Юныя інтэлектуалы

- 12:09Навіны рэгіёнаў

Інтэлектуальныя гульні “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн рынг”, “Свая гульня”, “Медыяазбука” і “Рызыкуй” — далёка не поўны пералік мерапрыемстваў, у якіх з цікавасцю ўдзельнічаюць школьнікі. Юных эрудытаў аб’ядноўваюць клубы, створаныя на базе школ і ўстаноў дадатковай адукацыі.

Інтэлектуальны рух займае важнае месца ў адукацыйным працэсе нашай гімназіі. Доўгі час гімназічны клуб юных знаўцаў узначальвала Надзея Андрэеўна Петручэня, якая распрацавала сістэму заняткаў для падрыхтоўкі вучняў да ўдзелу ў інтэлектуальных турнірах. Выхаванцы педагога не раз станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Сёння добрыя традыцыі інтэлектуальнага руху працягвае Андрэй Валер’евіч Казак. Пад кіраўніцтвам педагога дзейнічае клуб спартыўна-масавых гульняў, у якім штотыдзень праходзяць заняткі з вучнямі рознага ўзросту.

У сваёй рабоце Андрэй Валер’евіч актыўна выкарыстоўвае сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і розныя гульнявыя заданні. Нестандартныя формы правядзення заняткаў вельмі падабаюцца вучням, якія з вялікім задавальненнем наведваюць іх.

Галоўная мэта педагога — зацікавіць дзяцей гульнёй, стварыць сітуацыю поспеху і сфарміраваць пазнавальныя інтарэсы для развіцця дзіцячай ініцыятывы. Дзякуючы намаганням А.В.Казака, у гімназіі створаны 5 інтэлектуальных каманд, якія вынікова ўдзельнічаюць у раённых турнірах.

Кожную каманду ўзначальвае капітан — бясспрэчны лідар сярод равеснікаў. Назвы каманд даволі незвычайныя: “Сябры Алеся Мухіна”, “9 кілаграмаў шэрага”, NAVI.

Штогод каманды пэўнай узроставай групы ўдзельнічаюць у сінхронным абласным турніры, які з’яўляецца другім этапам Рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Летась каманда “Сябры Алеся Мухіна” ўвайшла ў сямёрку лепшых каманд краіны па выніках рэспубліканскага спаборніцтва. Не адстаюць і каманды “9 кілаграмаў шэрага” і NAVI, якія ўдала ўдзельнічаюць у сёлетнім Брэсцкім адкрытым абласным турніры па інтэлектуальных гульнях “Кубак Яраслава Мудрага”.

Інтэлектуальны клуб — добрая школа выхавання і эфектыўны сродак развіцця пазнавальнай цікавасці сучасных вучняў.

Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ганцавіч.