Юныя экскурсаводы сабраліся ў Мінску

- 11:23Адукацыйная прастора

Рэспубліканскі злёт юных экскурсаводаў прайшоў з 22 па 30 ліпеня. Школьнікі, зацікаўленыя ў турызме, краязнаўстве і экскурсійнай справе, наведвалі славутыя мясціны Мінска, удзельнічалі ў тэматычных конкурсах і майстар-класах і вучыліся прэзентаваць сваю малую радзіму.

Удзельнікамі злёту экскурсаводаў сталі 39 вучняў з Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей, якія займаюцца ў адпаведных аб’яднаннях па інтарэсах або праявілі сябе ў тэматычных акцыях і конкурсах. У складзе каманд сваіх абласцей яны змагаліся ў квестах і віктарынах, каб паказаць краязнаўчыя веды і творчыя здольнасці. Напрыклад, падчас конкурсу “Сем цудаў маёй малой радзімы” і творчай хвілінкі “Сімвалы малой радзімы” будучыя экс­курсаводы вучыліся прэзентаваць найбольш яркія архітэктурныя і гістарычныя помнікі сваёй вобласці. Для гэтага яны рабілі прэзентацыі, малявалі плакаты, складалі віртуальныя туры па родных мясцінах. Падчас фотаконкурсу “Малая радзіма ў фотааб’ектыве” ўдзельнікі злёту прадставілі свае ўяўленні пра малую радзіму ў фотаздымках. На іх — вядомыя будынкі, асабліва запамінальныя краявіды, цікавыя асобы. Аўтары павінны былі не толькі прадставіць прыгожы здымак, але і расказаць гісторыю, патлумачыць ідэю свайго кадра.

— Калі каманды з Магілёўскай і Гомельскай абласцей у большасці складаліся з жыхароў абласных гарадоў, то ў камандзе Мінскай вобласці аказаліся вучні з самых розных населеных пунктаў, — расказала загадчык аддзела турыстычна-экскурсійнай работы Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Таццяна Сямёнаўна Емяль­янава. — Таму ім прыйшлося праявіць больш вынаходлівасці, каб даць магчымасць кожнаму расказаць пра свой горад.

І ва ўдзельнікаў каманды Мінскай вобласці гэта атрымалася: па выніках злёту яны занялі 1-е месца. Другое — у школьнікаў з Гомеля. Каманда Магілёва заняла 3-е месца.

Акрамя спаборніцтваў, будучых юных экскурсаводаў штодзень чакала новая вандроўка па Мінску. Яны наведалі Цнянскае вадасховішча і Лошыцкі парк, дзінапарк і Мінскі планетарый.

— Самымі запамінальнымі дзеці ў адзін голас прызналі экскурсію ў Музей Міністэрства ўнутраных спраў і па спартыўных аб’ектах Мінска, — расказала метадыст аддзела турыстычна-экскурсійнай работы цэнтра Юлія Віктараўна Кісялёва. — Яшчэ адна незвычайная экскурсія “Гісторыя і таямніцы Траецкага прадмесця” прайшла ў выглядзе квест-гульні. Экскурсавод Таццяна Віктараўна Бойка ўжо праводзіла экскурсію па архітэктурных аб’ектах у такім фармаце ў мінулым годзе, а ў гэтым падрыхтавала новую праграму: дзеці рашалі задачы на логіку, шукалі схаваныя прадметы, рабілі сэлфі на фоне помнікаў. Выконваючы такія заданні, яны лепш засвоілі змест экскурсіі.

Задача экскурсій і прагулак па Мінску — сфарміраваць ва ўдзельнікаў злёту ўяўленне пра прафесію экскурсавода. У гэтым дапамагла і сустрэча з Тамарай Мікалаеўнай Фёдаравай, якая расказала пра прафесійныя абавязкі і патрабаванні да тых, хто марыць стаць экскурсаводам.

Такім чынам, злёт юных экскурсаводаў дапамагае школьнікам не толькі даведацца больш пра сваю краіну, але і вызначыцца з прафесійным шляхам.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.