Юныя захавальнікі агульнай гісторыі

Каля 500 юнакоў і дзяўчат з грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены вучняў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны” прыехалі ў горад над Бугам, дзе наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” і прынялі ўдзел у мітынгу, прысвечаным абаронцам легендарнай цытадэлі.

—Наведванне Брэсцкай крэпасці — значная падзея ў жыцці кожнага чалавека, бо гэтае месца свяшчэннае для многіх людзей, — звярнуўся да гасцей намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама В.К.Шчэрба. — Цытадэль — гэта сімвал мужнасці і гераізму савецкага народа, які захоўвае трагічныя старонкі агульнай гісторыі Саюзнай дзяржавы. Будзьце дастойнымі памяці герояў няскоранай цытадэлі! 

Вельмі эмацыянальным і пранікнёным атрымаўся зварот да юных патрыётаў ды­рэктара мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Р.Р.Бысюка: “Вы — нашчадкі пераможцаў, тых, хто мужна абараняў Брэсцкую крэ­пасць і чые астанкі пахаваны ў гранітным некропалі мемарыяла, тых, хто набліжаў перамогу ў партызанскіх атрадах і тыле, хто адчайна змагаўся за кожны савецкі горад. Упэўнены, вы свята шануеце памяць салдат, якія падарылі нам мірнае неба над галавой. Хтосьці з вас, кадэтаў, прысвеціць жыццё абароне Радзімы, як прысвяцілі яго ёй нашы продкі”.

— Радзіму трэба абараняць так, як абаранялі яе абаронцы Брэсцкай крэпасці, — адзначыла дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Н.Г.Ануфрыева. 

Школьнікі ўшанавалі мінутай маўчання па­мяць герояў — абаронцаў Брэсцкай крэпасці, усклалі кветкі да Вечнага агню ля манумента “Мужнасць” і прайшліся ўрачыстым маршам уздоўж некропаля, дзе знайшлі вечны спачын 833 чырвонаармейцы, іх родныя і дзеці.

У змене “За гонар Айчыны” ўдзельнічаюць вучні 9—10 класаў устаноў адукацыі кадэцкага тыпу Ра­сіі і кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і школ Беларусі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ваенна-патрыя­тычнага профілю, а таксама аналагічныя вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.