік гімназіі № 12 Мікіта Паўлюкоўскі, які за 10 мінут рашыў больш за 107 прыкладаў. Кубак чэмпіёна дастаўся навучэнцу 6 класа гімназіі № 10 Мінска Дзям’яну Грышакову. Акрамя гэтага, Дзям’ян стаў пераможцам “Ментальнага шоу”, не дапусціўшы ніводнай памылкі. Дыпломамі І ступені кожны ў сваёй намінацыі адзначаны навучэнка 5 класа гімназіі № 10 Аляксандра Кіркоўская, трэцякласнік сярэдняй школы № 105 Данііл Печанеў, другакласніца гімназіі № 12 Сабрына Паўлюкоўская і пяцікласнік сярэдняй школы № 67 Кірыл Аблажэй. 

Сёлета алімпіяда сабрала каля 300 дзяцей з 18 краін свету, уключаючы ААЭ, Беларусь, Расію, Украіну, Казахстан, Кыргызстан, Іран, Малдову, Узбекістан, Егіпет, Арменію.

Адна з асноўных мэт алімпіяды — папулярызацыя ментальнай арыфметыкі — спосабу развіцця дзіцячага інтэлекту з дапамогай хуткага лічэння ў галаве, а таксама навучанне, матывацыя да вучобы, выяўленне таленавітых дзяцей і раскрыццё іх здольнасцей. Спаборніцтвы праходзілі ў 30 намінацыях, якія былі вызначаны ў залежнасці ад узросту ўдзельнікаў і напрамкаў у ментальнай арыфметыцы.

Як расказала Святлана Жамоздзік, школьнікі, якія прадстаўлялі Беларусь на спаборніцтвах, — выхаванцы дзіцячага міжнароднага цэнтра інтэлекту BYB (Boost Your Brainpower). Адным з асноўных напрамкаў яго дзейнасці з’яўляецца методыка развіцця разумовых здольнасцей дзяцей ад 4 да 16 гадоў — школа ментальнай арыфметыкі, заснаваная на сістэме вуснага лічэння з дапамогай спецыяльных лічыльнікаў абакус. Заняткі вядуцца па аўтарскай праграме Міжнароднай школы ISMA сертыфікаванымі педагогамі. Навучаючыся па гэтай методыцы, дзіця можа рашаць любыя арыфметычныя задачы (на складанне, адніманне, множанне, дзяленне, вылічэнне квадратнага кораня ліку) за некалькі секунд у галаве хутчэй, чым з дапамогай калькулятара. Спачатку яно вучыцца лічыць на лічыльніках і трэніруе дробную маторыку рук. Затым лічыльнікі прыбіраюць, дзіця ўяўляе іх у галаве — і лічыць ментальна. Дзякуючы заняткам ментальнай арыфметыкай, у дзяцей развіваюцца такія важныя навыкі, як логіка, памяць, увага, творчае і аналітычнае мысленне, уяўленне. Значна павышаюцца ўзровень IQ і ўпэўненасць у сабе.

Сёння ў цэнтры займаюцца каля 150 навучэнцаў. Школьнікі прыходзяць як для развіцця інтэлектуальных здольнасцей, так і для ліквідацыі недахопаў, звязаных з увагай, памяццю, самарэгуляцыяй, уседлівасцю. Па словах С.Жамоздзік, метадычныя заняткі праводзяцца 1 раз на тыдзень і доўжацца 2 гадзіны, на іх вучні адпрацоўваюць тэхніку лічэння. Акрамя таго, на спецыяльна створаным партале штодзень для дзяцей арганізоўваюцца трэніроўкі для фарміравання навыку ментальнага лічэння. Не ўсе вытрымліваюць такога напружання, бо гэта прафесійны інтэлектуальны спорт. 

Для паездкі на алімпіяду для вучняў быў праведзены папярэдні адбор. Увесь жнівень праходзілі заняткі па падрыхтоўцы да спаборніцтваў — па 2—3 трэніроўкі ў дзень. Спачатку школьнікі працавалі над вылічальнымі памылкамі, а потым — над хуткасцю лічэння. Выбраная тактыка прынесла бліскучы вынік.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.