Юныя экскурсаводы з любоўю да малой радзімы

Нядаўна ў Мінску завяршыўся злёт юных экскурсаводаў, які праходзіў на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства з 18 па 26 ліпеня. У ім прынялі ўдзел 43 навучэнцы з Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей ва ўзросце ад 11 да 13 гадоў. Такая магчымасць выпала дзецям, якія ў сваіх гарадах займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах краязнаўчай накіраванасці, актыўна і паспяхова ўдзельнічаюць у экскурсійна-краязнаўчым жыцці, з’яўляюцца дыпламантамі конкурсаў і канферэнцый. Пра гэта расказала начальнік злёту загадчык аддзела турыстычна-экскурсійнай работы цэнтра Таццяна Сямёнаўна ЕМЯЛЬЯНАВА.


Юныя экскурсаводы наведалі Лошыцкі парк, пабывалі на экскурсіі “Мінск — сталіца Беларусі” і ў Дзінапарку. Гід Таццяна Бойка правяла для іх займальную квест-гульню, а ад музея МУС і Нацыянальнага алімпійскага музея яны прыйшлі ў захапленне.

Праявіць сябе хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі ў гульні “Топ-5 экскурсійных аб’ектаў”, дзе павінны былі расказаць пра пяць славутасцей, якія робяць іх малую радзіму прывабнай для турызму і экскурсій. Перамогу ў гульні атрымала каманда Гродзенскай вобласці — дзеці расказвалі пра свае родныя Ашмяны.

Адным з самых запамінальных культурна-забаўляльных мерапрыемстваў стаў вечар Туркменістана ў Мінску, на якім студэнты БДПУ імя Максіма Танка з Туркменістана расказалі дзецям пра сваю краіну, яе культуру.

У творчай майстэрні “Беларускія сувеніры” ўдзельнікам злёту прапанавалі зрабіць сувенір, які, на іх погляд, найбольш адпавядае іх рэгіёну. Перамогу атрымаў сувенір каманды з Брэсцкай вобласці.

На канферэнцыі “Пазнай Беларусь” юныя экскурсаводы павінны былі асобна паказаць свой горад. Незвычайнай была экскурсія навучэнцаў з Наваполацка, якія расказалі пра цікавую вуліцу Маладзёжную. Напрыклад, знакаміты Барысаў камень, які цяпер знаходзіцца ў Полацку, па словах навапалаччан, быў знойдзены менавіта на гэтай вуліцы.

Усім запомніўся праект Юліі Раманенка з каманды Гродзенскай вобласці “Гісторыя цікавай кнігі”, у якім яна даследавала “Жывапісную Расію”. Дзяўчынка высветліла, у якім выдавецтве была надрукавана кніга, колькі тамоў выйшла, якія вядомыя аўтары ўдзельнічалі ў яе стварэнні і многае іншае.

Карысным вопытам для ўдзельнікаў злёту стаў адкрыты мікрафон з экскурсаводам Т.Фёдаравай, якая расказала пра сваю прафесію: дзе і як атрымліваюць гэтую спецыяльнасць, у чым яе спецыфіка і г.д.

Па выніках злёту абсалютнай пераможцай стала каманда Гродзенскай вобласці, другімі сталі навучэнцы з Брэсцкай вобласці, а “бронзу” ўзяла каманда Віцебшчыны. Усе былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Дар’я БАРАВІКОВА.