Юныя ратавальнікі паказалі майстэрства

Абласны злёт юных ратавальнікаў-пажарных прайшоў на Гомельшчыне. Першы дзень юнакі і дзяўчаты спаборнічалі на базе сярэдняй школы № 11 Мазыра, другі — на базе сярэдняй школы № 9 Гомеля.

Дзесяць наймацнейшых каманд з усёй вобласці паказвалі сваё майстэрства. Па традыцыі конкурсную праграму адкрыў агляд строю. Роўных у гэтым конкурсе не было прадстаўнікам з Рэчыцкага раёна. Яны ж хутчэй за ўсіх устанавілі палатку, надзелі баявое адзенне і разгарнулі рукаўную лінію на баявым разгортванні, паказалі лепшыя вынікі ў конкурсе “Знаўцы АБЖ”. Конкурс “Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных — арганізацыя мая” атрымаўся відовішчным і складаным для журы ў выбары пераможца. У заўзятай барацьбе лепшай стала каманда сярэдняй школы № 9 Гомеля, якая таксама хутчэй і правільней за ўсіх аказала першую дапамогу пацярпелым, якія трапілі ў імправізаванае дарожна-транспартнае здарэнне.

Па выніках двух дзён спаборніцтва 3-е агульнакаманднае месца занялі юныя ратавальнікі-пажарныя з Калінкавіцкага раёна, на 2-й пазіцыі — каманда з сярэдняй школы № 9 Гомеля, а пераможцамі абласнога злёту юных ратавальнікаў-пажарных сталі школьнікі з Рэчыцкага раёна. Пераможцы будуць прадстаўляць Гомельшчыну на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія пройдуць у верасні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.