Юныя інжынеры

- 10:33Навіны рэгіёнаў

Наша ўстанова адукацыі імкнецца ісці ў нагу з навукова­-тэхнічным прагрэсам. Педагогі змалку вучаць дзяцей працаваць з тэхнікай.

Больш за 10 вучняў 2—3­ х класаў з задавальненнем наведваюць па пятніцах заняткі аб’яднання па інтарэсах “Легаканструяванне”. Навучанне праходзіць у гульнявой форме. 

У рабоце выкарыстоўваюцца адукацыйныя канструктары LEGO Education WeDo. На занятках дзеці знаёмяцца з тэхнікай, асновамі канструявання, праграмавання і робататэхнікі, развіваюць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, дробную маторыку, лагічнае і прасторавае мысленне.

Галоўнае адкрыццё, якое зрабілі вучні на занятках, што камп’ютар, аказваецца, не толькі для гульняў. З яго дапамогай хлопчыкі і дзяўчынкі ствараюць праграмы, асвойваюць канструктарскія ўменні і навыкі.

Дзеці з радасцю ствараюць і прагра­муюць нескладаныя мадэлі тэхнікі, жывёл і птушак з электрарухавікамі, датчыкамі нахілу і руху. Калі дзяўчынкі аддаюць перавагу канструяванню жывёл і птушак, то хлопчыкі — тэхнікі будучыні.

Канструюючы, праграмуючы і выпрабоўваючы мадэлі, дзеці вучацца паводзіць сябе, як навукоўцы і інжынеры.

Любоў ЗАНЬКА,
педагог дадатковай адукацыі Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа Ганцавіцкага раёна.