Юныя праграмісты з раённай гімназіі

- 12:38Адукацыйная прастора, Рознае

Адзінаццацікласнікі Пётр Дымарчук і Сцяпан Сланеўскі з Маларыцкай раённай гімназіі плануюць стаць праграмістамі. Для ажыццяўлення мары юнакі ўжо не адзін год сур’ёзна працуюць пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі і матэматыкі Ігара Віктаравіча Гардынца.

Карпатлівая праца дае плён. Па выніках мінулагодняй і сёлетняй Абласной алімпіяды па інфарматыцы Пётр і Сцяпан атрымалі дыпломы ІІ ступені, а па выніках сёлетняга заключнага этапу рэспубліканскіх інтэлектуальных спаборніцтваў — дыпломы ІІ і ІІІ ступені адпаведна.

— Пётр і Сцяпан актыўна ўдзельнічаюць і ў дыстанцыйных інтэрнэт-алімпіядах, — расказвае І.В.Гардынец. — Хлопцы паказваюць добрыя вынікі на розных спаборніцтвах па праграмаванні ў Расіі. Акрамя гэтых юнакоў, цікавасць да інтэрнэт-алімпіяд праяўляюць і іншыя вучні. Мэтанакіраваныя дзеці выяўляюцца на падтрымліваючых і стымулюючых занятках, а таксама на занятках у аб’яднанні па інтарэсах “Юны праграміст”. Асноўная ўвага ўдзяляецца развіццю алгарытмічнага, структурнага і эўрыстычнага мыслення. Дзеці не проста назапашваюць неабходныя веды, а развіваюць інтэлектуальныя здольнасці, уменні думаць і разважаць.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.