Падведзены вынікі абласнога конкурсу знаўцаў радыёэлектронікі. У спаборніцтве, арганізаваным упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, прынялі ўдзел 13 каманд школьнікаў.
Конкурс праводзіўся з мэтай далучэння вучняў да заняткаў навукова-тэхнічнай творчасцю, навукі і вынаходніцтва, пошуку і падтрымкі маладых талентаў, рэалізацыі іх творчых ідэй, укаранення ў практыку работы ўстаноў адукацыі новых і эфектыўных форм і метадаў развіцця навукова-тэхнічнай творчасці дзяцей.
Сёлета конкурсныя выпрабаванні складаліся з двух тураў — тэарэтычнага і практычнага. Тэарэтычны тур выяўляў веды вучняў па гісторыі і асновах электра-радыётэхнікі, электронікі і радыёаматарскай тэхналогіі. Практычны тур прадугледжваў зборку простай электроннай канструкцыі з прапанаванага камплекта дэталей.
Па рашэнні журы ў асабістым заліку лепшымі аказаліся Канстанцін Цімашэнка з сярэдняй школы № 21 Баранавіч, Георгій Буклага з Кобрынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў і Аляксандр Васько з сярэдняй школы № 7 Брэста. У камандным заліку перамаглі прадстаўнікі Кобрынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, на 2 месцы — вучні сярэдняй школы № 21 Баранавіч, на 3 месцы — выхаванцы сярэдняй школы № 7 Брэста.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.