Юныя хімікі

- 16:04Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У кожным малодшым школьніку жыве прага адкрыццяў і даследаванняў. Нават слабапаспяховыя вучні пачынаюць цікавіцца прадметам, калі ім удаецца што­-небудзь “адкрыць”.

Ад развіцця культуры навыкаў даследчай дзейнасці залежыць эфектыўнасць вучэбнага працэсу ў цэлым. Але гэта патрабуе якаснага суправаджэння з боку педагогаў. У нашай школе да гэтага пытання падышлі нестандартна: вучні профільных класаў хіміка-біялагічнай накіраванасці з’яўляюцца цьютарамі вучняў пачатковых класаў. 

Сярод цікавых сумесных эксперыментаў — выраб чарніла. Спачатку дзеці вырашылі атрымаць нябачнае чарніла з лімоннага соку.  

Падчас доследу вучні даведаліся, што лімонная кіслата пры ўздзеянні тэмпературы цямнее і такім чынам чарніла становіцца бачным. Лімонны сок пахучы і незаўважны пры высыханні. Надпіс, нанесены ім на паперу, пры награванні праяўляецца слабым жоўта-карычнеявым колерам. 

Не менш цікавым атрымаўся выраб нябачнага чарніла з бульбянага соку (крухмалу). Для доследу спатрэбіліся бульбіна і раствор ёду. 

Вучні даведаліся, што награванне паперы з надпісам, нанесеным бульбяным сокам, не прыво­­дзіць да яго праяўлення. Зусім іншая справа пры яго апрацоўцы водным растворам ёду.  

Дзеці атрымалі таксама нябачнае чарніла з малака. Наносілі надпіс на паперу, чакалі, пакуль ён высахне, і награвалі. Лепш за ўсё для гэтага падыходзіў прас.

Нябачнае чарніла можна атрымаць і з соды. Надпіс, нанесены на паперу з дапамогай вельмі насычанага раствору соды, пра награванні становіцца цёмна-карычневым.

Вучні атрымалі нябачнае чарніла і з меднага купарвасу і нашатырнага спірту. Надпіс, нанесены з дапамогай бясколернага раствору меднага купарвасу, праяўляецца сінім колерам, калі патрымаць аркуш над парамі нашатырнага спірту ці змазаць яго ватай, змочанай у нашатыры. 

Падчас эксперыментаў дзеці азнаёміліся з гісторыяй узнікнення рознага нябачнага чарніла, даведаліся пра яго віды і спосабы атрымання. Цікавая і захапляльная работа актывізуе пазнавальную дзейнасць і павышае матывацыю да вучобы.  

Людміла КАЗАКОВА,
настаўніца біялогіі; 
Аксана КУПРЫК,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 8 Пінска.