Юныя хакеісты атрымаюць бясплатны лёд

- 11:33Інфармацыйная гадзіна

Спецыялізаваным вучэбна-спартыўным установам і клубам — удзельнікам чэмпіянату Беларусі для правядзення спартыўных спаборніцтваў і падрыхтоўкі да іх будуць бязвыплатна прадастаўляцца лядовыя арэны і пляцоўкі.

Гэта прадугледжана падпісаным кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам указам № 138, якім уносяцца змяненні ва ўказ ад 29 сакавіка 2012 года № 150 “Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю”, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

“Дадатак да названага ўказа дапоўнены пунктам аб бязвыплатным прадастаўленні лядовых арэн (пляцовак) спецыялізаваным вучэбна-спартыўным установам і клубам — удзельнікам чэмпіянату Рэспублікі Беларусь для правядзення спартыўных спаборніцтваў і падрыхтоўкі да іх. Гэта дасць магчымасць знізіць нагрузку на названыя арганізацыі і накіраваць вызваленыя сродкі на набыццё інвентару і экіпіроўкі, удзел у спаборніцтвах і іншыя расходы па развіцці хакея з шайбай у Беларусі”, — растлумачылі ў прэс-службе.

Дакумент прыняты ў мэтах далейшага стымулявання развіцця дзіцяча-юнацкага спорту, зніжэння фінансавай нагрузкі на спартыўныя ўстановы, якія займаюцца развіццём хакея.