Юныя тэатралы

- 9:40Сацыяльны ракурс

На Ляхавіччыне вызначылі пераможцаў раённага агляду-конкурсу школьных тэатральных калектываў на замежнай мове. Удзельнікі творчага спаборніцтва паказвалі пастаноўкі на нямецкай і англійскай мовах у трох узроставых групах.

— Педагогі раёна ўдзяляюць вялікую ўвагу развіццю творчых здольнасцей дзяцей, — расказала метадыст Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета В.В.Бецька. — Тэатральнае мастацтва — гэта эфектыўны сродак не толькі актывізацыі творчага патэнцыялу, але і развіцця агульнай культуры асобы, выхавання важных маральных якасцей. Тэатр далучае да агульначалавечых духоўных каштоўнасцей, фарміруе творчыя адносіны да рэчаіснасці, спалучаючы ў сабе літаратуру, жывапіс і музыку. Ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны шмат тэатральных калектываў, якія з’яўляюцца выдатным месцам арганізацыі цікавага адпачынку, фарміравання дысцыпліны і адказнасці, навыкаў публічных выступленняў, самарэалізацыі, пошуку новых сяброў… Сярод сёлетніх пастановак — “Брэменскія музыканты”, “Бураціна”, “Каза-манюка”, “Гары Потэр і вязень Азкабана”…

Дыпломы І ступені атрымалі тэатральныя калектывы гімназіі і сярэдняй школы № 2 Ляхавіч, дыпломы ІІ ступені — калектывы Малагарадзішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, сярэдняй школы № 2 Ляхавіч і Крывошынскай сярэдняй школы імя Г.С.Здановіча, дыпломы ІІІ ступені — калектывы Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М.Г.Мінкевіча і Ліпскай сярэдняй школы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.