На “Мураўінай сцяжынцы” сустрэліся юныя пісьменнікі Любаншчыны. Раённы конкурс дзіцячай літаратурнай творчасці пад такой назвай даў магчымасць школьнікам праявіць свае таленты.
Гэты конкурс малады, упершыню быў арганізаваны ў мінулым годзе і вельмі спадабаўся і дзецям, і арганізатарам, таму рашэнне зрабіць яго традыцыйным было заканамерным. Пачаўся конкурс спаборніцтвам на школьным этапе. На завочны этап у раёне былі дасланы 83 работы. Па выніках работы журы конкурсу 16 паэтычных і 7 празаічных твораў выйшлі ў фінал. Школьнікі парадавалі разнастайнасцю жанраў і тэм. Яны стваралі вершы, казкі, апавяданні. Раскрывалі тэму сямейных адносін, расказвалі пра свет сваіх захапленняў, разважалі пра адносіны да ветэранаў, праблему залежнасці ад камп’ютараў і многае іншае.
Фінальнае мерапрыемства прайшло ў Сароцкай сярэдняй школе. З усіх школ раёна сюды прыехалі зацікаўленыя — настаўнікі-філолагі і вучні, якія вырашылі паспрабаваць свае сілы ў конкурсе. Калектыў і вучні Сароцкай школы зрабілі так, каб сустрэча была святочнай і радаснай.
Шаноўным госцем на раённым конкурсе-свяце быў Іван Андрэевіч Муравейка, дзіцячы паэт, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Любані. Імя гэтага паважанага чалавека носіць конкурс. Іван Андрэевіч павіншаваў пачынаючых літаратараў з першымі дасягненнямі на творчым шляху і даў ім пэўныя парады.
Яшчэ адна цікавая сустрэча чакала канкурсантаў. Да іх прыехаў Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду. Уладзімір Сцяпанавіч уручыў спецыяльныя прызы Дзіяне Пыжык, Аляксандру Яфіміку і Яўгену Рэўту. Дарэчы, Яўген — вучань 1 класа і самы малодшы ўдзельнік конкурсу.
На мерапрыемстве былі вызначаны пераможцы конкурсу. У намінацыі “Паэтычныя творы” ў малодшай узроставай катэгорыі, дзе спаборнічалі вучні 1—6 класаў, дыпломам І ступені ўзнагароджана навучэнка 5 класа Рачэнскай сярэдняй школы Аліна Каток. Сярод вучняў 7—11 класаў першае месца заняла Вольга Конева, навучэнка 11 класа гімназіі № 1 Любані. У намінацыі “Празаічныя творы” пераможцай стала Хрысціна Грышчэня, навучэнка 7 класа сярэдняй школы № 1 Любані.
Конкурс “Мураўіная сцяжынка” стаў цудоўным стымулам для творчасці. І ў хуткім часе магчымасці праявіць сябе для школьнікаў пашырацца: было аб’яўлена аб старце фотаконкурсу па матывах твораў Івана Андрэевіча Муравейкі. Правядзенне ягобудзе арганізавана аддзелам адукацыі, спорту і турызму Любанскага райвыканкама і прысвечана 95-годдзю з дня нараджэння знакамітага земляка. А літаратурны дзіцячы конкурс завершаны, але ўжо назначана сустрэча ў наступным годзе.
Дар’я РЭВА.
Фота Уладзіміра ЕЎДАКІМАВА.