Юныя, крэатыўныя, ініцыятыўныя

Днямі ў Мінску адбылася беларускамоўная інтэлектуальная анлайн-канферэнцыя для моладзі [email protected], падчас якой 10 старшакласнікаў і першакурснікаў з усёй краіны прадставілі свае неардынарныя ідэі і праекты ў сферы тэхналогій, экалогіі, інклюзіі і культуры. Як пашырыць выкарыстанне роднай мовы ў штодзённым жыцці, ці магчыма зрабіць экапосуд з падручных сродкаў, што такое “канторка” і чаму яе варта прымяняць у школе, як сучасныя тэхналогіі могуць дапамагчы ў развіцці музеяў і як зрабіць модным экаактывізм — адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні далі юныя спікеры.

Шмат кніг напісана пра крэатыўнасць і пошук ідэй, але, напэўна, выраз Уладзіміра Караткевіча “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш” з’яўляецца самым трапным і падыходзячым для ідэй руху TED. Юнакі і дзяўчаты, якія прапануюць нестандартныя ідэі і робяць нечаканае, 19 верасня выйшлі ў знакаміты чырвоны круг TEDх з 10-мінутнымі прамовамі, падрыхтаванымі разам з ментарамі — прадстаўнікамі беларускай супольнасці TEDх. Юныя беларусы змаглі прэзентаваць свае ідэі не толькі ў школе, раёне, вобласці і краіне, але і на ўвесь свет, дзякуючы як руху TED, так і прамой трансляцыі, якая была даступнай у любым пункце Зямлі праз відэасэрвіс Voka.

Арганізатар і куратар канферэнцыі Ганна Казлова нагадала, што рух TED узнік у 80-х гадах у Каліфорніі, калі сумныя навуковыя даклады вырашылі ператварыць у кароткія і даступныя для разумення выступленні, у якіх упершыню галоўным быў не спікер, а менавіта ідэя, з якой ён выступае. Сярод удзельнікаў канферэнцый TED маг­лі быць і палітыкі, і рок-зоркі, і навукоўцы, і нават нікому не знаёмыя лю­дзі. “У 2009 го­дзе з’явілася магчы­масць право­дзіць та­кія канферэнцыі па бясплатнай франшызе, і цяпер гэта адна з самых буйных міжнародных супольнасцей, у якой людзі з рознымі сацыяльнымі праграмамі звязаны агульнай справай і філасофіяй. Ёсць цяпер такая суполь­насць і ў Беларусі, — дадала яна. — Для мяне TEDх — вельмі важная частка гарадской культуры, тут адбываецца дыялог людзей, якія імкнуцца пазнаваць новае і абмяркоўваць важныя тэмы, тут гучаць і знаходзяць падтрымку мясцовыя ідэі і спікеры. Важна, што мінскую канферэнцыю паглядзелі па ўсёй планеце і што нашы спікеры выступалі па-беларуску, паказаўшы гледачам іншых краін прыгажосць роднай мовы”.

