Юныя геолагі Беларусі атрымалі міжнародны кубак

- 12:09Якасць адукацыі

Па выніках спаборніцтваў на XII Усерасійскай адкрытай (II Міжнароднай) палявой алімпіядзе юных геолагаў беларускія школьнікі занялі 2-е агульнакаманднае месца і былі ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства прыродных рэсурсаў Расіі і прызавым кубкам.

У склад нацыянальнай каманды “Юныя геолагі Беларусі” ўвайшлі 8 навучэнцаў 8—11 класаў сярэдняй школы № 53 Мінска: Уладзіслаў Крыловіч, Іван Сафонаў, Данііл Ржэвіцкі, Ягор Стаўроў, а таксама Ульяна Казаноўская, Марына Кузьмар, Алена Баранчук і Арцём Волчак, якія былі ўключаны ў “топ-100” лепшых школьнікаў па выніках алімпіяды.

Падрыхтоўкай беларускай каманды да ўдзелу ў II Міжнароднай палявой алімпія­дзе юных геолагаў займаліся намеснік дэкана факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Уладзімір Махнач і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 53 Мінска Жанна Гвозд. Удзельнікамі алімпіяды сталі 39 каманд з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Манголіі, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Пераможцамі па выніках выпрабаванняў прызнаны школьнікі з Пярмі (Расія). На 2-м месцы — каманда з Беларусі, на 3-м — вучні з Кыргызстана. Акрамя каманднага, падводзіўся і асабісты залік.

 “Беларусы выступалі на алімпіядзе юных геолагаў тройчы: у расійскім Кемераве, дзе занялі 3-е месца, у Альмецьеўску (Татарстан) і сёлета ў Новасібірску, — расказаў Уладзімір Віктаравіч Махнач. — Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў мы заўсёды арыентуемся на спіс алімпіядных конкурсаў, які атрымліваем загадзя. У Расіі геалогія развіта на прамысловым узроўні, таму і заданні адпаведныя, практыка-арыентаваныя. У працэсе падрыхтоўкі нашай каманды былі заняты выкладчыкі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, супрацоўнікі Інстытута геалогіі”Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства”Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі”, спецыялісты Белгорхімпрама і іншых прадпрыемстваў.

Спаборнічаць з камандамі з іншых краін было складана. Юным беларускім геолагам часта не хапае вопыту работы ў полі, да таго ж некаторых прыродных матэрыялаў у Беларусі проста няма. Верхні слой зямлі ў нашай краіне складаецца з ледніковых адкладанняў, таму развіццё тут атрымала чацвярцічная геалогія, якая вывучае перыяд гісторыі планеты, які пачаўся прыкладна 2,6 мільёна гадоў назад і працягваецца да нашага часу. У месцах, дзе праходзіла алімпіяда сёлета, у асноўным былі прадстаўлены карэнныя пароды, якія ўтварыліся больш за 100 мільёнаў гадоў назад і могуць адносіцца да юрскага перыяду і іншых. У Расіі школьнікі маюць магчымасць на свае вочы ўбачыць гэтыя пароды”.

Міжнародныя геалагічныя спаборніцтвы ўключалі 11 заданняў, звязаных з навукамі аб Зямлі. За 4 гадзіны ўдзельнікам неабходна было выбудаваць геалагічны маршрут і сабраць на ім пэўныя аб’екты. Арганізуючы палявую стаянку, маладыя людзі праявілі спрытнасць і кемліваць пры ўстаноўцы турыстычнай палаткі, распальванні вогнішча. Даючы апісанне геалагічных помнікаў, школьнікі з Беларусі расказалі пра рэспубліканскі музей валуноў у Мінску і прадставілі яго канцэпцыю. Беларуская каманда бліскуча выступіла ў конкурсе па асновах тэхнікі бяспекі (падрыхтоўка да яго вялася па дакументах Чырвонага Крыжа). Падчас аднаго з конкурсаў патрабавалася зрабіць геалагічныя зрэзы. І тут трэба было не заблытацца: старажытныя слаі не могуць знаходзіцца на паверхні, а маладыя — у глыбіні. Цікавым было выпрабаванне па палеанталогіі і мінералогіі, у якім па прадстаўленых узорах трэба было вызначыць флору або фаўну, а таксама мінералы і горныя пароды, ахарактарызаваць іх і прайсці тэст.

