Юныя сябры міліцыі

- 14:24Навіны рэгіёнаў

Больш за 200 падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў прынялі ўдзел у абласным злёце юных сяброў міліцыі.

Спаборніцтвы ўключалі 9 конкурсаў, сярод якіх былі рукапашны бой, прававая падрыхтоўка, аказанне першай даўрачэбнай дапамогі. Усе каманды, у кожную з якіх уваходзіла па 8 удзельнікаў, былі моцнымі, гатовымі да барацьбы маральна і фізічна. Аднак пераможцам злёту ў чарговы, трэці раз, была прызнана каманда гомельскай сярэдняй школы № 25 імя Б.А.Царыкава.

— Да конкурсу мы рыхтаваліся грунтоўна, з пачатку навучальнага года, — расказвае пераможца вучаніца 11 класа Настасся Літошанка. — Гэта дапамагло нам стаць першымі сярод 24 каманд на раённым узроўні, а цяпер мы змаглі абысці ўсіх у вобласці.

Дзяўчына вучыцца ў прававым класе, які ўжо некалькі гадоў працуе ў сярэдняй школе № 25, і плануе паступаць у Акадэмію МУС.

Адміністрацыя школы-пераможцы адзначае, што трымаць першае месца ў гэтым конкурсе ім дапамагае добрая падрыхтоўка, якая была б немагчымай без падтрымкі Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і супрацоўнікаў міліцыі. Амаль палова з вучняў мае сур’ёзны намер звязаць свой лёс з органамі ўнутраных спраў.

Наталля ЛУТЧАНКА.