Першай у чырвоны круг выйшла адзінаццацікласніца гімназіі № 10 Гомеля Ангеліна Себік, якая яшчэ на рэгіянальных адборах пакарыла журы не толькі сваім цікавым праектам, але і выдатнай беларускай мовай. Якраз пра тое, як зрабіць, каб яна гучала часцей, і было яе выступленне, у час якога Ангеліна прапанавала зрабіць серыю майстар-класаў для падлеткаў ад беларускамоўных блогераў, якія растлумачаць, як стварыць і развіць свой акаўнт у Instagram або Tik-Tok, колькі часу траціць на прасоўванне свайго кантэнту па-беларуску. Дзяўчына прызналася, што ў пачатковай школе родная мова ёй не вельмі падабалася. Пазней яна пачала ўдзельні­чаць у алімпіядах. Але па-сапраўднаму ўсё змянілася толькі летась, калі яна паўдзельнічала ў Instagram-чэленджы, па ўмовах якога трэба было месяц гаварыць толькі на роднай мове. “Я была вельмі ўражана, што на беларускай мове можна гаварыць проста так, слу­хаць беларускамоўны рэп, рок і нават хіп-хоп. Адкрыццё новага праз звычайную камунікацыю разбурае ўсялякія стэрэатыпы — гэта так проста, але так эмацыянальна. Пачынае па-новаму гучаць родная мова, мяняецца і свядо­масць — гэта значыць, што кожны з нас можа стаць ля вытокаў развіцця нацыянальнай культуры, — сказала Ангеліна. — Я лічу, што спрыяць пашырэнню беларускай мовы будуць воркшопы, бо, з аднаго боку, ментары — беларускамоўныя блогеры падзеляцца сваімі ведамі, а з другога — гледачы змогуць папрактыкаваць набытыя веды. Ствараючы беларускамоўны кантэнт, напрыклад, відэа ў Tik-Tok або Instagram-гісторыю, мы будзем развіваць нацыянальную культуру”.

Другі юны спікер, вучань 11 класа гімназіі № 1 Іўя і па сумяшчальніцтве аматар філасофіі Канстанцін Муліца, упэўнены, што кожная наша думка рэгулюе наша жыццё. І такому меркаванню ён даў навуковое абгрунтаванне, пачаўшы выступленне з надзімання паветранага шарыка. “Большасць з вас лічаць, што ён жоўты, але я ў гэтым не зусім упэўнены, бо ён можа быць і зялёным. Як жа так, спытаецеся вы? Даволі проста, бо калі надзець акуляры з сінім шклом, то шарык зменіць колер. І калісьці мяне моцна здзівіла, наколькі можа змяніцца маё ўспрыманне свету. Бо падобныя акуляры заўсёды на нас, але яны не матэрыяльныя, а ўяўныя. У псіхалогіі іх называюць парадыгмай — гэта такія лінзы, праз якія мы глядзім на навакольны свет, гэта нашы ўкаранелыя думкі. І справа тут не толькі ў колеры. Наша парадыгма прапускае ўсю інфармацыю, якая прыходзіць да нас, і спрыяе таму, што мы бачым адны і тыя ж рэчы па-рознаму, — патлумачыў юнак. — А таму некаторым з нас трэба замяніць свае акуляры з сінімі лінзамі на акуляры з празрыстымі лінзамі, каб убачыць свет такім, які ён ёсць на самай справе. А іншым трэба замяніць свае чорныя акуляры на ружовыя, каб разгледзець новыя магчымасці вакол і знайсці выйсце з праблемнай сітуацыі. І толькі калі я змяніў сваю старую парадыгму на новую і адпаведна сваю думку “мы розныя, а таму нам не наканавана мець зносіны” на “мы розныя і тым самым цікавыя адно аднаму”, я пачаў бачыць новыя магчымасці для ўзаемаадносін з аднагодкамі”. Косця заклікае іх станавіцца экаактывістамі ў тым ліку пры дапамозе платформы Grassy — своеасаблівай тэматычнай сацыяльнай сеткі, якая дазваляе зацікаўленым пашыраць экалагічную культуру і знахо­дзіць аднадумцаў: “Я лічу, што гэта выдатная магчымасць перадаць свой вопыт экапачаткоўцам, а для іх гэта шанс зразумець, што яны ідуць у правільным кірунку. І ўсё гэта дзеля таго, каб у будучыні мы маглі сказаць, што экалагічная супольнасць у Беларусі сфарміравана”.

Адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля Вікторыя Сідарэнка пачала цэлы стартап па вырабе аднаразовага посуду з распаўсюджаных у Беларусі прыродных матэрыялаў. Яна нагадала, што першая пластыкавая бутэлька, створаная ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, да сённяшняга дня не расклалася, а бісфенол А, які ўваходзіць у склад пластыкавага посуду, выклікае вялікую колькасць шкодных захворванняў. “Я задумалася, ці магчыма зрабіць посуд, якім можна бу­дзе карыстацца і не баяцца за сваё здароўе. Мне на дапамогу прыйшла мая настаўніца Вольга Віктараўна Себік, якая ўжо мела бясцэнны вопыт у стварэнні экапаперы. І ў нас атрымалася ў хатніх умовах цалкам самастойна зрабіць такі посуд, для якога трэба ўсяго нічога: сабраць некалькі раслін трыснягу, рагозу ці шалупінне цыбулі, потом аддзяліць, напрыклад, мяцёлкі ад сцябла, прамыць і парэ­заць, затым дабавіць шчолач NaOH, перакіс, крухмал. Тым самым мы даказваем, што, каб унесці свой уклад у экалогію, не трэба сталець да пэўнага ўзросту, не абавязкова патрэбна падтрымка дзяржавы або прадпрыемства. Гэта настолькі проста, што кожны можа стварыць такі посуд. І калі мы змаглі зрабіць гэта, то і кожны зможа. Усім варта памятаць, што мы ў адказе за нашу планету”, — адзначыла дзяўчына.

Чацвёртым у чырвоны круг выйшаў вучань 11 класа гімназіі № 1 Брэ­ста Дзяніс Рабчук, які разам з камандай робіць паэтычныя муралы. Ужо некалькі дзясяткаў вершаў беларускіх класікаў з’явілася на брэсцкіх вуліцах, а зараз хлопец плануе пашырыць свой праект і на іншыя гарады Беларусі. “Стрыт-арт дапамагае мастакам паказаць сябе ў не­звычайных умовах і знайсці свайго гледача не толькі ў галерэях, але і на вулічных прасторах. У нас ёсць шмат сцен, якія можна ўпрыгожыць мураламі сацыяльнага значэння, філасофскімі выявамі, сімваламі, вершамі, якія выступяць пасрэднікамі паміж людзьмі, — сказаў ён. — Магчымасці мастацтва абмежаваны толькі нашым розумам, і, выкарыстоўваючы іх, можна мяняць не толькі сябе, але і сваё асяроддзе, ды і ўвогуле ўвесь свет!”.

Усталяваць спецыяльныя прылады ў вучэбных класах, каб дзеці з захворваннямі апорна-рухальнай сістэмы маглі пазбегнуць ізаляцыі і наведваць заняткі ў звычайных школах, прапанавала дзесяцікласніца сталічнай гімназіі № 4 Софія Федчанка, дэвіз якой гучыць так: “Вучыцца стоячы, а не се­дзячы”. Уласнае захворванне хвастцовай часткі пазваночніка падштурхнула дзяўчыну задумацца над пастаноўкай канторак у школе. “Канторка выглядае як звычайны пісьмовы стол, які яшчэ ў ХІХ стагоддзі з’яўляўся неад’емнай часткай рабочага кабінета любога пісьменніка, палітыка або вучонага. Школьнікі добра ведаюць партрэт Дзмітрыя Мендзялеева, які так і называецца “За канторкай”. Вучоба стоячы паляпшае не толькі фізічнае здароўе, але і пачуццё каардынацыі і раўнавагі. Вельмі дзіўна, што канторкі зусім не распаўсюджаны зараз, — лічыць Софія. — Ці можа канторка перастаць быць чымсьці дзіўным і незвычайным не толькі для педагогаў, ці магу я як пачынаючы мастак прапанаваць нейкае адметнае рашэнне гэтай праблемы? Мне здаецца, што так. Таму планую распрацаваць каля 5—7 малюнкаў для дызайну канторак. Сёлета я паступіла ў каледж, дзе хутка з’явіцца мая першая аўтарская канторка”.

