Юныя лесаманы

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Вучні нашай школы прынялі актыўны ўдзел у міжнародным асветніцкім экалагічным конкурсе “Лесаманія”. Спаборніцтва праходзіла па шэрагу напрамкаў.

Адзінаццацікласнікі правялі для малодшых школьнікаў інтэрактыўны ўрок-казку, які ўключаў паказ слайдаў і расказванне легенды, прысвечанай праблеме знікнення лясоў. Яе сутнасць у наступным. Аднойчы лясныя насельнікі прачнуліся і ўбачылі, што іх лес знік. Звяры і птушкі запанікавалі. І толькі Лось захоўваў спакой у няпростай сітуацыі. Ён правёў даследаванне, каб высветліць, куды падзеўся лес і як яго вярнуць.

Падчас рухавай міні-гульні вучні ўбачылі, як шмат прадукцыі з драўніны яны выкарыстоўваюць у штодзённым жыцці. Лось прапанаваў дзецям стаць яго памочнікамі.

Школьнікі павінны былі высветліць, наколькі разумна людзі выкарыстоўваюць лес і якую ролю ён адыгрывае ў іх жыцці. Дзеці, падзяліўшыся на групы, з дапамогай набору картак стваралі газету, падбіраючы тэматычныя загалоўкі, тэксты і малюнкі.

Падчас выканання задання вучні знаёміліся з наступствамі знікнення лясоў і рыхтавалі тэрміновы выпуск лясной газеты-маланкі, дзе расказалі пра важнасць лесу для ўсіх жывых істот. Гульнявыя карткі і газету дзеці ператварылі ў маляўнічы плакат, які застаўся ў класе і будзе нагадваць усім  пра ролю лясоў і спосабы іх захавання. Урок-казка атрымаўся павучальным, цікавым і захапляючым.

Інтэрактыўны ўрок у 5—11 класах правяла настаўніца біялогіі Г.С.Бунель. Школьнікі атрымалі новыя веды пра лясы і праблему іх знікнення, даведаліся пра спосабы вырашэння гэтай глабальнай экалагічнай праблемы.

Спачатку вучні ўдзельнічалі ў творчай размінцы і стваралі партрэт лесу на аснове сваіх асацыяцый, уяўлялі вобразы тых, чыё жыццё цесна звязана з лесам, і давалі ад іх імя інтэрв’ю, каб лепш зразумець, якую ролю адыгрывае лес для жывых істот.

Дзеці разважалі пра тое, як адаб’ецца знікненне лясоў на жыцці людзей. Прагляд відэаролікаў дапамог высветліць, якія функцыі выконваюць лясы, акрамя таго, што забяспечваюц­ь нас драўнінай і служаць месцам для прагулак.

Вучні разгледзелі паняцце ўстойлівага лесакарыстання, накіраванага на эканамічна і экалагічна правільныя і сацыяльна адказныя адносіны да лясных багаццяў. Падчас чарговага гульнявога задання дзеці шукалі лепшыя рашэнні для ўвасаблення прынцыпаў устойлівага ляснога менеджменту на розных узроўнях: ад урадаў краін да асобнага чалавека. 

Старшакласнікі прымянялі набытыя веды пры выкананні заданняў займальнага квеста. Так, паглядзеўшы а­дзін з прапанаваных фільмаў, вучні пісалі эсэ, стваралі плакаты сацыяльнай рэкламы на тэму “Нам патрэбны лес”, адправіліся ў магазін за таварамі з паперы і дрэва, выраб якіх наносіць меншую шкоду лясам, абменьваліся кнігамі і дарылі іх школьнай бібліятэцы, складалі парады па зберажэнні паперы, збіралі макулатуру.

Выкананыя заданні дзеці паказвалі ў сацыяльных сетках “УКантакце” і Instagram. Гэта спрыяла развіццю навыкаў прэзентацыі матэрыялаў, праектнай і даследчай дзейнасці.

Школа атрымала падзячныя пісьмы ад арганізатараў конкурсу за актыўны ўдзел у ім. Дыпломамі былі адз­начаны адзінаццацікласнікі Ірына Праневіч, Дар’я Кудзін, Карына Пташук, Яна Буйкевіч, Аляксандр Сковыш і Аляксандр Чывель, а таксама пяцікласнікі Назар Варвашэвіч, Наталля Рылко і Настасся Мацюшэнка. Узнагароду атрымала і настаўніца біялогіі Г.С.Бунель. У рэйтынгу удзельнікаў Брэстчыны наша школа заняла 1-е месца.

Галіна БУНЕЛЬ,
настаўніца біялогіі Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М.Г.Мінкевіча Ляхавіцкага раёна.