Юныя майстрыхі

- 11:29Навіны рэгіёнаў

Вытворчая брыгада “Майстрыха”, якая дзейнічае ў сярэдняй школе № 2 Маларыты, зарабіла за мінулы год амаль 4 тысячы рублёў. Атрыманыя грашовыя сродкі пайшлі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі, прэміі выдатнікам вучобы і бясплатныя навагоднія падарункі.

— Першым сур’ёзным заказам для вучнёўскай вытворчай брыгады, створанай 25 гадоў назад, стаў пашыў рукавіц для аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, — расказвае дырэктар школы Л.В.Куц. — Поспех абнадзеіў і падштурхнуў да далейшага развіцця. Вялікая заслуга ў гэтым вопытнага педагога Надзеі Мікалаеўны Шушкевіч, тагачаснага кіраўніка раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў абслуговай працы, якая дала практычныя рэкамендацыі па арганізацыі працоўнага выхавання ў школе.

Сёння ва ўстанове адукацыі дзейнічаюць дзве групы вытворчай брыгады. Дзяўчаты забяспечаны другаснай занятасцю, якая дазваляе з цікавасцю правесці час і набыць пэўныя прафесійныя навыкі, што могуць спатрэбіцца пры выбары далейшага жыццёвага шляху. Школа развівае прафесійны патэнцыял дзяцей, дапамагае ім авалодаць прафесіямі швачкі і закройшчыцы.

У групе вытворчай брыгады, якой кіруе Валянціна Пятроўна Гойка, працуюць вучаніцы 8—10 класаў. Кожную суботу дзяўчаты прыходзяць у школьную майстэрню, дзе займаюцца любімай справай. Другая група арганізавана для адзінаццацікласніц, якія шчыруюць у кабінеце абслуговай працы пад кіраўніцтвам Ірыны Рыгораўны Грыцэвіч.

Своеасаблівым брэндам школьнай швейнай майстэрні ўжо сталі сурвэткі, прыхопкі і коўдры з абрэзкаў тканіны. Акрамя таго, дзяўчаты шыюць рукавіцы, касынкі, фартухі і нарукаўнікі, вырабляюць розныя сувеніры. У пераліку прадукцыі — 167 найменняў. Частку вырабленых тавараў можна ўбачыць на выставе-продажы, арганізаванай на першым паверсе школы.

— Кошт прадукцыі фарміруецца на аснове абгрунтаванай калькуляцыі і вагаецца ад 50 капеек да 50 рублёў, — гаворыць Л.В.Куц. — Неабходную тканіну набываем у Брэсце, а яе абрэзкі нам аддаюць прыватныя фірмы. У нас ёсць пастаянныя заказчыкі, таму прадукцыя не залежваецца. Так, узаемавыгаднае супрацоўніцтва наладжана з раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму, Маларыцкай ПМК-20, ПУП “Савушкіна”, СУП “Хаціслаўскі”, СВК “Дарапеевічы” і інш. Прадукцыю збываем штучна і оптам. Акрамя таго, прымаем спецыяльныя заказы на пашыў, прымеркаваныя, скажам, да 8 Сакавіка і 23 Лютага.

Па словах Л.В.Куц, апошнім часам павялічылася колькасць вучняў, якія хочуць працаваць у вытворчай брыгадзе, асабліва на канікулах. І гэта нядзіўна, бо за сваю работу дзеці атрымліваюць грошы.

Удзельніцы вытворчай брыгады не згодны з тым, што праца швачкі непатрэбная і нецікавая. Уменні ўпраўляцца са швейнай машынкай і шыць розныя рэчы абавязкова спатрэбяцца ў жыцці.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.