Юныя будаўнікі і хімікі

- 19:19Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Педагогі Крытышынскага дзіцячага сада Іванаўскага раёна даказалі, што праектна-даследчую дзейнасць можна паспяхова выкарыстоўваць і ў рабоце з дашкольнікамі. 

Гэта выдатны спосаб развіцця іх інтарэсаў, самастойнасці і фантазіі, набыцця карыснага вопыту.

Малышы актыўна даследуюць навакольны свет, найперш праз гульні. Ян Амос Каменскі пісаў: “няхай дзеці будуць мурашкамі, якія заўсёды заняты, што-небудзь ката­юць, нясуць, цягнуць, складаюць, пера­кладваюць: трэба толькі дапамагаць ім, каб усё, што адбываецца, адбывалася разумна…” Для таго каб дзіцячая дзей­насць стала “разумнай”, крытышынскія педагогі арганізуюць яе ў форме даследчых ці мастацка-творчых праектаў, вынікам якіх становіцца пэўны прадукт.

Сваю работу выхавальнікі пачалі з кароткатэрміновага праекта “Свет сенсорыкі”, накіраванага на развіццё сенсорных здольнас­цей у трохгадовых дзяцей сродкамі дыдактычнай гульні. Гэта патрабавала адпаведнага развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя — бацькі ахвотна далучыліся да яго стварэння. 

Педагогі падрыхтавалі для мам і татаў слайдавую прэзентацыю “Цацкі, якія развіва­юць, сваімі рукамі” і прапанавалі вырабіць падобныя цацкі для дома і дзіцячага сада. У выніку група набыла спецыяльныя дапаможнікі, настольныя і дыдактычныя гульні, прысвечаныя сенсорнаму развіццю дзяцей. З назапашаных матэрыялаў была створана картатэка. 

Бацькі дапамаглі выра­біць гульні і дапаможнікі “Адкрый скрыначку”, “Упрыгож ёлачку шарамі”, “Скла­дзі пірамідку”, “Збяры алоўкі ў шклянкі”, “Маленькі сакрэт”, “Маланка” і інш. Дзякуючы зладжанай сумеснай рабоце педагогаў і бацькоў, малышы навучыліся абследаваць прадметы, рабіць высновы, улічваць уласцівасці прадметаў пры розных дзеяннях з імі. Акрамя таго, агульнымі намаганнямі ўдалося сфарміраваць у дзяцей сенсорныя ўяўленні шляхам вызначэння формы, колеру і велічыні прадметаў. 

Праект “Юныя будаўнікі” накіраваны на развіццё пазнавальных здольнасцей дзяцей сярэдняга ўзросту сродкамі тэхнічна-канструктарскай творчасці. Пры гэтым вялікая ўвага ўдзялялася тэматычнай асвеце бацькоў, якія таксама далучыліся да праекта.

У групе быў створаны цэнтр канструктарскай дзейнасці “Юныя будаўнікі”, які складаецца з развіццёвага набору GigaBloks, гульнявых вучэбных дапаможнікаў “Лагічныя блокі Дзьенеша” і каляровых лічыльных палачак Кюізенера, канструктараў LEGO DUPLO Imagine create і Farm Adventures, падлогавага канструктара “Будаўнік”, 3D-канструктараў, канструктараў “Вясёлая будоўля” і “Мазаіка”…

Разам з доўгатэрміновымі тэматычнымі праектамі педагогі актыўна рэалізуюць і кароткатэрміновыя, прымеркаваныя да пэўных дат ці пары года: “Заваёўнікі космасу”, “Калі вельмі захацець, можна ў космас паляцець”, “9 мая — Дзень Перамогі”, “Па прыступках у 1 клас”, “Юныя хімікі” і інш. Дзякуючы ім, дзеці адчулі каштоўнасць уласных ведаў, намаганняў і творчасці.

Выхавальнікі ўдзельнічалі ў пілотным праекце Парка высокіх тэхналогій па ўкараненні праектна-даследчай дзейнасці ў дашкольных установах. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.