Юныя знаўцы лесу

45 вучняў 7—8 класаў з 15 лепшых школьных лясніцтваў Брэстчыны прынялі ўдзел у абласным злёце юных лесаводаў “Захаваем лясы — зберажом планету”.

Арганізатарамі двухдзённага мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, а таксама Брэсцкае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне.

— Злёт праводзіўся з мэтай фарміравання экалагічнай культуры вучняў, іх ранняй прафарыентацыі, пашырэння і паглыблення ведаў па лясной экалогіі і лесаводстве, развіцця і ўдасканалення дзейнасці школьных лясніцтваў, распаўсюджвання перадавога вопыту іх работы, — расказала загадчыца аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Г.І.Уварава.

Удзельнікі злёту азнаёміліся з выставай “Лес і людзі”, дзейнасцю школьных лясніцтваў Ляснянскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, Лунінскага ясляў-сада — сярэдняй школы Лунінецкага раёна, Сошненскай сярэдняй школы Пінскага раёна, сярэдняй школы № 3 Івацэвіч і Мінянскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна, паспаборнічалі ў конкурсе юных лесаводаў, які складаўся з інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі? у лесе” і практычнага тура “Таямніцы лесу”. Інтэлектуальная гульня закранала пытанні экалогіі, батанікі, лесазнаўства і лесаводства, заалогіі, арніталогіі і энтамалогіі. Практычны тур прадугледжваў праходжанне станцый “Бюро знаходак”, “Лесаабарона”, “Аптэка ў лесе”, “Інструменты і абсталяванне”, “Драўнінна-хмызняковыя пароды” і “Лясное насенняводства”. Акрамя таго, юныя лесаводы пабывалі ў Пятровіцкім лясніцтве Кобрынскага лясгаса, дзе азнаёміліся з яго работай, сучаснымі тэхналогіямі і тэхнічным абсталяваннем па доглядзе лесу, сустрэліся з супрацоўнікамі лясной гаспадаркі, наведалі вальеры з аленямі. Гарадскі ляснічы Брэста А.А.Штык правяла для школьнікаў майстар-клас па маніторынгу стану дрэў.

У конкурсе юных лесаводаў перамаглі Аляксандра Сухарэвіч з Гвозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Маларыцкага раёна, Яна Штоп з Ракітніцкай сярэдняй школы Жабінкаўскага раёна, Яўген Стасюкевіч, Данііл Лойка і Маргарыта Шапавал з Ружанскай сярэдняй школы Пружанскага раёна, Ганна Суханосік з сярэдняй школы № 3 Івацэвіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.