Юныя мастакі ўслаўляюць малую радзіму

- 13:25Навіны рэгіёнаў

У Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжы падведзены вынікі адкрытага абласнога конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Квітней, мая Зямля”. Ён быў прымеркаваны да Года малой радзімы.

Конкурс праводзіўся пяты раз. Яго мэты — выяўленне і падтрымка таленавітых дзяцей і моладзі, садзейнічанне развіццю іх творчых здольнасцей і павышэнню ўзроўню мастацкай падрыхтоўкі, а таксама пазіцыянаванне мастацтва праз папулярызацыю і захаванне культурнай спадчыны. Як расказала дырэктар мастацкага каледжа старшыня журы Алена Зейбек, на конкурс даслалі работы, выкананыя навучэнцамі каледжаў і дзіцячых школ мастацтваў Гомельшчыны:

— 164 удзельнікі ва ўзросце ад 6 да 21 года з 20 устаноў адукацыі вобласці даслалі заяўкі на ўдзел у чатырох намінацыях: “Жывапіс”, “Графіка”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” і “Фатаграфія”. Агульнымі крытэрыямі ацэнкі былі майстэрства выканання, колеравае і кампазіцыйнае рашэнне, выразнасць, арыгінальнасць, мастацкі густ, умелае спалучэнне традыцый і наватарства. Работы ўдзельнікаў ацэньваліся па 10-бальнай сістэме. Тэмы: “Я памятаю! Я ганаруся!”, “Беларусь няскораная”, “Кветкі Вялікай Перамогі”, “Квітней, зямля мая” і “Мы — за мірнае дзяцінства!”. Увогуле, гэты конкурс — спосаб прыцягнуць увагу да прыгажосці роднага краю, а таксама да гісторыі Беларусі.

Сярод самых маленькіх адзначаны работы Мар’яны Буяновай і Валерыя Калеснікава з дзіцячай школы мастацтваў № 2 Жлобіна і дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Гомеля. Дарэчы, гэтыя ўстановы падрыхтавалі вучняў, якія сталі пераможцамі ў розных намінацыях.

У групе ад 16 да 21 года заканамерна лідзіруюць прадстаўнікі Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа. Спецыяльныя дыпломы атрымалі Юлія Емцава і Кірыл Вайцянкоў — навучэнцы гомельскай узорнай выяўленчай студыі “Палітра”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.