Выступленні другой пяцёркі пачаў сталічны выпускнік Самуіл Алексін, які 9 гадоў займаецца робататэхнікай. Ён прапанаваў ва­рыянт пераходу ад інфармацыйнай пісьмен­насці да робататэхнічнай, якая становіцца неад’емнай часткай нашага жыцця. “Сёння робаты выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прамысловасці, аэракасмічнай сферы, для работы з радыеактыўнымі рэчывамі, у шахтах і г.д. Таму важна, каб лю­дзі былі тэхнічна адукаванымі і ўмелі працаваць з робатамі будучыні. Вось па гэтай прычыне нам варта было б выву­чаць робататэхніку яшчэ з пачатковых класаў. Малодшыя школьнікі будуць збі­раць прымітыўных робатаў і атрымліваць базавыя ўяўленні, у сярэдніх класах — больш складаных робатаў, самастойна праграмуючы іх. Так дзеці пачнуць ра­зумець іх механіку і атрымаюць асновы праграмавання, — такую ідэю прапанаваў юнак. — Робататэхнікай могуць займацца ўсе — моладзь, падлеткі і нават малыя дзеці, і гэта не проста забаўка, бо нават праводзяцца спаборніцтвы па робататэхніцы”.

Канферэнцыя [email protected] з’яўляецца часткай сусветнага руху TEDx у нашай краіне і была праведзена ў Беларусі другі раз пры падтрымцы сацыяльна-адукацыйнага праекта “Першыя” — конкурсу яскравых неардынарных ідэй пакалення Z, абвешчанага кампаніяй А1 у кастрычніку 2019 года для вучняў 9—11 класаў. На працягу навучальнага года школьнікі распрацоўвалі свае праекты ў чатырохтэматычных кірунках (экалогія, тэхналогіі, інклюзія і культура), паляпшалі навыкі публічнага выступлення, удзельнічаючы ў рэгіянальных крэатонах у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і Гродне, а таксама наведвалі кансультацыі прафесійных экспертаў з розных сфер, якія дзяліліся парадамі па запуску і прэзентацыі праектаў.

Галоўныя мэты ініцыятывы “Першыя” — прыцягненне моладзі да грамадска важных праблем, павышэнне цікавасці навучэнцаў да беларускай мовы і культуры, тэхналагічных інавацый, інклюзіі, экалогіі, укараненне высокатэхналагічных фарматаў навучання.

А вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 12 Віцебска Настасся Кундзір прэзентавала інтэрактыўны сэрвіс, які дапаможа распраца­ваць індывідуальны маршрут па музеях на аснове інтарэсаў кожнага чалавека. “Я задумалася: калі віртуальныя музеі будуць развівацца з такой хуткасцю, як зараз, і людзі пачнуць, не выходзячы з дому, вывучаць су­светнае мастацтва, ці не пераста­нуць яны навед­ваць музеі рэальна? Націсканнем адной кнопкі сёння можна трапіць у самыя знакамітыя музеі і разгледзець любыя экспанаты. Аднак ці не прайграе рэальны аб’ект у канкурэнцыі з віртуальным?.. Рэальныя экскурсіі могуць уздзейнічаць не толькі на зрок, але і на іншыя органы пачуццяў, а экскурсаводы з наведвальнікамі мо­гуць абменьвацца не толькі ведамі, але і эмоцыямі, — адзначыла дзяўчына. — Запускаем дадатак, дзе размешчаны ўсе музеі Беларусі, выбіраем пэўны населены пункт, а далей тэст. На аснове адказаў на яго пытанні і вашых інтарэсаў будзе прапанаваны спіс му­зеяў, якія варта наведаць менавіта вам. Адзначаем упадабанае месца і атрымліваем маршрут, захоўваем яго ў тэлефоне — і можна пачынаць падарожжа ў рэальнасці. Такім чынам у школьнікаў з’явіцца жаданне вяртацца туды, дзе ён ужо быў. Вельмі хочацца, каб мае аднагодкі часцей выбіралі музей для свайго культурнага адпачынку”.

