Юныя вартавыя

- 11:14Навіны рэгіёнаў

Супрацоўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС у межах рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню” распрацавалі ўнікальную квест-гульню для актыўнага і пазнавальнага адпачынку дзяцей у прышкольных і аздараўленчых лагерах.

Фабула гульні такая: удзельнікі даведваюцца пра легендарную пажарную каманду пад назвай “Вартавыя агню”. Яна валодала ведамі пра тое, як зрабіць увесь свет бяспечным. Аднак нешта адбылося, і пажарную каманду даўно ніхто не бачыў. Дзецям трэба прайсці розныя выпрабаванні, каб знайсці згубленыя веды і зрабіць свет бяспечным. Іх шлях пачынаецца з зашыфраванага фрагмента карты і ляжыць праз лабірынты, вывучэнне азбукі Морзэ, прымяненне ведаў аб правілах карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння і знаёмства з адным з членаў легендарнай пажарнай каманды. На кожным этапе каманда атрымлівае частку карты і, сабраўшы ўсе фрагменты, знаходзіць згубленыя веды пра бяспеку.

Першымі, хто прайшоў усе выпрабаванні квеста, сталі хлопчыкі прышкольнага лагера гімназіі № 58 Гомеля. Дзеці з вялікай цікавасцю разгадвалі галаваломкі, рашалі заданні і папаўнялі свой багаж ведаў у галіне бяспекі жыццядзейнасці. У фінале гульні прыемнымі для ўсіх сталі прызы і падарункі, расказала старшы інспектар сектара ўзаемадзеяння з грамадскасцю цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаема­дзеяння з грамадскасцю Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Хрысціна Філімовіч. Яна адзначыла:

— Квест “Вартавыя агню” ўніверсальны, чым і прываблівае. Для таго каб правесці гульню, трэба толькі адзін вядучы і невялікі набор прадметаў, якія падрыхтавалі ратавальнікі Гомельскай вобласці. 

Ірына АСТАШКЕВІЧ.