Конкурс па гідралогіі праходзіў на рацэ Шыпунісе (прытоку Обі) — вельмі спакойнай і бяспечнай. У гэты перыяд узровень вады ў ёй межанны (нізкі). Юнакі і дзяўчаты без перашкод змаглі зрабіць у вадзе ўсе неабходныя вымярэнні. Школьнікі адмывалі пэўныя пароды (шліхавае апрабаванне) і шукалі ў іх пясчынкі мінералаў або золата. Падчас адмыўкі нельга было страціць ніводнай пясчынкі.

Падчас іспытаў па нафтагазавай тэматыцы алімпіяднікі пазнаёміліся з апісаннямі сапраўдных нафтавых свідравін. Яны павінны былі зрабіць пэўныя разлікі і з дапамогай камп’ютарнай праграмы пабудаваць карту нафтавага радовішча. Асобная частка конкурснай праграмы — выстава. У арганізацыі выставы “Геалогія і мы” беларусам дапамагло прадпрыемства “Беларуськалій”, якое прадаставіла ўзоры солей са старобінскага радовішча. Выставу наведваў губернатар Новасібірскай вобласці Андрэй Аляксандравіч Траўнікаў. Акрамя таго, падчас спаборніцтваў алімпіяднікі прадстаўлялі фатаграфіі і малюнкі па геалагічнай тэматыцы і вырабы з камянёў. Праходзілі творчыя конкурсы. Беларуская каманда зрабіла візітку, у якой вельмі эмацыянальна прызналася ў любові да роднай зямлі.

Разнастайнай была культурная праграма алімпіяды. Школьнікі пазнаёміліся з маладымі людзьмі з расійскіх пошукавых атрадаў, якія расказалі ім аб сваёй рабоце па пошуку невядомых пахаванняў воінаў Другой сусветнай вайны. Прайшлі таксама майстар-класы па лепцы з гліны, па стварэнні фігурак з травы, па выпальванні па дрэве, па пашыве вырабаў з фетру. Удзельнікі алімпіяды наведалі лекцыі знакамітых вучоных, акадэмікаў і дактароў навук. У школьнікаў засталіся незабыўныя ўражанні ад экскурсіі па Новасібірску, наведвання ўніверсітэта і акадэмгарадка, геалагічнага музея. Кіраўнікі каманд пабывалі на радовішчы антрацытавых руд (палігоне, дзе распрацоўка вядзецца кар’ерным спосабам). Насычаная спартыўная праграма алімпіяды дазволіла беларускім школьнікам прадэманстраваць свае здольнасці і атрымаць кубак па выніках спаборніцтваў па футболе, таксама праводзіліся спаборніцтвы па шахматах і плаванні.

За высокі ўзровень падрыхтоўкі беларускіх школьнікаў кіраўнікі каманды ўдастоены падзякі Міністэрства прыродных рэсурсаў Расіі. Падзякі гэтага ведамства, а таксама Федэральнага агенцтва па нетракарыстанні, урада Новасібірскай вобласці і Расійскага геалагічнага таварыства перададзены міністру адукацыі Беларусі Ігару Карпенку і рэктару БДУ Андрэю Каралю.

Наступная Міжнародная палявая алімпіяда юных геолагаў адбудзецца ў 2021 годзе. Падрыхтоўку навучэнцаў да спаборніцтваў плануецца арганізаваць падчас заняткаў у школе юнага географа, геолага і краязнаўца пры факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.

Надзея ЦЕРАХАВА.