Пераасэнсаваць навуковую спад­чыну Ніколы Тэслы паспрабавала адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 11 Слуцка Лізавета Грынюк. Яна распрацавала канцэпт універсальнай канструкцыі бесправадной зарадкі і прапанавала нам свой вопыт у пытанні самаматывацыі падчас рэалізацыі асабістай задумы. “Ідэі — наш рухавік і энергія. Але як жа знайсці шлях да іх рэалізацыі?.. Мне пашанцавала з настаўнікам фізікі, таму гэты прадмет я вывучала на практыцы, а не па падручніку. Ра­зам мы задумаліся, як стварыць ма­дэль бесправадной зарадкі для электрасамакатаў і веласіпедаў. Прагрэс падводзіць нас да таго, што правады — гэта мінулае. Але пакуль няма іншага больш зручнага спосабу для перадачы электраэнергіі. І неабходнасць кожны раз шукаць зарадку для смартфона вельмі абмяжоўвае магчымасці чалавека. Больш за 100 гадоў назад Нікола Тэсла паказаў, як перадаваць электрычнасць на адлегласць без правадоў, але да гэтага часу інжынеры не здолелі рэалізаваць гэтую вынаходку ў зручных тэхналогіях і з даволі высокай эфектыўнасцю, — патлумачыла дзяўчынка. — Калі ў вас ёсць ідэя, то трэба шукаць магчымасці для яе прэзентацыі. Варта памятаць, што нашы ідэі — гэта нашы ідэі ў закрытым пакоі, і ім неабходна адчыніць дзверы”.

Выпускнік сярэдняй школы № 21 Магілёва Павел Ананіч прапанаваў вяртаць нашым старажытным гарадам страчаныя архітэктурныя шэдэўры з дапамогай тэхналогій дапоўненай рэальнасці: “Часам нашы экскурсаводы расказваюць не пра тое, што ёсць, а пра тое, што было, бо Беларусь страціла большую частку сваіх архітэктурных помнікаў. Уявіць, як некалі выглядала тая ці іншая мясціна, дапаможа тэхналогія дапоўненай рэальнасці. Гуляю па горадзе, бяру свой тэлефон і гля­джу, якім гэтае месца было раней, — гэта AR-тэхналогія. Ці надзяваю акуляры — і вось я ўжо быццам бы гуляю па вуліцы — VR-тэхналогія. Я ўпэўнены, што гэта трэба рабіць. Бо калі ўбачыш старыя вуліцы ў VR ці AR, то потым, гуляючы па сучасных, адчуеш сувязь з гісторыяй. Так дапоўненая рэальнасць падорыць рэальныя ўражанні, пасля якіх немагчыма будзе не ганарыцца гісторыяй сваёй краіны”.

А вось выпускніца Крэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Кацярына Янголь задумалася, як экалогія яе роднага мястэчка звязана з Балтыйскім морам. А яшчэ яна марыць ачысціць бераг мясцовай рачулкі Крыўлянкі, пабудаваць там драўляны памост і право­дзіць танцавальныя майстар-класы пад жывую музыку. “Экалагічны стан Беларусі ўплывае на экалагічны стан мора, а гэта ў сваю чаргу — на экасістэму краін, якія знаходзяцца вакол. Такая ўзаема­залежнасць прымушае нас цікавіцца марской экалогіяй, — патлумачыла яна. — Я ўпэўнена: калі кожны возьме адказнасць за прыроду, то разам мы пераможам і глабальныя праблемы. Калі кожны на сваім месцы ўшануе малое, то разам мы зможам зберагчы вялікае”.


За гэтымі юнымі беларусамі — неабыякавымі, разумнымі, цікаўнымі, дасведчанымі — будучыня нашай краіны. І калі яе будуць ствараць такія юнакі і дзяўчаты, якіх не толькі хвалююць розныя праблемы, а і якія ведаюць, як іх вырашаць крэатыўна, то можна быць упэўненымі: Беларусь будзе квітнець!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.