Юныя ганчары

- 14:46Адукацыйная прастора

Два гады назад у Брэсце адкрыўся яслі-сад — пачатковая школа № 11. Установу, якую ўзначальвае вопытны кіраўнік Ю.У.Бакавец, наведваюць 630 дзяцей, аб’яднаных у 19 класаў і 8 дашкольных груп.

— Дзякуючы выдатнай матэрыяльна-тэхнічнай базе, педагогі паспяхова рэалізуюць пра­грамы факультатыўнай і дадатковай адукацыі. Так, ва ўстанове дзейнічаюць тры танцавальныя ансамблі, сфарміравана футбольная каманда малодшых школьнікаў, праходзяць заняткі для юных шахматыстаў, ушуістаў і карацістаў, амаль усе дзеці навучаюцца плаванню, — расказаў Ю.У.Бакавец.

Яслі-сад — пачатковая школа размешчаны ў новым мікрараёне. Улічваючы вялікую колькасць выхаванцаў, ва ўстанове адкрыты ажно 9 груп прадоўжанага дня. Гэта падштурхнула да распрацоўкі цікавага праекта “Брэст: учора, сёння, заўтра”, які рэалізуецца па розных напрамках: архітэктура, гісторыя народнага касцюма, нацыянальная кухня, знакамітыя землякі, прамысловасць і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У рамках праекта праводзяцца адкрытыя мерапрыемствы, экскурсіі, майстар-класы і выставы творчых работ дзяцей і іх бацькоў.

Візітоўка ўстановы — ганчарства. Авалодаць ганчарным майстэрствам дзецям дапамагае маладая таленавітая выхавальніца прадоўжанага дня В.Л.Андрыевіч. Работы, выкананыя пад яе кіраўніцтвам, неаднаразова прызнаваліся лепшымі на раённых, гарадскіх, абласных і нават міжнародных конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і даследчых работ.

— Ганчарства карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод дзяцей, нягледзячы на тое, што практычнай неабходнасці ў стварэнні гліняных вырабаў сёння няма, — гаворыць педагог. — Гэтае рамяство адыгрывае важную ролю ў эстэтычным выхаванні. Прадметы, вырабленыя на занятках, выкарыстоўваюцца ў якасці сувеніраў і падарункаў для родных і сяброў.

У гліны як прыроднага матэрыялу ёсць свой характар. Працуючы з ёй, дзеці фарміруюць уласны характар: вучацца быць уважлівымі, стараннымі, цярплівымі. Акрамя таго, ганчарства добра развівае дробную маторыку рук і мастацкае ўспрыманне рэчаіснасці. Дзеці рэалізуюць творчыя ідэі і атрымліваюць задавальненне не толькі ад выніку, але і ад самога працэсу. Галоўнае — зацікавіць.

— Ганчарная творчасць павышае выніковасць вучэбнай дзейнасці, стварае псіхалагічны камфорт, — заў­важае В.Л.Андрыевіч. — Працуючы з глінай, дзеці займаюцца разумовай і фізічнай дзейнасцю адначасова. Спачатку вызначаюцца з задумай, потым прадумваюць дэталі і распрацоўваюць план работы.

На занятках і майстар-класах педагога ўсе дзеці і дарослыя пераконваюцца ў тым, што ганчарства — гэта надзвычай захапляючая, цікавая і творчая справа, якая дазваляе развіць мастацкія здольнасці ў любым узросце. Вярчэнне ганчарнага круга заварожвае, а цуд нара­джэння гатовага вырабу ўражвае кожнага.

— Спыняцца на дасягнутым не збіраемся. Будзем і далей пашыраць спектр адукацыйных паслуг па розных відах пазавучэбнай дзейнасці, найперш па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, актыўна ўдзельнічаць у розных конкурсах, — падагульняе Ю.У.Бакавец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.